Тры вялікія справы валанцёраў, за якія мы ім кажам «дзякуй»
5 снежня адзначаецца Дзень валанцёра — дзень, накіраваны на падтрымку і прызнанне тых, хто бескарысліва аказвае дапамогу грамадству. Сёлета беларусы не абмежаваліся выключна сваёй краінай: шмат ініцыятыў былі створаны дзеля дапамогі жыхарам Украіны ды іншых дзяржаў. Вось толькі некаторыя прыклады дзейнасці беларускіх сіл дабра.
![Ілюстрацыйная выява. Створана пры дапамозе штучнага інтэлекту Ілюстрацыйная выява. Створана пры дапамозе штучнага інтэлекту](/img/v1/images/vokladka_32_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйная выява. Створана пры дапамозе штучнага інтэлекту
«Нам не ўсё адно»
29 ліпеня беларускія праваабаронцы і медыі правялі маштабную акцыю па зборы сродкаў для падтрымкі палітвязняў і іх сем'яў. Удзел у мерапрыемстве прынялі палітыкі, вядомыя блогеры, спікеры, музыканты, спартсмены і іншыя грамадскія ды культурныя дзеячы. Да марафону салідарнасці далучыліся таксама былыя палітвязні і сем'і тых, хто зараз знаходзіцца ў палоне рэжыму.
Глядзіце таксама
![Дапамога беларускім палітвязням: Як маштабаваць працэс Правіла 5 еўра. Як можна маштабаваць салідарнасць з палітвязнямі](/img/v1/images/partyzanski_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__22__logo.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Ініцыятаркай падзеі стала прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова. Перад адкрыццём збору яна заявіла, што першапачатковай мэтай марафону з’яўляецца не толькі фінансавая дапамога палітвязням, але і адчуванне салідарнасці ды павагі адно да аднаго. Падчас марафону сума абнаўлялася ў рэжыме рэальнага часу, што стымулявала патэнцыйных удзельнікаў перавесці сродкі на дапамогу. Перавод, дарэчы, было магчыма зрабіць ад аднаго даляра і цалкам ананімна, каб прыцягнуць да валанцёрскай місіі як мага больш беларусаў: ад тых, каму самім патрэбна дапамога, да буйнога бізнесу. З беларускіх банкаўскіх картак данаты не прымаліся: на іх дзеля бяспекі грамадзян была ўсталявана блакіроўка.
![Вынікі марафону «Нам не ўсё адно» Вынікі марафону «Нам не ўсё адно»](/img/v1/images/vyniki_marafonu___nam_ne_usjo_adno__.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вынікі марафону «Нам не ўсё адно»
У выніку валанцёрам «Нам не ўсё адно» атрымалася сабраць больш за 570 тысяч еўра, з якіх 12 тысяч еўра паступілі ў эквіваленце крыптавалютай! Ахвяраванні агулам зрабілі больш за дзевяць тысяч беларусаў, пры чым максімальная сума пераводу склала 10 тысяч еўра, астатнія ж значна меншыя. Зафіксавана, што пераводы на рахунак паступілі з 86 краін свету: лідарамі па інтэнсіўнасці сталі Польшча, Злучаныя Штаты Амерыкі, Літва і Германія.
«43 палітзняволеныя і 137 сем'яў палітвязняў ужо на гэты момант атрымалі дапамогу паводле тых крытэраў, якія былі вызначаны фондавымі арганізацыямі», — заявіла суарганізатарка ініцыятывы Наста Базар.
Грошы падзялілі паміж 13 дабрачыннымі фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія займаюцца дапамогай палітзняволеным, іх сем’ям і былым палітвязням. Сярод іх дабрачынны фонд «Краіна для жыцця», ініцыятыва «BY_help», фонд дапамогі беларусам у Літве «Razam» ды іншыя.
Станам на кастрычнік фонд беларускай салідарнасці BySol выплаціў ужо як мінімум 49 500 еўра са сродкаў, сабраных падчас марафону. Пра выплату дапамогі 99 заяўнікам паведаміў кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак:
«На сённяшні дзень мы выплацілі 99 заявак, якія паступілі да нас пасля абвяшчэння такой магчымасці, як скончыўся марафон салідарнасці. Нагадваю, што BySol з тых грошай, якія былі сабраныя, ужо атрымаў 100 тысяч. Гэтага хопіць на 200 выплат па 500 еўра».
Стрыжак адзначыў, што нягледзячы на велізарны аб’ём данатаў, фіксаваную суму адзінай выплаты фонд вырашыў не змяняць — такім чынам можна будзе дапамагчы большай колькасці пацярпелых ад рэпрэсій рэжыму.
На кліч ахвяраў землятрусу
6 лютага з інтэрвалам у дзевяць гадзін на паўднёвым усходзе Турцыі адбыліся два магутныя землетрасенні. У выніку катаклізмаў у адной толькі Турцыі загінулі 50 500 чалавек і больш за 107 тысяч пацярпелі. Землятрус знішчыў каля чатырох мільёнаў будынкаў і звычайны быт мільёнаў людзей.
8 лютага прадстаўнікі амбасады Турцыі праз свой сайт папрасілі беларусаў і туркаў Беларусі дапамагчы людзям, якія пацярпелі ад магутнага землятрусу магнітудай 7,8 балаў.
Апроч таго, што на завалах працавала вялізная колькасць ратавальнікаў, ахвярам катастрофы былі неабходныя базавыя паўсядзённыя рэчы і інвентар для выжывання. У сувязі з гэтым амбасада Турцыі абвясціла збор гуманітарнай дапамогі: у асаблівасці былі патрэбныя намёты, спальныя мяшкі, электрагенератары, коўдры і падушкі.
На заклік адгукнулася шмат людзей, якія за два дні сабралі спіс рэчаў амаль з 30 пунктаў. Больш за ўсё беларусы дапамагалі ежай працяглага захоўвання і цёплым адзеннем.
![МНС Беларусі на ліквідацыі наступстваў землятрусу ў Турцыі МНС Беларусі на ліквідацыі наступстваў землятрусу ў Турцыі](/img/v1/images/mns_belarusi_na_likvidacyi_nastupstvau_zemljatrusu_u_turcyi.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
МНС Беларусі на ліквідацыі наступстваў землятрусу ў Турцыі
Цікава, што рэжым таксама адгукнуўся на просьбу аб дапамозе Турцыі і адправіў у краіну дзве групы атраду спецпрызначэння «ЗУБР» МНС для правядзення пошукава-выратавальных работ. Па прыбыцці на месца катастрофы ратавальнікі арганізавалі лагер і пачалі ліквідацыю наступстваў землетрасення. Беларусы прывезлі з сабой бензарэзы, пілы, эндаскопы і абсталяванне, якое неабходна для вымання людзей з-пад завалаў і жыццезабеспячэння пацярпелых ды ратавальнікаў.
Дапамога Украіне і беларусам Украіны
На пачатку чэрвеня офіс Святланы Ціханоўскай разам з МЗС Германіі перадалі пяць пікапаў беларускім добраахвотнікам з палка імя Кастуся Каліноўскага. Пра гэта ў Твітары (цяпер X) напісаў упаўнаважаны МЗС Германіі па краінах Цэнтральнай Азіі, Усходняй Еўропы і Каўказа Матыяс Люттэнберг:
«Міжнародная салідарнасць з Украінай: беларускія валанцёры падтрымліваюць украінскія сілы ў абароне ад расійскай агрэсіўнай вайны», — дадаў нямецкі дыпламат. Акрамя таго, Люттэнберг назваў супрацоўніцтва з беларускімі валанцёрамі выдатным.
Каманда Святланы Ціханоўскай выказала словы падзякі Міністэрству замежных спраў Германіі за прыняцце ды падтрымку свайго запыту аб дапамозе беларускім добраахвотнікам, што змагаюцца з расійскімі агрэсарамі ва Украіне.
![Пікапы для палка Каліноўскага. Фота тг-канал Святланы Ціханоўскай» Пікапы для палка Каліноўскага. Фота тг-канал Святланы Ціханоўскай»](/img/v1/images/pikapy_dlja_palka_kalinouskaha._fota_svjatlany_cihanouskaj_.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пікапы для палка Каліноўскага. Фота тг-канал Святланы Ціханоўскай»
У лістападзе ва Украіну прыбыў гуманітарны канвой, арганізацыяй якога займаўся беларуска-ўкраінскі валанцёрскі цэнтр «Сустрэча». Беларусы даставілі ва Украіну гуманітарную дапамогу і пяць аўтамабіляў, у тым ліку адзін рэанімабіль. Неабходныя транспартныя сродкі перадалі беларускім і ўкраінскім падраздзяленням у складзе Узброеных сіл Украіны.
![Гуманітарная дапамога ад валанцёрскага цэнтра «Сустрэча» Гуманітарная дапамога ад валанцёрскага цэнтра «Сустрэча»](/img/v1/images/humanitarnaja_dapamoha_ad_valancjorskaha_centra___sustrecza__.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гуманітарная дапамога ад валанцёрскага цэнтра «Сустрэча»
Адзін з удзельнікаў канвою, кіраўнік місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько заявіў:
«Дапамога беларускім добраахвотнікам і Украіне — гэта тое, што аб'ядноўвае беларусаў з самымі рознымі палітычнымі поглядамі, бо перамога Украіны — важны, неабходны складнік для нашай уласнай перамогі».
Акрамя таго, напярэдадні святаў дабрачынцы разам з беларускім добраахвотнікам з батальёна «Волат» наведалі дзіцячы дом у Кіраваградскай вобласці і перадалі дзецям сродкі асабістай гігіены, адзенне, садавіну і прысмакі. Яны расказалі дзеткам пра беларусаў, разам малявалі плакаты і весяліліся. Як адзначаюць валанцёры, украінскія дзеці і персанал пажадалі нашай краіне хутчэй стаць свабоднай і падзякавалі ўсім беларусам за дапамогу і падтрымку.
![Валанцёры «Сустрэчы» ў дзіцячым доме Валанцёры «Сустрэчы» ў дзіцячым доме](/img/v1/images/valancjory___sustreczy___u_dzicjaczym_dome.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Валанцёры «Сустрэчы» ў дзіцячым доме
Цяпер хаб «Сустрэча» разам з хабам «Новая зямля» распачалі ў Кіеве новую гуманітарную місію напярэдадні Калядаў і Новага года. У прыфрантавыя гарады Украіны неабходна ежа з вялікім тэрмінам захоўвання, а таксама падарункавыя наборы да Калядаў для дзяцей, чые бацькі загінулі ў вайне ва Украіне.
У Польшчы да 24 снежня можна пакінуць свой падарунак і па жаданні падпісаць яго добрымі словамі: беларускі хаб «Новая Зямля», ul. Kard. Stefana Wyszyńskiego, 6A, Białystok.
Калі вы знаходзіцеся па-за межамі Беларусі і жадаеце дапамагчы валанцёрскаму цэнтру ці прыняць удзел у гуманітарнай місіі, звяртайцеся праз Telegram-бот «Сустрэчы» @sustrecha_admin. Арганізатары гарантуюць ананімнасць.
Пералічанае — гэта толькі маленькая кропля крыві, якая спрыяе рабоце вялізнага арганізма з назвай «беларуская салідарнасць». «Новы Час» выказвае словы падзякі валанцёрам за іх кожны, нават самы маленькі ўчынак, бо і ён — вялікі подзвіг.