«У 2020-м такога не было!». Выйшла на волю палачанка, якая адносіла ўладам зварот прадпрымальнікаў
У канцы лістапада на волю выйшла прадпрымальніца з Полацка Таццяна Шостак, якую затрымалі, калі яна збіралася з калегамі несці зварот у райвыканкам. Жанчына адседзела 30 сутак, выйшла на волю і ўжо вярнулася на працу, паведамілі «Л*стэрку» блізкія знаёмыя сям'і. Яны расказалі журналістам, як Таццяна адбывала свой адміністрацыйны арышт.

З самой Таццянай пагаварыць не ўдалося, пра ўмовы, у якіх
яна правяла 30 сутак, расказвае знаёмы яе сям'і — Арцём (імя змененае з
меркаванняў бяспекі).
«Ці падпісваеце пратакол, ці напішам, што аказвалі супраціў,
сарвалі пагон і плюнулі ў твар супрацоўніку»
Таццяну Шостак затрымалі ў канцы кастрычніка, калі яна збіралася з калегамі-прадпрымальнікамі несці ў райвыканкам калектыўны зварот з просьбай, каб улады расказалі, як бізнесу працаваць у новых умовах або закрыць сваю справу. Жанчыне тады далі 30 сутак за аватарку ў сацсетках, а сам дакумент з подпісамі канфіскавалі. Арцём расказвае, што яе асудзілі па двух адміністрацыйных артыкулах — за аватарку і «нейкую праграму», якую нібыта знайшлі ў яе тэлефоне:
— Таня казала, што ніякай такой праграмы ў яе там не было,
але ёй сказалі: «Ці падпісваеце тое, што мы ў пратаколе ўказалі, ці напішам,
што вы аказвалі супраціў, сарвалі пагон, плюнулі супрацоўніку ў твар, і вам
будзе пагражаць да двух гадоў». Вы самі разумееце, выбар паміж 30 суткамі і двума
гадамі відавочны, таму пад ціскам яна ўсё падпісала.
Супрацоўнікі КДБ з ёй праводзілі гутарку. Прынеслі справу,
Таня казала, сантыметраў на восем таўшчынёй. Яна ж заўсёды была актыўная —
можа, усе гады збіралі на яе, дзе і ў чым удзельнічала. Але падрабязнасці, пра
што менавіта яны яе распытвалі, я не ўдакладняў.
Адразу пасля затрымання жанчына знаходзілася ў полацкім ІЧУ.
Калі адбыўся суд, яе перавялі ў віцебскае СІЗА, куды з райцэнтра адпраўляюць
адбываць пакаранне «парушальнікаў» па адміністрацыйных артыкулах.
— Расказвала, што ў яе часта мяняліся суседкі па камеры. І
людзей кідаюць з камеры ў камеру. Сядзелі з ёй арыштаваныя па розных артыкулах.
Неяк на калідоры яна бачыла Вольгу Брыцікаву, — пераказвае мужчына.

«Паднялі дупы, прыбралі матрацы, селі на жалеза і сядзіце»
Таццяна расказвала, што палітычных у СІЗА па-ранейшаму будзяць некалькі разоў ноччу, а днём не дазваляюць карыстацца матрацамі і коўдрамі.
— Ветліва з імі, вядома, ніхто не размаўляў — усё
па-блатному: «Паднялі дупы, прыбралі матрацы, селі на жалеза і сядзіце!» Таня
казала, неяк у яе схапіла спіну, яны адразу здзекліва: «Ой, Шостак, а што гэта
з вамі — захварэлі? — Не дачакаецеся. — А, ну-ну. Будзем задзірацца?!». У такім
духу ідзе размова.
Наколькі ў камерах цёпла ці холадна, я не ведаю, але Таня
сама па сабе цеплалюбівая, нават дома, калі мы прыходзілі да іх у госці,
заўсёды была цёпла апранутая. Таму там яна ўвесь час спала ў цёплым спартыўным
касцюме і пухавіку, які ёй змог перадаць муж. Хоць капюшон ноччу ёй надзяваць
не давалі — спі са святлом.
Таксама, са словаў знаёмага, Таццяне не аддавалі перадачы ад
родных, нават медыкаменты, якія прынёс муж. А пасля выхаду з СІЗА ёй вярнулі не
ўсе асабістыя рэчы, якія былі ў гэтых перадачах:
— Ведаю, што ёй адпраўлялі дзве пасылкі, і адна з іх наогул
не дайшла — дзесьці знікла. А перадачы прыносяць як: у спісе, напрыклад, 14
пазіцый, а выдаюць толькі чатыры. І кажуць: «Падпісвай ці наогул нічога не
атрымаеш». Таня расказвала, што ёй аддалі прадметы асабістай гігіены — мыла і
шампунь, зубная шчотка і паста ў яе былі. Медыкаменты, сказалі, на патрабаванне
будуць выдаваць. Але як ты іх папросіш, калі табе кажуць, што нічога няма?

«Чаму я павінная з’язджаць? Я тут жыву»
Прадпрымальніца выйшла на волю 25 лістапада. Наш суразмоўца расказвае, што жанчына стойка перанесла адміністрацыйны арышт. Цяпер яна ўжо вярнулася на працу і займаецца хатнімі справамі.
— Таня — кандыдат у майстры спорту па лыжах, фізічна моцны
чалавек. Вядома, псіхалагічна затрыманне і гэта ўсё даецца ў знакі, але Таня —
баец, зламаць яе цяжка, — тлумачыць Арцём і дадае, што цяпер жанчыну пазнаюць у
ГЦ, дзе яна працуе. — Разумееце, у нас жа горад невялікі, іх сям’я ўсё жыццё з
дробным бізнесам звязаная, таму Таню яшчэ да затрымання і артыкулаў пра яе
многія ведалі. Ну, а цяпер часта людзі спыняюцца, хтосьці абдыме, падтрымае. Я
пытаўся, ці збіраецца яна з’язджаць, адказ быў просты: «Чаму я павінная
з’язджаць?! Я тут жыву». У Танінай мамы яшчэ мама ў бальніцы — клопатаў у іх
цяпер шмат.
Таня казала, што яе здзівіла, які цяпер вал прэсінгу — можа,
і ў 2020-м такога не было, як цяпер! Людзей прывозілі пастаянна. Тыя
расказвалі, што сілавікі маглі зайсці ў арганізацыю, сабраць ва ўсіх тэлефоны і
праверыць. Калі ў кагосьці нешта знайшлі — адразу забіраюць, праз дзве гадзіны
суд і на «суткі». Некаторыя як былі ў спадніцы і блузачцы ў офісе за камп’ютарам,
так і прыязджалі ў ІЧУ або СІЗА, — пераказвае Арцём словы Таццяны. — І вы
ведаеце, у маіх сяброў, у якіх ёсць свая грамадзянская пазіцыя, і ў мяне ў тым
ліку на ўсялякі выпадак дома стаіць сабраны пакет з цёплымі рэчамі. Каб, калі
раптам прыйдуць, пакет у рукі — і паехаў. Вось так мы цяпер жывём.