У Брэсце адзначылі 607 угодкі Грунвальду
Прадстаўнікі грамадскасці Брэста адзначылі гадавіну Грунвальскай бітвы ля помніка Тысячагоддзя і прапануюць адрадзіць у Берасці правядзенне сярэднявечных фэстаў.
Сацыял-дэмакраты, прадстаўнікі АГП, актывісты кампаніі «За наш горад», прадстаўнікі грамадскасці правялі сімвалічную акцыю ля помніка тысячагоддзя Брэста ў гонар перамогі саюзных войскаў Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства ў вырашальнай бітве Вялікай вайны супраць Тэўтонскага ордэна бітвы пад Грунвальдам. Пра гэта распавядае прэс-служба кампаніі «За наш горад».
«Наш мэта нагадаць грамадскасці, уладам горада, што ў гісторыі нашай краіны і горада ёсць дастаткова значных гістарычных падзей, якія носяць пазітыўны характар і станоўча ўспрымаюцца абсалютнай большасцю грамадзян. Адна з такіх — Грунвальдская бітва. У гэтай гістарычнай падзее для ўсёй Еўропы прымала ўдзел і берасцейская харугва. У гэтай бітве мы перамаглі, і палітычная карта Вялікага княства Літоўскага набыла новыя абрысы: павялічыўшы памеры нашай дзяржавы», — каментуе вынікі культурна-гістарычнай акцыі старшыня Брэсцкай гарадской арганізацыі БСДП, кіраўнік арганізацыі «РОЎНАСЦЬіСПРАВЯДЛІВАСЦЬ» Ганна Канюс.
Падчас акцыі актывісты раздавалі спецыяльны выпуск бюлетэня «За наш горад», які прысвечаны Грунвальдскай бітве, а для гасцей горада рабілі кароткі экскурс у гістарычнае мінулае Брэста.
«На практыцы атрымліваецца, што ўся гісторыя Брэста пачынаецца з 1941 года. Мы робім рэканструкцыю пачатку вайны 1941 гады, праводзім фэсты да гэтай даты і г.д. У той жа час горад рыхтавацца адзначыць сваё тысячагоддзе. У бліжэйшы час мы накіруем мясцовым органам улады прапановы па правядзенню ў горадзе сярэднявечных фэстаў з рыцарскімі турнірамі. Такія мерапрыемствы заўсёды з'яўляюцца відовішчнымі і масавымі. Яны збіраюць тысячы ўдзельнікаў і гледачоў, уключаючы замежных турыстаў. Правядзенне падобных фестываляў у нашым горадзе будзе не толькі нагадваць нам пра наша легендарнае мінулае, выхоўваць патрыятызм, стымуляваць моладзь да вывучэння ўласнай гісторыі, але і прынясе добрыя інвестыцыі ў развіццё горада», — каментуе ініцыятывы грамадскасці кіраўнік арганізацыі «За свой горад» Ігар Маслоўскі.
Фота прэс-службы