У Брэсце бацькі адлічанага за акцыю студэнта падалі ў суд на ВНУ. Як вырашылася спрэчка?

12 студзеня суд Маскоўскага раёна Брэста абвясціў пастанову аб пазове бацькоў адлічанага пасля акцыі салідарнасці экс-студэнта Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Міхаіла Якушэвіча. Яны патрабавалі прызнаць загад рэктара аб адлічэнні незаконным.

brgtu_dokladnaya_zapiska_2020_2.jpg

У задавальненні іскавых патрабаванні бацькоў суд адмовіў. Загад рэктара БрДТУ аб адлічэнні пакінулі ў сіле, але рашэнне яшчэ можа быць абскарджана, паведамляе tut.by.

Сам экс-студэнт на пасяджэннях не прысутнічаў. Пасля адлічэння ён з'ехаў у Польшчу. Цяпер ён вучыцца на моўных курсах у Варшаве. Праз паўгода ён працягне навучанне па сваёй спецыяльнасці ў адной з польскіх ВНУ.

«Не спрацуемся»

Нагадаем, Міхаіл Якушэвіч навучаўся ў БрДТУ з 1 верасня 2018 года на платнай аснове. Адукацыю хлопец атрымліваў па спецыяльнасці «штучны інтэлект». Загадам рэктара ад 28 кастрычніка 2020 года яго адлічылі з трэцяга курсу за «сістэматычнае парушэнне правілаў унутранага распарадку». Падставай стала студэнцкая несанкцыянаваная акцыя салідарнасці, якая прайшла ў фае ўніверсітэта 26 кастрычніка.

— 26.10.2020 года істцом былі здзейсненыя адначасова два парушэнні, прадугледжаныя дагаворам і правіламі ўнутранага распарадку навучэнцаў. Па-першае, пазоўнік разам з групай студэнтаў прымаў удзел у масавым мерапрыемстве ў фае галоўнага корпуса універсітэта, што пацвярджаецца дакладной запіскай прарэктара па выхаваўчай працы Ялавай. ( ... ) Па-другое, у гэты ж дзень у гэты ж час у пазоўніка [маецца на ўвазе студэнт] павінна была быць лекцыя ў загадчыка кафедры інтэлектуальных інфармацыйных тэхналогій Галаўко, які ў сувязі з пропускам істцом дадзенага занятку напісаў дакладную запіску. У сваёй тлумачальнай пазоўнік фактычна пацвярджае здзяйсненне гэтых парушэнняў, паказваючы, што прапусціў вучэбны занятак, бо знаходзіўся са студэнтамі ў холе галоўнага корпуса, — паведаміла падчас папярэдняга пасяджэння, якое прайшло 14 снежня, прадстаўнік ВНУ.

Пасля першай дакладной запіскі Міхаілу Якушэвічу зрабілі вымову, пасля другой — адлічылі «за сістэматычнае парушэнне патрабаванняў дамовы аб падрыхтоўцы спецыяліста з вышэйшай адукацыяй і Кодэкса аб адукацыі».

Адвакат сям'і Святлана Моніч на асноўным пасяджэнні 11 студзеня падкрэсліла, што за час вучобы да 26 кастрычніка 2020 года Міхаіл Якушэвіч не меў ні пропускаў без уважлівай прычыны, ні дысцыплінарных спагнанняў, падчас несанкцыянаванага мерапрыемства сапраўды знаходзіўся сярод студэнтаў з плакатамі, але сам плакатаў не трымаў і лозунгаў не выкрыкваў. Акрамя таго, спасылалася на артыкул 128 «Кодэкса аб адукацыі», Моніч настойвала, што нельга накласці дзве меры дысцыплінарнага спагнання за ўдзел у страйку і пропуск пары, учыненыя ў адзін дзень, і рабіла выснову, што яе кліента за адну правіну пакаралі двойчы, а гэта незаконна.

Пра гэта казалі і запрошаныя ў якасці сведкаў з боку істца ўжо былыя юрысты ВНУ Таццяна Крывушчанка і Вольга Аўдзяйчук. У судзе яны распавялі пра тое, што, калі ім у аддзел прынеслі на подпіс загад аб адлічэнні, спачатку Аўдзяйчук, якая выконвала абавязкі начальніка юраддзела на час адпачынку Крывушчанкі, а потым і Крывушчанка, якая вярнулася на працу, не пагадзіліся ставіць свой подпіс пад дакументам. На іх думку, загад быў складзены з парушэннем закона аб адукацыі — студэнта адлічвалі за тое, за што ўжо вынеслі вымову. Па словах жанчын, пасля гэтага іх абодвух выклікаў рэктар Аляксандр Бахановіч, сказаў, што «не спрацуемся», і таму прапанаваў звольніцца. Аўдзяйчук і Крывушчанка напісалі заявы.

Уладзіміра Галаўко, які падпісаў другую дакладную запіску, запрашалі ў суд у якасці сведкі. Аднак калі да яго дайшла чарга (меркавалася, што ён будзе адказваць таксама па Viber), аказалася, што звязацца з ім немагчыма — званкі ў месенджары ён скідаў, на паведамленні не адказваў.

Пасля абеду праз судовага сакратара ўдалося звязацца з загадчыкам кафедры. Аднак ён заявіў, што даваць паказанні не будзе — спачатку матываваў гэта «сямейнымі абставінамі», а пасля ўдакладняючага пытання адваката сказаў, што перадумаў.

«Запіска згубілася ў дэканаце»

Прарэктар па выхаваўчай працы Наталля Ялавая, якая падавала першую дакладную запіску на адлічэнне, выступіла ў судзе ў якасці сведкі на баку адказчыка. Перш за ўсё яна сказала, што Міхаіл Якушэвіч удзельнічаў не толькі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 26 кастрычніка, але і стаяў у ланцугу салідарнасці перад ВНУ 6-7 верасня, быў на сустрэчы студэнтаў БрДТУ з пракурорам, а пазней — з прадстаўніком Маскоўскага РАУС.

Падчас страйку 26 кастрычніка пасля доўгіх угавораў разысціся Ялавая з калегамі «перад вялікай пераменай з цяжкасцю адвялі» студэнтаў у аўдыторыю, а на наступны дзень Наталля Пятроўна напісала дакладную запіску на імя рэктара з прозвішчамі студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі.

На пытанне аб тым, чаму прозвішча Якушэвіча было ўнесенае апошнім і ад рукі, прарэктар адказала, што Якушэвіча ідэнтыфікавалі не адразу: на фота ў асабістай справе ён без акуляраў, падчас акцыі быў у акулярах.

Адвакат і бацька адлічанага студэнта пацікавіліся ў Ялавай, чаму бацькам, нягледзячы на абяцанне паказаць ім усе матэрыялы, якія маюць адносіны да адлічэння сына, дакладную запіску Галаўко ў ВНУ так і не падалі — бо менавіта яна паслужыла, мяркуючы па словах прадстаўнікоў навучальнай установы, падставай для адлічэнні.

 «Можа быць, запіска згубілася ў дэканаце», — выказала здагадку Яловая.