У электрычках перасталі абвяшчаць прыпынкі па-беларуску. Інфаказачка Бондарава радуецца

Паводле слоў пасажыраў, беларускамоўныя абвесткі ў маладзечанскіх электрычках не чуваць з тыдзень. З прыёмнікаў у вагонах гучыць толькі руская мова, піша «Наша Ніва».

czyhunka__elektryczka_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo_1_logo.jpg.webp

«Спачатку думаў, што нешта зламалася, а потым машыніст сказаў, што так трэба. Нібы загадалі часова не ўключаць беларускую мову», — расказаў жыхар райцэнтра, які рэгулярна ездзіць з Маладзечна ў прыгарадны пасёлак на дачу.

Знікненне беларускай мовы з цягнікоў на гэтым кірунку згадала і прарасійская актывістка Вольга Бондарава.

«О, цуд! У маладзечанскай электрычцы зрабілі аб'явы на рускай!» — натхнёна напісала інфаказачка ў сваім тэлеграм-канале.

У кіраўніцтве станцыі Маладзечна пасажырам не змаглі назваць прычыны знікнення з электрычак абвестак на беларускай мове. Супрацоўнік адміністрацыі параіў пазваніць у мінскае «Маторавагоннае дэпо», да якога прыпісаны маладзечанскія электрычкі, і высветліць там, што здарылася з моўным інфарматарам. Паводле слоў выдання, інфарматар мог зламацца.

У дэпо пытанню здзівіліся і паабяцалі разабрацца.

У Мінскім аддзяленні чыгункі заявілі: калі беларуская мова і знікла, то «чыста часова». «А так усе абвесткі гучаць на беларускай мове. Як было, так і засталося. Можа, сістэма зламалася. У дэпо адрамантуюць», — запэўніў супрацоўнік Мінскага аддзялення чыгункі.

У маладзечанскіх электрычках і дызелях абвесткі пачалі агучваць па-беларуску з 2016 года. Згодна з распараджэннем намесніка начальніка Беларускай чыгункі Уладзіміра Балахонава, памочнікі машыніста павінны абвяшчаць станцыі і дадатковую інфармацыю на беларускай мове.


Глядзіце таксама

Восем гадоў таму на станцыі Маладзечна было перакладзена каля 20 інфармацыйных тэкстаў. Акрамя іх, па-беларуску рабіліся некаторыя сезонныя абвесткі. Пазней іх сталі агучваць у запісаным выглядзе.

Як згадваюць пасажыры, да беларускай мовы яны прызвычаіліся дужа хутка. Калі яна знікала, то патрабавалі ад машыніста вярнуць яе ў вагоны.

Маладзечна адметны тым, што ў пачатку 1990-х гадоў тут адбылася найбуйнейшая ў Беларусі кампанія дэсаветызацыі гарадской тапанімікі. Савецкія назвы вуліц прыбіраліся з ініцыятывы старшыні гарвыканкама Генадзя Карпенкі.

Што да іншых рэгіёнаў Беларусі, то абвесткі па-беларуску ў электрычках і дызелях не адключалі. Праблем няма і з друкам квіткоў на беларускай мове. Праўда, каб мець такі квіток, трэба нагадаць касірцы, каб прабіла яго.