Руся: «Беларусы — не такія інфантыльныя і мяккія, як некаторыя пра нас кажуць»
Спявачка, вакалістка гурта Shuma, «голас» мінскага вакзалу і вакальная іміджмэйкерка цяпер жыве ў Польшчы. У размове з DW у Мюнхене яна распавяла, як выехала з краіны дзякуючы «КДБ-анёлам», і пра тое, што беларусы — не такія інфантыльныя і мяккія, як некаторыя пра нас кажуць.
«Ён называўся Сашам і час ад часу тэлефанаваў»
— Я з'ехала з Беларусі ў 2020 годзе, калі ўжо пачалася моцная заварушка. У Беларусі ёсць так званыя «КДБ-анёлы», гэта фанаты нейкіх артыстаў, якія прытрымліваюць інфармацыю наверх. Адзін з такіх «КДБ-анёлаў» пазваніў мне і кажа: «Руся, калі ты хочаш з'язджаць, то вось, 24 гадзіны, я табе перадаю». Нават не ведаеш, хто звоніць, але ён заўсёды называўся Сашам і час ад часу тэлефанаваў: «На гэты фестываль лепей не ехаць, тут патрымайце тры дні, пакуль не перасякайце мяжу». І вось гэты КДБ-анёл пазваніў і сказаў, што трэба ехаць.
У мяне з краінаў была Украіна, Грузія, цяпер я жыву ў Польшчы, і Польшча прапанавала мне статус палітычнага ўцекача - мне і майму дзіцёнку.
— Ты застаешся ў Польшчы? Краіну мяняць больш не будзеш?
— Два гады я маю там сіні жэнеўскі пашпарт і від на жыхарства. І два гады я буду дакладна ў Польшчы. Мая дачка там пайшла ў садок, плануе пайсці ў школу. Мой беларускі пашпарт і пашпарт дачкі хутка скончацца, я не ведаю, як мы будзем жыць далей. Пакуль што на два гады гэтае пытанне закрытае.
— У цябе бываюць часы, калі ты не адчуваеш энергіі?
— Бываюць, канешне. Бываюць такія раніцы, калі я прачынаюся і думаю: «Божухна, што рабіць, можа, ужо дзіцёнка каму падарыць ды рукі на сябе накласці?» (смяецца - Рэд.) Жыццё сола-маці складанае. У мяне ёсць бізнес, праца, культурныя праекты, прыватнае жыццё, дачка, пытанне легалізацыі... Бывае, што і прыцісне. Але я здольная вельмі хутка збірацца, у мяне ў псіхіцы ёсць такі навык: я вельмі хутка магу зрабіць — кажучы мовай НЛП — пазітыўны рэфрэймінг. З цытрыны зрабіць ліманадзік, як кажуць. Што б ні было, я заўсёды маю здольнасць бачыць светлы бок нават самай драматычнай сітуацыі. Гэта мая моц.
«Беларусы здольныя вытрымліваць дарослы кантакт»
— Што для цябе беларуская мова?
— Гэта таксама частка маёй ідэнтычнасці, частка асобы. Я люблю казаць пра тое, што, когда я говорю по-русски, я звучу для себя так остренько, я такая дистанционная, холодная для себя. Калі я гавару па-беларуску, у мяне нават вусны і язык рухаюцца па-іншаму, і для мяне гэта вельмі салодкая мова, я з вялікай асалодай гавару па-беларуску. Гэта частка мяне, майго гучання, маёй ідэнтычнасці, самапрэзентацыі.
І таксама я вельмі люблю і шаную беларускую мову не толькі з-за таго, што гэта мова продкаў, мая сувязь з беларускасцю, але для мяне яна такая вельмі прыемная, выкшталцоная фішка. Я люблю ў сабе гэтую здольнасць пераключацца паміж рознымі мовамі.
— З дачкой ты таксама размаўляеш на беларускай мове?
— З дачкой мы размаўляем на розных мовах, бо першыя чатыры гады мне дапамагала гадаваць яе маці. Мая маці - савецкая жанчына, расейскамоўная. У нас увогуле няма беларускай крыві ў сям'і. Таму дачка большую частку часу гаворыць па-расейску, але яна спявае традыцыйныя спевы, калыханкі. Мы робім з ёй дні або хвілінкі-гадзіны беларускай мовы. У яе цяпер беларускамоўная няня, таксама журналістка, нашая палітычная эмігрантка. І частка майго асяроддзя з ёй гаворыць. Так што яна білінгва, і вось цяпер ужо пакрысе размаўляе на польскай мове.
— Мовы накладваюць на народ нейкі асабісты характар?
— Я лічу, што гэта ўзаемны працэс: і мова накладае на чалавека, і чалавек накладае на мову. Калі разглядаць беларускую мову з пункту гледжання вакальнай тэрапіі, то можна сказаць, што мы запаволеныя, назіраючыя — як будысты. [...] Нашая прырода вельмі мілагучная, чуллівая, спакойная. Таму я лічу, што мы, беларусы, — дзэн-будысты, якія заўсёды крыху ў знешнім свеце, крыху ў сабе.
І калі гаварыць праз прызму вакальнай тэрапіі пра традыцыйныя спевы, таксама на канцэртах я гэта падкрэсліваю, наша фішка — гэта шматгалоссе і ўзаемнае пранікненне мелодый. Гэта кажа пра тое, што мы здольныя будаваць і вытрымліваць дарослы кантакт. Мы не такія інфантыльныя і мяккія і «терпилы», як некаторыя пра нас кажуць. Гэта не млявасць, а дарослы спакой, дарослая цвярозасць.
«Успрымаю жанчын як вялікае сястрынскае кола»
— Ва ўсіх інтэрв'ю ты заяўляеш, што ты феміністка. Што для цябе фемінізм?
— Адмаўленне ад наратыву гаспадара: што нехта вышэйшы за кагосьці, нехта кіруе кімсьці. Роўныя адносіны.
— Фемінізм — гэта яшчэ пра жаночую салідарнасць. Што для цябе жаночая салідарнасць?
— Гэта адмова ад двух рэчаў: канкурэнцыі і мізагіннасці, то-бок нянавісці адна да адной, бо наша савецкая культура, на жаль, вучыць так: жаночае сяброўства — не, не бывае, заўсёды будзь асцярожная, сяброўка ўвядзе твайго мужыка. Мы ўсе знаёмыя з гэтымі пасланнямі. Але я за тое, каб жанчыны не канкуравалі, і ўвогуле я ўспрымаю жанчын як вялікае сястрынскае кола.
І ў сваім жыцці я не магу сказаць, што з некім адчуваю канкурэнцыю ці нейкую зайздрасць, нянавісць. Не, у мяне з жанчынамі вельмі добрыя стасункі. Я магу сябраваць з жанчынамі, я гэта ўмею, люблю, і калі ёсць магчымасць іншым жанчынам перадаць гэты навык, навучыць, расказаць, пагаварыць пра гэта, то я гэта з асалодай раблю.