Сяргей Чалы: Беларускія ўлады блытаюць працу са стомленасцю

Вядомы беларускі эканаміст разважае, чаму адток кадраў з Беларусі стаў крытычным для эканомікі краіны, чаму ўлады спачатку грэбліва ставіліся да збягаючых беларусаў, і што ў корані не так у разуменні ўладамі эканамічных працэсаў.

maxresdefault__3__3.jpg

«Прымусіць людзей немагчыма. Мы бачым, як ужо адкруцілі назад гісторыю з адпрацоўкай для выпускнікоў-платнікаў. Калі прымусіць працаваць выпускнікоў, проста не будзе абітурыентаў. Навошта ісці ў ВНУ, калі потым 5 гадоў жыццё будзе прывязаная да глыбінкі?», — пытаецца ён у эфіры «Звычайнага ранку».

З іншага боку, улады нарэшце ўсвядомілі, што ад'езд спецыялістаў цягам апошніх двух гадоў нясе непасрэдную пагрозу ўсёй беларускай эканоміцы.

«Мы памятаем, як раней асноўным настроем было: “З'ехалі? Ну і валіце, чорт з вамі”. Але высветлілася, што ўсё гэта мае эфект нават на ўзроўні макраэканомікі. Гэта цягне назад ВУП, уплывае на рознічныя продажы», — кажа эканаміст.

Чалы звяртае ўвагу на сітуацыю, якая склалася ў Парку высокіх тэхналогій і ў іншых галінах, дзе асабліва прыкметны адток кадраў.

«У мяне было шмат прэтэнзій да ПВТ, таму што я зыходзіў з таго, што не можа доўга існаваць такі “аазіс свабоды” ў эканоміцы, Уся асноўная мэта якой — кіравальнасць і кантроль, а такі крэатыў не жыве ў свабодных умовах», — кажа ён. І вось 2020 год паказаў, што каштоўнасць кантролю і бяспекі для ўлады важнейшая, чым што б ні было, што патрабуе існавання свабодных людзей, у тым ліку развіццё нейкай галіны. Таму свабодным людзям было прапанавана пакінуць краіну, але цяпер паўстала пытанне, як вярнуць іх назад.

Глядзіце таксама

«Гэта шмат у чым была спроба паўтарыць сталінскі досвед. Гэта значыць, мы разумеем, што чыгуну і сталі на душу насельніцтва мы вырабіць можам, а вось усё, што тычыцца чагосьці канкурэнтаздольнага на знешніх рынках — не.

Мы можам успомніць прыклад, калі пасля рэвалюцыі 1917 прыстаўлялі камісара, які, не разбіраючыся ні ў чым, назіраў за вытворчасцю і шукаў шкоднікаў. Мне здаецца, што нешта падобнае выбудоўваецца і цяпер, калі любым спосабам ліквідуюць нелаяльных людзей, і барацьба за лаяльнасць куды важней эфектыўнасці. А потым з — за такога падыходу — высвятляецца, што працаваць няма каму», — адзначыў эканаміст.

На думку Чалага, цяперашняя ўлада наогул не разумее сутнасці сучаснай эканомікі. «Ёсць культ фізічнай працы, што трэба абавязкова напружвацца. Яны блытаюць працу з стомленасцю: маўляў, калі поту няма, ты не працаваў. Трэба абавязкова калоць дровы, касіць траву. А правялі б сярод сваіх прыхільнікаў хоць раз турнір па шахматах... Але інтэлектуалы для ўлады — гэта ненадзейныя людзі», — заключае ён.

Паводле Белнавіны

Глядзіце таксама