«У яго не было страху». Тры гады пасля смерці Алеся Чаркашына

Патрыёт Беларусі, палітык і грамадскі актывіст, які не выпускаў з рук гітару і малітоўнік. Ён быў першы з беларусаў, хто загінуў на вайне Украіны і Расіі. Разам з бацькам Мікалаем узгадваем Алеся Чаркашына.

spouniusya_god_z_dnya_smertsi_be_660x440.jpg

Тры гады таму Алесь Чаркашын быў моцна паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе, яго перавезлі ў вайсковы шпіталь. Перад смерцю ён яшчэ паспеў пабачыць сваю дзяўчыну, але 28 жніўня Алесь пайшоў з жыцця. Яму было ўсяго 33 гады.

Як малады беларускі патрыёт трапіў на вайну ва Украіне?

Алесь Чаркашын паходзіў з Берасця. Яшчэ да пачатку 2000-х ён быў сябрам патрыятычнай арганізацыі «Край», потым прыйшоў у «Зубр». Быў удзельнікаў усіх беларускіх Плошчаў. Пасля 2010 г. Алесь Чаркашын быў адным з арганізатараў берасцейскіх «маўклівых пратэстаў», кіраваў акцыямі Стоп-бензін у 2011 годзе. Некаторы час узначальваў партыю БХД у Берасці. У 2013 г. Чаркашын правёў сваю самую запамінальную акцыю ў Беларусі. У вопратцы прарока і з акрываўленымі рукамі ў ланцугах ён выйшаў пад будынак аблвыканкаму ў Берасці і заклікаў уладу і мінакоў павініцца ў грахах.

«Да Бога ён сам прыйшоў. Раней ён быў зусім іншым чалавекам. Быў у «Краі», «Зубры», апазіцыі. Ён цалкам прысвячаў сябе гэтай сферы. Ні з якой царквой ён не быў звязаны, а потым дзяўчына трапілася, якая прывяла яго ў царкву. Я думаў, што, калі ён звярнуўся да Бога, то з палітыкай будзе скончана. Але не. Як казаў Алесь, ён сумяшчаў прыемнае з карысным. Потым гэтая дзяўчына з’ехала з Берасця, а Алесь паехаў вучыцца ў Херсон. Іх дарогі разышліся, але верыць ён не перастаў», – распавядае бацька Алеся Мікалай Чаркашын.

Да пачатку вайны Алесь Чаркашын вучыўся ў Таўрыйскім Хрысціянскім інстытуце ў Херсоне. На вайну пайшоў узімку 2015 года.

«Зразумела, што Алесь нам пра гэта нічога не казаў. Нікому нічога не казаў. Ён кіраваўся прыказкай: што ведаюць двое – ведае ўвесь свет. У нас уся сувязь праслухоўваецца. Алесь быў у апазіцыі не адзін год і выдатна гэта ведаў. З Беларусі яго б проста не выпусцілі. Ён заўсёды быў вельмі энергічны. Дапамагаў усім навокал, ніколі не мог на адным месцы сядзець. Вельмі высокае пачуццё справядлівасці ў яго было. Бясстрашны. Асабліва, калі пачаў верыць, то ў яго ўвогуле страху не было. Нават яго сябры ўзгадвалі, што, калі былі выбухі і ўсе хаваліся, ён ішоў усё роўна і пад абстрэламі кулямётаў выцягваў параненых», – узгадвае бацька Алеся.

Мастак Тарас Носар прадстаўляе карціну, якую намаляваў да Дня памяці Алеся Чаркашына

Мастак Тарас Носар прадстаўляе карціну, якую намаляваў да Дня памяці Алеся Чаркашына

На вайсковай службе Алесь Чаркашын меў пазыўны «Тарас». Ён аказваў у асноўным медычную дапамогу і фактычна выконваў ролю капелана. Заўсёды насіў з сабой кішэнны Новы Запавет з надпісам «Беларусь, дзецям Божым у вечнасць». У вольныя хвіліны не выпускаў з рук гітару. Некалькі песень на беларускія вершы дагэтуль можна знайсці ў сеціве.

«Калі надзея памірае і ўжо не бачна, куды ісці. Калі ўсім целам адчуваеш нястомны боль сваёй душы. Калі ўжо сонца не памятаеш, а радасць – у сэрцы ўспамін. Тады аднойчы заўважаеш, што па жыцці ідзеш адзін. Не здавайся, не здавайся! Я з табою, ты не адзін. Не здавайся, не здавайся! Бог з табою, ты не адзін», – спяваў Алесь Чаркашын, трымаючы патрон замест медыятара. Гэтыя словы трапілі пазней на яго надмагільны помнік.

«Думалі, відаць, што збярэцца мітынг і ўсе пабягуць на плошчу»

Украінскія сябры Алеся з зоны АТА прывезлі яго цела ў Беларусь да бацькоў, на якіх ціснула КДБ. Асобы ў цывільным суправаджалі труну ад беларуска-ўкраінскай мяжы да самога пахавання.

«Гэта быў 15-ты год. Яны тады ўласнага ценю баяліся. Усё было пад кантролем. Ён прыносіў ім шмат клопатаў. Думалі, відаць, што нешта будзе. Што збярэцца мітынг і ўсе пабягуць на плошчу. Мазгоў жа няма, што гэта пахаванне. Тры гады мінула. Але зараз усё ціха пакуль. Ніхто не чапае. А тады, канешне было інакш. Вы сабе не ўяўляеце, колькі Алесь людзей вакол сябе збіраў. Ён круціўся сярод усіх: валанцёраў, жаўнераў, з усімі стасаваўся. Сябры яго і прывезлі. 10 машын было. Гэта ж такі кавалак дарогі, а яны ўсе кінулі свае справы і прывезлі…», – узгадвае спадар Мікалай.

«Засталася толькі памяць»



img_20180828_084451_640x359.jpg


Пасля смерці Алесю Чаркашыну прысвоілі званне «Народнага Героя Украіны». Апроч таго ў Кіеве на вуліцы Беларускай быў усталяваны помнік добраахвотнікам, сярод якіх ёсць імя Алеся Чаркашына. Як распавёў бацька Алеся, пасля смерці сына ён таксама пачаў ездзіць ва Украіну.
«Ужо трэці год я прыязджаю туды, сустракаюся з яго сябрамі. Нядаўна была выстава, якую рабілі нашыя мастакі ў Песках. У нас яе забаранілі, хоць яна ўжо выстаўлялася ва ўкраінскай амбасадзе ў Мінску. У Кіеў заязджаў. Кветкі стаяць. Значыць, глядзяць людзі, памятаюць. Засталася толькі памяць. Яшчэ ў 2016-м годзе да нас прыйшоў ліст ад нейкай жанчыны. Яна пісала, што гэта ўсё не дарма. Што гэта быў ягоны ўнёсак, каб народ змяніўся. Што не кожны вернік-украінец пайшоў бы на вайну, а ён пайшоў. Шмат усяго сказана. Але тры гады прайшло, а ўсё, як нібыта ўчора было. Для мяне гэта рана, якая не загаіцца да апошняга дня. Цяжка, калі бацькі дзяцей хаваюць. Асабліва, калі нейкія надзеі ўкладваеш, а потым адным выбухам усё руйнуецца», – кажа спадар Мікалай.
Алесь Чаркашын быў пахаваны на могілках вёскі Камяніца Жыравецкая каля Берасця. Два гады таму на магіле Чаркашына быў усталяваны помнік, стылізаваны сімвалам трыяды: Бог, Бацькаўшчына, Служэнне».
Пасля смерці Алеся Чаркашына рэжысёр «Белсату» Антось Цялежнікаў выпусціў фільм, прысвечаны герою.
ПВ, belsat.eu