У Кіеве ля амбасады РФ успаміналі загінулых пад Ілавайскам
У Кіеве ў сераду праходзяць акцыі памяці ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі 4 гады таму ў баях за горад Ілавайск у Данецкай вобласці. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.
![4dbf6a3e_b200_4f62_ad89_256e6053f4c8_w1023_r1_s.jpg 4dbf6a3e_b200_4f62_ad89_256e6053f4c8_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/4dbf6a3e_b200_4f62_ad89_256e6053f4c8_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У адной з самых крывапралітных бітваў канфлікту на ўсходзе Украіны загінулі, паводле афіцыйных дадзеных, 366 украінскіх вайскоўцаў і добраахвотнікаў, сотні былі параненыя. Больш за 80 да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак.
Украіна сцвярджае, што ў баях пад Ілавайскам на баку сепаратыстаў так званай "ДНР" удзельнічалі рэгулярныя часткі расійскай арміі. У выніку баёў украінскія ваенныя трапілі ў акружэнне і вымушаныя былі пакінуць Ілавайск і шэраг іншых населеных пунктаў. Расія адмаўляе ўдзел сваіх вайскоўцаў.
Каля будынка амбасады Расіі ў Кіеве ў сераду актывісты правялі акцыю "Пуцін, за Ілавайск адкажаш" і ўсталявалі на праезнай частцы 366 белых крыжоў у памяць аб загінуўшых. Як паведамляе агенцтва "Укрінфарм", у акцыі ўдзельнічалі сотні людзей.
Яны ўсклалі на расійскага прэзідэнта адказнасць за гібель украінскіх ваенных пад Ілавайскам. Супрацоўнікі амбасады, аднак, адмовіліся прыняць ва ўдзельнікаў акцыі зварот з патрабаваннем вызваліць украінскіх палітвязняў.