Парашэнка: МЗС Украіны рыхтуе дакументы для скасавання дамовы аб дружбе з Расіяй
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што чакае ад МЗС Украіны неабходны пакет дакументаў для пачатку рэалізацыі працэсу спынення дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і партнёрстве паміж Украінай і Расійскай Фэдэрацыяй. Пра гэта ён сказаў 28 жніўня на нарадзе з кіраўнікамі замежных дыпламатычных устаноў Украіны, перадае Свабода.
«Ужо ў найбліжэйшым часе я чакаю ад Міністэрства замежных спраў неабходны пакет дакументаў для пачатку рэалізацыі гэтага працэсу», — заявіў Парашэнка.
Ён адзначыў, што «сёння мы падышлі дастаткова падрыхтаванымі і юрыдычна абароненымі да наступнага кроку — спынення дзеяння дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і партнёрстве паміж Украінай і Расійскай Федэрацыяй, якая з віны Масквы ўжо даўно зрабілася анахранізмам».
У красавіку Пятро Парашэнка заяўляў пра намер ініцыяваць адмену шэрагу палажэнняў дамовы аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Украінай і Расіяй.
«Я ўнясу ў парламент законапраект аб неадкладным аднабаковым спыненні дзеяння асобных палажэнняў дамовы аб дружбе, супрацоўніцтве і партнёрстве паміж Украінай і Расіяй у частцы, у якой дзеянне гэтай дамовы несумяшчальнае з нацыянальнымі інтарэсамі дзяржавы і рэалізацыяй нашага права на самаабарону», — заявіў Парашэнка на XI кіеўскім форуме.
Дамова аб дружбе, супрацоўніцтве і партнёрстве з Расіяй, якая была падпісаная ў 1997 годзе, усё яшчэ застаецца дзейнай. Дакумент, сярод іншага, прадугледжвае, што бакі «паважаюць тэрытарыяльную цэласць адзін аднаго і пацвярджаюць непарушнасць межаў паміж імі», а таксама «будуюць адносіны адзін з адным на аснове прынцыпаў узаемнай павагі суверэннай роўнасці, непахіснасці межаў, мірнага ўрэгуляваньня спрэчак, непрымянення сілы або пагрозы сілай».
Ад красавіка 2014 года пасля расійскай анэксіі Крыму на частцы Данбасу працягваецца ўзброены канфлікт. Украіна і Захад абвінавачваюць Расію ва ўзброенай падтрымцы сепаратыстаў. Крэмль абвяргае гэтыя абвінавачанні і заяўляе, што на Данбасе могуць знаходзіцца хіба што расійскія «добраахвотнікі». Паводле дадзеных ААН, за час канфлікту загінулі больш за 10 000 чалавек.
Радыё Свабода