«У кожнага ёсць шанец ўсё змяніць». Дыджэй пераменаў пра трагедыю беларусаў

Год таму Кірыл Галанаў разам з Уладам Сакалоўскім уключыў «Пераменаў» Цоя на гарадскім свяце ў Мінску. Ён прыгадвае DW, як хлопцы прынялі гэтае рашэнне, і разважае пра базавую прычыну беларускай трагедыі.

Графіці з выявай дыджэяў пераменаў у мінскім двары камунальнікі не раз зафарбоўвалі, але дарэмна

Графіці з выявай дыджэяў пераменаў у мінскім двары камунальнікі не раз зафарбоўвалі, але дарэмна

Дыджэй Кірыл Галанаў, які паставіў разам з Уладам Сакалоўскім песню Цоя «Перамен» 6 жніўня 2020 года ў Кіеўскім скверы Мінска, прыгадвае ў рубрыцы DW «Беларусь. Перспектывы» пра тое, як прымалася гэта рашэнне, якое змяніла іх жыцці і падарыла беларусам яшчэ адзін знак пратэсту.

Згадвае Кірыл Галанаў і той дзень — 6 жніўня 2020 года

Давай «Пераменаў»

Мы не ведаем, як правільна паступіць, стан поўнай безвыходнасці. І вось я чытаю навіны, дзе штаб прапануе ўсім, хто прыйшоў на нашу пляцоўку роўна ў 19:00 падняць рукі ўверх з белымі стужкамі ў знак салідарнасці адзін з адным, каб усе ўбачылі, каго большасць. Прапаную Уладу разам з усімі падняць рукі ўверх. Вырашаем, якім чынам гэта зробім. І тут Улад кажа: «Калі ў нас ёсць гук, можа, што-небудзь ўключым?» — «Пераменаў»? — пытаюся я.

Выдатны варыянт «павітацца» з людзьмі, у якіх адабралі іх законнае права, вырашаем мы.

18:30. Гледачоў ужо некалькі тысяч. Падыходзіць, каб перадаць фанаграмы, баяніст, які павінен будзе выступаць наступным. Некалькімі днямі раней ён выпусціў кліп, дзе апяваў дзеючага на той момант прэзідэнта, называў яго сваім бацькам і супергероем. Я разумею, што 19:00 выпадзе на час ягонага выступу. Прафесійная этыка не дазваляе мне сарваць яго. Вырашаем, што, толькі калі я выведу артыста са сцэны, Улад уключыць песню.

19:00. У мяне не было перажыванняў за тое, што будзе далей. Я думаў толькі пра тое, што гэта ўсё адбываецца і я маю да гэтага дачыненне. Людзі пачынаюць падымаць рукі, а артыст якраз заканчвае сваю песню. Я падбягаю да яго і выводжу са сцэны. Улад уключае «Пераменаў», мы падымаем рукі, праходзіць секунда — і раптам людзі пачынаюць пляскаць, радавацца, нас абступаюць рэпарцёры, фатографы, проста гледачы.

Хтосьці сілай вырывае провад з калонкі і ірве яго. Такім жа метадам выключаюць другую калонку. Два чалавекі ў пінжаках пачынаюць вырываць ўсе спрэс драты з мікшэрнага пульта. Увесь гэты час я гляджу на фейдэр (паўзунок гучнасці), які рэгулюе гук песні. З першай секунды мы гатовыя былі яе выключыць па просьбе каго-заўгодна. І вось усё, што можна было, выдрана, а выключыць ніхто так і не папрасіў. Песня ў выніку гучала каля дзвюх хвілін…

Праз гадзіну нас затрымаюць супрацоўнікі АМАПу, мы выйдзем на волю праз 10 сутак. За час свайго зняволення станем сведкамі значна большага бязмежаку, а з-за таго, што раскажам пра гэта, будзем вымушаныя пакінуць краіну.

Кірыл Галанаў, гукарэжысёр. Адзін з двух ды-джэяў, ўключылі «Пераменаў» ў Кіеўскім скверы

Кірыл Галанаў, гукарэжысёр. Адзін з двух ды-джэяў, ўключылі «Пераменаў» ў Кіеўскім скверы


Асноўная прычына беларускай трагедыі

Я дакладна ўпэўнены, што ў той дзень зрабіў усё магчымае для таго, каб спыніць тое вар'яцтва ці хаця б не быць часткай яго. І веру, калі ва ўсе абставіны таго дня паставіць не мяне і Улада, а іншых выпадковых людзей з адэкватным успрыманнем таго, што адбываецца,  — вынік быў бы вельмі падобны. І калі быць аб'ектыўным, то ўсё, з кім я ў той дзень размаўляў, разумелі, што адбываецца, і ніхто прымаць у гэтым удзелу не хацеў. Але кожны перакладаў адказнасць за тое, што адбываецца, на кагосьці іншага і быў упэўнены, што нічога не вырашае — гэта іх асноўная задача, незалежна ад займанай пасады.

Флэшмоб у Кіеўскім скверы 6 жніўня 2020 года

Флэшмоб у Кіеўскім скверы 6 жніўня 2020 года

Зразумела, многае мяне не задавальняла ў Беларусі і да таго дня, але я з гэтым жыў і, як і многія, адаптаваўся. Але часта працуючы на чарговым бюджэтным мерапрыемстве, якое не трэба ні арганізатару, ні гледачам, ні артыстам, адчуваў нават нейкую радасць ад таго, што я магу ўсё гэта назіраць. Гэта не магло дажыць да ХХІ стагоддзя ні па законах эканомікі, ні па сацыяльных правілах, ні па законах здаровага сэнсу. Але гэта ўсё пастаўлена на паток — а я жывы сведка гэтага абсурду.

Ёсць вельмі шмат прычын, чаму ў Беларусі ўсё прыйшло да глабальнай трагедыі, якая цяпер толькі пагаршаецца. Але галоўная, асноўная прычына — гэта пачуццё безадказнасці. Абсалютна кожны чалавек уплывае на тое, што адбываецца, калі знаходзіцца на сваім месцы. Можна гэтаму пярэчыць, займацца самападманам, але абсалютна ў кожнага ёсць шанец усё змяніць. Або быў гэты шанец, або яшчэ будзе... Ці гэты шанец можна стварыць самому. І здаецца, што нічога не вырашаць — спосаб пазбегнуць той самай адказнасці. Але бяздзейнасць з такой жа сілай уплывае на вынік, як і дзеянне. Кошт маўчання — гэта тысячы чужых лёсаў, за якія нясеш адказнасць, а кошт дзеяння — гэта тыя ж тысячы лёсаў, толькі яшчэ і ўласны.