У Курапатах зніклі яшчэ тры крыжы з боку рэстарацыі
Пра знікненне крыжоў Свабодзе паведаміў адзін з лідараў пікетавання рэстарацыі «Поедем, поедим», сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Ад крыжа засталася яміна. Фота: Фэйсбук Яўгена Батуры
Зніклі тры з чатырох белых крыжоў, якія стаялі за плотам на тэрыторыі Курапатаў з заходняга боку, дзе месціцца рэстарацыя.
«Відаць, гэта было зроблена сёння ў першай палове дня ці ноччу, бо трава і кветкі, якія былі вакол крыжоў, выкапаныя, але яшчэ не засохлі», — лічыць Севярынец.
Зніклыя крыжы былі добра відаць ад уваходу ў рэстарацыю «Поедем, поедим», а таксама з кальцавой аўтадарогі, адзначыў Севярынец.
«Альбо ўсё ж адбываецца горшае, пра што мы шмат разоў казалі, — што Курапаты па-ціхаму, па крыжу, але паступова знішчаць на загад уладаў. Альбо гэта нечая самадзейнасць. Не выключаю, што і кагосьці з рэстарацыі, бо ад яе гэтыя крыжы былі добра бачныя, што называецца, мулялі вока, а цяпер ім стала „чысцей“. Але ў любым выпадку ніводзін факт вандалізму ў Курапатах да канца не расследаваны, вось разбурэнне мемарыялу і працягваецца», — мяркуе Павел Севярынец.

Зміцер Дашкевіч ля аднаго з белых крыжоў, ліпень 2018 года. Фота: Радыё Свабода
Атымаць каментар у Бараўлянскім спецлясгасе, які адказвае за тэрыторыю, не ўдалося — ніхто не ўзяў слухаўку.
Паводле svaboda.org