Ганна Шапуцька: Мы, як курапацкія крыжы, баронім памяць закатаваных
Вось ужо амаль год, як грамадскія актывісты штодня выстаўляюць пікет каля забаўляльнай рэстарацыі «Поедем поедим» побач з месцам масавага пахавання ахвяраў камуністычных рэпрэсій пад Мінскам.

Ганна Шапуцька — каардынатарка Ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла Курапаты” кажа:
— На мой погляд — гэта першы рубеж абароны мемарыялу Курапаты. Стоячы тут, мы такім чынам паказваем, што не дазваляем дзяржаве, не дазваляем гэтым бізнесоўцам здзекавацца з курапацкіх ахвяр. Мы, стоячы на курапацкай варце і пратэстуючы супраць працы гэтай рэстарацыі, растлумачваем людзям, што сюды нельга ездзіць. І, сапраўды, ужо нашмат менш сюды ездзяць. Мы проста сваёй прысутнасцю, як тыя ж крыжы, як курапацкія крыжы там, так мы — тут, баронім памяць закатаваных.
Курапацкая варта адбываецца цягам году штодня, дні дзяжурстваў збольшага каардынуюцца паміж палітычнымі партыямі і рухамі.
Увечары праходзіць шматканфесійная малітва на Курапацкай Галгофе.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя