У Ляхавічах асудзілі бацьку і сына за расклейванне ўлётак з абразай Лукашэнкі
У судзе Ляхавіцкага раёна 27 кастрычніка вынеслі прысуд Генадзю і Вячаславу Смірновым, якіх вінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), а Генадзя — яшчэ і ў супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса), распавядае «Вясна».
Справу разглядала суддзя Таццяна Жарко, бок
дзяржабвінавачання прадстаўляў Клімовіч. Пацярпелым па справе быў прызнаны
міліцыянер-кіроўца Ляхавіцкага РАУСа Аляксандр Болтуць.
Паводле абвінавачання, Генадзь Смірноў, маючы адзіны намер
на знявагу гонару і годнасці А.Лукашэнкі, набыў у нявызначаным месцы і ў
нявызначаны час улёткі «дэструктыўнага характару», пасля чаго 15 сакавіка 2021
года ў перыяд часу з 20.00 да 23.30 гадзін, дзейнічаючы групай асоб па
папярэдняй змове з сынам Вячаславам Смірновым, наўмысна, выказваючы адкрытую
праяву непрыязнасці, размясціў улёткі з партрэтам Лукашэнкі і друкаваным
тэкстам, якія змяшчалі негатыўную ацэнку ў адрас апошняга, на дошцы аб'яў
аўтобуснага прыпынку, на трансфарматарнай падстанцыі каля Ляхавіцкага
райвыканкама і на металічнай апоры вулічнага асвятлення каля дома па вул.
Гагарына, 9. На ўлётках змяшчаўся тэкст «Адольф Григорьевич
Лукашенко» і «Нам нужен труп в одежде короля, а не живой придурок у
руля», які быў кваліфікаваны як абраза прэзідэнта, а дзеянні
абвінавачаных — паводле ч. 1 арт. 368 КК.
Увечары 3 жніўня 2021 года Генадзь Смірноў, знаходзячыся ў
стане алкагольнага ап'янення на тэрыторыі парка непадалёк ад памятнага знака «Фартэцыя», падчас яго затрымання за здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў
паводле ч. 1 арт. 19.3 і ч. 1 арт. 24.23 КаАП для дастаўлення ў РАУС аказаў
супраціў, спалучаны з ужываннем гвалту, супрацоўніку міліцыі Аляксандру Болтуцю
пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку і спыненні
адміністрацыйных правапарушэнняў. Абвінавачаны ўпіраўся, спрабаваў вырвацца
падчас затрымання, а таксама нанёс удар галавой і ўдар нагой у вобласць галавы
пацярпеламу, якія прыйшліся па надзетым на ім ахоўным шлеме. Такім чынам
Генадзь Смірноў здзейсніў злачынства, адказнасць за якое прадугледжаная ч. 2
арт. 363 Крымінальнага кодэкса.
Генадзь Смірноў віну па абвінавачанні ў абразе прэзідэнта не прызнаў, а па абвінавачанні ў супраціве супрацоўніку міліцыі прызнаў часткова. Вячаслаў Смірноў сваёй віны не прызнаў. На першым пасяджэнні ў абвінавачаных не было абаронцаў.
Падчас ператрусу дома ў Смірнова былі знойдзеныя ў кішэні
курткі налепкі, якія, паводле абвінавачанага, Генадзь знайшоў раней на лаўцы ў
горадзе. Падчас следства Генадзь адмаўляўся ад дачы паказанняў, не апазнаў ні
сябе, ні сына на відэазапісах з камер назірання.
3 жніўня Генадзь Смірноў са знаёмым выпіў піва, пасля пайшлі ў горад з бел-чырвона-белымі сцягамі, завязанымі на спіне. На пытанне пракурора, навошта абвінавачаны ўзяў з сабой сцяг, ён адказаў: «Калі выходзілі проста, то атрымлівалі проста так па 40 базавых, дык каб было хоць за што атрымліваць, хоць за сцяг».
Знаходзіліся побач з «Фартэцыяй» каля 15 хвілін,
калі да Смірнова з таварышам падышлі двое супрацоўнікаў міліцыі і прапанавалі
прайсці ў аддзяленне для высветлення асобы. Генадзь адмовіўся, візуальна
ведаў міліцыянераў. Раней мужчыну тройчы прыцягвалі да адміністрацыйнай
адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. І ў той раз — 3 жніўня —
мужчына не хацеў ехаць, бо «колькі можна ўжо ездзіць». Пасля гэтага
абвінавачанаму пачалі заломваць рукі, ён адмахваўся і стукнуў галавой аб шлем
міліцыянера-кіроўцу, нямоцна. Калі Генадзя ўжо паклалі на зямлю, падышлі яшчэ
двое супрацоўнікаў, сталі «ламаць рукі і ногі», тады абвінавачаны ад
болю проста адмахнуўся нагой і не бачыў нават, куды патрапіў.
«Я проста сядзеў на лаўцы, гэтым разам са сцягам, пад
якім прымаў прысягу. Я не лічу, што парушыў закон. І за гэта мне можна рукі
ламаць і ногі выкручваць?»
Генадзь не пярэчыў, што адмаўляўся прайсці ў Ляхавіцкае
РУУС, але наўмысна гвалту не прычыняў.
На пытанне пракурора, ці выказваў раней Смірноў сваю пазіцыю і стаўленне да дзеючай улады, Генадзь сказаў: «Я ніколі не займаўся палітыкай. Я выйшаў пасля 9 жніўня, калі пачаўся гэты бязлад і пачалі біць людзей, таму што ў мяне дачка магла патрапіць пад гэта. Забралі яе аднакурсніка на вуліцы проста так, чатыры дні не ведалі, дзе дзіця, трэнера забралі. Я выйшаў за будучыню сваіх дзяцей! Каб такога не было ў 21-м стагоддзі ў цэнтры Еўропы, каб людзі хадзілі мірна і спакойна. Вось за гэта я выйшаў, а палітыкай я ніколі не займаўся».
Пракурор: «Якія-небудзь каментары адносна дзеючай улады
пакідалі дзесьці»?
Генадзь Смірноў: «А хто сказаў, што яна дзеючая? Хто яе
выбіраў? Дзе законныя выбары?»
Далей у судзе дапыталі Вячаслава Смірнова, які сказаў, што
нічога не рабіў, злачынства не здзяйсняў. Дома не бачыў ніякіх улётак,
растлумачыць наконт іх канфіскацыі падчас ператрусу нічога не мог. Бачыў толькі
бел-чырвона-белыя налепкі на лядоўні за дзень-два да затрымання, якія бацька
знайшоў: яны яму спадабаліся, і ён наклеіў іх на лядоўню. Ніякіх іншых налепак
не бачыў, сам нічога не ляпіў, убачыў фотаздымкі ўлётак толькі ў матэрыялах
справы.
15 сакавіка адзначалі Дзень народзінаў сястры з бацькам,
былі дома, можа быць, сам выходзіў у краму хвілін на 10-15, але дакладна ўжо не
памятаў, пасля знаходзіўся дома. Таксама не пазнае па сілуэтах на скрыншотах з
відэазапісаў ні сябе, ні бацьку. Канфіскаваныя прадметы адзення абвінавачаных
падобныя да таго адзення, у якім невядомыя ляпілі налепкі і былі зафіксаваныя
камерамі назірання.
Вячаслаў Смірноў заявіў, што на допыце на яго ціснулі,
запалохвалі, што на два месяцы адправяць у СІЗА, ён на той момант суткі не еў,
сядзеў некалькі гадзін у кайданках, таму даў паказанні пад прымусам, сказаў
няпраўду.
У судзе агучылі паказанні, якія Вячаслаў даваў у якасці
падазраванага па справе: тады ён казаў, што бацька паказаў яму ўлёткі рознага
зместу і прапанаваў пайсці ў горад, папрасіў глядзець за абстаноўкай, пакуль ён
будзе ляпіць. Увечары мужчыны выйшлі з дому, спачатку бацька клеіў улёткі, а
сын сачыў за сітуацыяй, пазней Генадзь прапанаваў Вячаславу дапамагчы яму
расклейваць, і сын пагадзіўся.
Абвінавачаны растлумачыў, што месцы налепвання прыдумляў,
зыходзячы з тых скрыншотаў, якія ўбачыў на стале ў следчага, баяўся міліцыі і
ціску з іх боку.
Пацярпелы Аляксандр Болтуць распавёў суду, што 3 жніўня быў
на выездзе з участковым інспектарам Гурыным, паступіла паведамленне пра тое,
што два чалавекі распіваюць спіртныя напоі ў парку. Калі падышлі да Генадзя
Смірнова і яго знаёмага, спіртных напояў пры іх не было, але адчуваўся пах
алкаголю, прапанавалі прайсці ў машыну і праехаць на агляд, але грамадзяне
адмовіліся. Каля 10 хвілін спрабавалі ўгаворваць, а пасля пацярпелы ўзяў
Генадзя за руку, а той павярнуўся і яго пхнуў нямоцна — ударыў галавой шлем,
пацярпелы болю не адчуваў. Пасля гэтага да абвінавачанага і яго знаёмага
пачалі ўжываць фізічную сілу — заломліваць рукі за спіну, Смірноў пачаў
вырывацца, тады яго паклалі на зямлю, хацелі надзець кайданкі, у гэты момант
Генадзь нанёс удар нагой пацярпеламу па галаве: болю ён не адчуў, але на шлеме
ўтварылася расколіна. Ніякіх патрабаванняў не заяўляў.
Апытаныя ў судзе сведкі-міліцыянеры паказалі суду, што
Генадзь Смірноў аказваў супраціў пры затрыманні, а таксама, што падчас
ператрусу дома ў абвінавачаных 18 сакавіка знайшлі падобныя ўлёткі ў кішэні
яго курткі.
У другім судовым пасяджэнні ўдзельнічала абарона
абвінавачаных, якая прасіла дапытаць абвінавачаных і сведак паўторна, бо
адвакаты не ўдзельнічалі ад пачатку працэсу. Аднак суд адхіліў заяўленае
хадайніцтва. Пасля даследаванняў пісьмовых доказаў адвакатка прасіла час для
больш поўнага вывучэння матэрыялаў справы і падрыхтоўкі да спрэчак, але суддзя
адмовіў у працягу судовага пасяджэння ў іншы дзень.
Падчас спрэчак бакоў пракурор сказаў, што, нягледзячы на
непрызнанне абвінавачанымі сваёй віны, вінаватасць бацькі і сына Смірновых
знайшла сваё пацвярджэнне падчас папярэдняга расследавання і судовага следства:
Генадзь адмаўляўся ад дачы паказанняў, але Вячаслаў фактычна пацвердзіў
распаўсюд разам з бацькам улётак з абразлівымі выказваннямі на адрас Лукашэнкі,
а таксама апісаў размеркаванне роляў і месцы расклейвання. Пракурор прасіў суд прызнаць
Генадзя Смірнова вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 368 КК і
прызначыць яму пакаранне ў выглядзе зняволення тэрмінам на адзін год, а таксама
ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 2 арт. 363 КК і прызначыць пакаранне ў
выглядзе зняволення тэрмінам на два гады. Канчаткова прызначыць Генадзю
Смірнову шляхам частковага складання пакаранне ў выглядзе зняволення тэрмінам
на два гады і шэсць месяцаў з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненага
рэжыму.
Таксама прызнаць вінаватым Вячаслава Смірнова ў здзяйсненні
злачынства паводле ч. 1 арт. 368 КК і прызначыць пакаранне ў выглядзе
абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на
два гады.
Менавіта такое пакаранне і прызначыла суддзя Таццяна
Жарко.