БЧБ-сцяг, які мэр Рыгі павесіў падчас ЧС па хакеі, прадалі на аукцыёне за вялікія грошы
28 кастрычніка завяршыўся аўкцыён на Ebay, на якім быў прададзены бел-чырвона-белы сцяг. Той самы, які кіраўнік МЗС Латвіі і мэр Рыгі паднялі замест афіцыйнага дзяржаўнага чырвона-зялёнага падчас правядзення ў сталіцы Латвіі адабранага ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі.
Гэта адбылося 24 траўня, калі мэр Стакіс разам з міністрам
Рынкевічсам прыехалі ў цэнтр Рыгі са сваім сцягам у якасці рэакцыі на вымушаную
пасадку рэйса «Ryanair» з Афін у Вільню ў Мінску, нагадвае telegraf.by.
Гэты БЧБ-сцяг з выявай гістарычнага герба беларусаў
«Пагоня» быў прададзены на аўкцыёне за 12 600 долараў.
Усяго была зроблена 41 стаўка. Літаральна за гадзіну да
заканчэння аўкцыёна цана складала каля 6 000 долараў.
Усе сродкі, атрыманыя ад продажу БЧБ-сцяга з памятным подпісам, будуць пералічаныя ў «Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці».