«Пікетаваў БЧБ-бранзалетамі ў кавярні «Культура». Мінчука затрымалі ў кавярні, а потым арыштавалі на 15 сутак

Хлопец распавёў, што сустрэўся з сяброўкай на каву. На левай руцэ ў яго былі два бранзалеты, а на правай — адзін. Паводле яго слоў, намеру пікетаваць не было, а бранзалет вылез з-пад адзення, калі ён выцягнуў руку. Гэта заўважыў нехта з прысутных у кавярні і выклікаў міліцыю, паведамілі праваабаронцы.

fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas1__1_.jpg

У судзе Першамайскага раёна 28 кастрычніка разглядзелі справу 27-гадовага Арцемія Нікіценкі. Справу вяла суддзя Анастасія Кулік. Згодна з пратаколам па арт. 24.23 КаАП, Нікіценка «27 кастрычніка каля 13:35 у кафэ "Культура" з мэтай выказвання свайго негатыўнага стаўлення да дзеючай улады правёў пікетаванне, прадэманстраваўшы БЧБ-бранзалеты на руках з надпісам "Жыве Беларусь"».

У сваіх паказаннях Арцемій распавёў, што а 12-й сустрэўся з сяброўкай на каву. На левай руцэ ў хлопца былі два бранзалеты, а на правай — адзін. Паводле яго слоў, намеру пікетаваць не было, а бранзалет вылез з-пад адзення, калі ён выцягнуў руку. Гэта заўважыў нехта з прысутных у кавярні і выклікаў міліцыю. На месца «правапарушэння» прыехалі трое супрацоўнікаў міліцыі ў бронекамізэльках. Хлопец адзначыў, што БЧБ-бранзалеты набыў яшчэ падчас перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі. Ён быў здзіўлены, што міліцыянты могуць забраць чалавека наўпрост за бранзалеты, нават калі ён не выкрыкваў ніякіх лозунгаў і не быў на маршы.

Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што яны з калегам зайшлі ў кавярню, дзе асабіста заўважылі «пікетаванне». Міліцыянт сцвярджаў, што «бранзалеты былі выстаўленыя на ўсеагульны агляд», таму яны затрымалі Арцемія, адвезлі ў РУУС і склалі пратакол. Ён сцвярджаў, што затрымлівалі Нікіценку ўдваіх, а колькі людзей было ў кавярні, не памятае. Але справа ў тым, што ў «Культуры» стаіць толькі тры сталы, але міліцыянт гэта ўспомніць не змог.

У выніку суддзя Кулік палічыла віну Арцемія даказанай і арыштавала яго на 15 сутак.