Мінчанцы прысудзілі 13 сутак за БЧБ-стужачкі на дрэвах
Учора ў судзе Заводскага раёна да 13 сутак арышту па ч. 1 арт. 24.23 КаАП асудзілі 51-гадовую Таццяну Аляшкевіч. Яе абвінавацілі ў пікетаванні «шляхам размяшчэння бел-чырвона-белых стужках на дрэвах» па вуліцы Герасіменкі, 21А ў Мінску, распавядае «Вясна».
Віну жанчына не прызнала. На судзе яна распавяла, што 27 кастрычніка выйшла на шпацыр, сустрэла сваю сяброўку. Падчас шпацыру яны знайшлі заплечнік, у якім былі БЧБ-стужачкі. З цікаўнасці Таццяна закінула стужачку на дрэва, і яны з сяброўкай пайшлі далей, вырашаючы, куды падзець заплечнік. Па словах жанчыны, у гэты час іх спыніў хлопец, які прадставіўся супрацоўнікам органаў унутраных спраў і выклікаў міліцыю. Таццяну з сяброўкай затрымалі і даставілі ў ІЧУ на Акрэсціна.
На судзе супрацоўнік міліцыі, які выступаў як сведка,
блытаўся ў паказаннях: спачатку казаў, што стужачкі закідвалі па вуліцы
Байкальскай, пасля абеду сказаў, што ўсё ж такі — па вуліцы Герасіменкі.
Нягледзячы на супярэчлівыя паказанні сведкі, суддзя Алена Някрасава асудзіла Таццяну Аляшкевіч да 13 сутак арышту.