Ужо сёння распачынаецца міжнародная акцыі памяці «Ноч расстраляных паэтаў»

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 г. ва ўнутранай турме НКУС у Мінску былі растраляныя больш за 100 беларускіх дзеячаў навукі, культуры, мастацтва і літаратуры. У тым ліку 22 літаратары. Кожны год у гэты дзень праводзіцца акцыя памяці пад сімвалічнай назвай «Ноч расстраляных паэтаў», нагадвае budzma.org.

asm0snjui5c89ct8sulqke1vzojen0ec.jpg

Расстрэльны спіс быў зацверджаны яшчэ ў верасні Сталіным, Молатавым, Кагановічам, Варашылавым і Яжовым. Прозвішчы забітых кажуць самі за сябе: Тодар Кляшторны, Платон Галавач, Леў Таўбін, Ізі Зарык, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль... Большасць пазней былі апраўданыя нават савецкай судовай сістэмай.

Дакладная лакацыя пахавання ахвяраў дагэтуль невядомая: урочышча Курапаты разглядаецца толькі як меркаванае месца.

Безумоўна, гэта была не адзіная «расстрэльная ноч», не пачатак і не фінал рэпрэсій. Дата стала сімвалічнай, тым больш, як сімвалічную яе задумвалі і арганізатары: вырашылі прымеркаваць да ўгодак Кастрычніцкай рэвалюцыі. Назва «Ноч расстраляных паэтаў», як і «расстраляная літаратура», набыла розгалас у 2000-2010-х гадах.

У гэтым годзе «Ноч расстраляных паэтаў» пройдзе па ўсім свеце. Створаны адмысловы сайт nochpaetau.com, дзе можна пабачыць, у якіх гарадах і дзе будзе праведзена акцыя.

«Словы мацней» — відэапраект ад кампаніі «Будзьма беларусамі!», Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. У ім сучасныя дзеячы культуры, якія пацярпелі ад пераследу і ўціску за культурніцкія акцыі пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, чытаюць творы сваіх папярэднікаў, асуджаных у сталінскія часы.

Сёння, у дзень памяці расстраляных творцаў, пераглядзець ролікі праекта «Словы мацней» будзе, як ніколі, дарэчы.