У Магілёве ў дзень візіту Пуціна хочуць правесці пікет салідарнасці з Алегам Сянцовым

Магілёўскія праваабаронцы накіравалі ў гарвыканкам заяўку на правядзенне пікета салідарнасці з украінскім палітвязнем.

original_13.jpg


Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін плануе наведаць Магілёў 11 і 12 кастрычніка ў рамках беларуска-расійскага Форуму рэгіёнаў. Да яго прыезду мясцовыя ўлады старанна наводзяць марафет. Дарагога госця чакаюць настолькі моцна, што нават упершыню ў постсавецкай гісторыі горада абвясцілі чатыры суботнікі запар.
Спецыяльна да візіту Пуціна магілёўскія праваабаронцы Аляксей Колчын і Аляксандр Буракоў 26 верасня падалі заяўку на правядзенне пікету ў знак салідарнасці з украінскім палітвязнем Алегам Сянцовым, паведамляе mspring.online.
Алег Сянцоў — украінскі кінарэжысёр, сцэнарыст і пісьменнік. Вясной 2014 года падчас далучэння Крыма да Расійскай Федэрацыі падтрымліваў рух за адзіную Украіну. Купляў і развозіў прадукты і прадметы першай неабходнасці па ўкраінскім вайсковым часткам, якія знаходзіліся ў Крыме і былі заблакаваныя «зялёнымі чалавечкамі». Быў затрыманы ФСБ. У 2015 годзе расейскі суд прысудзіў яго да 20 гадоў зняволення паводле абвінавачання ў тэрарызме. Міжнароднымі арганізацыямі арышт Сянцова быў прызнаны незаконным, а сам рэжысёр — палітвязнем. З траўня 2018 года да цяперашняга дня трымае галадоўку.
Па словах Аляксандра Буракова, пікет у падтрымку Сянцова — гэта справа гонару для праваабаронцаў:
— Мне катэгарычна не падабаецца, што прыезд Пуціна ўспрымаюць у Магілёве як візіт суперзоркі. Пакуль яго тут будуць радасна вітаць і паслужліва паказваць горад, дзесьці ў расійскай калоніі пакутуе невінаваты чалавек, якога пасадзілі толькі за тое, што ён хацеў тэрытарыяльнага адзінства для сваёй краіны.
Праваабаронцы не маюць асаблівых ілюзій, што Магілёўскі гарвыканкам задаволіць заяўку і дазволіць правесці мірны сход:
— У гэтыя дні горад будзе стэрыльным, гэта відавочна. Але мы лічым важным нагадаць пра праблему Алега Сянцова, які трымае галадоўку ўжо некалькі месяцаў. У Магілёве не ўсе радыя прыезду Пуціна і не радыя палітыцы расейскіх уладаў у сферы правоў чалавека.