Касмічнае свінства, або Пару словаў пра суботнік у Магілёве
Пакуль Аляксандр Лукашэнка расказваў, як касмічныя караблі барозняць прасторы Сусвету, у яго родным Магілёве таксама адбывалася нешта касмічнае.
У панядзелак кіраўнік Беларусі гасцінна адкрываў у Мінску XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў.
— Касмічная галіна нашай краіны ўпэўнена развіваецца, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
І агучыў сусветныя трэнды:
— На парадку дня — пілатавання караблёў на Марс, — заявіў ён, адзначыўшы, што «мы ўсе ў адказе за будучыню гэтага кавалачка Сусвету».
А ў гэты час на другой частцы таго ж кавалачка Сусвету адбывалася таксама нешта касмічнае, піша gazetaby.com. Улады Магілёва вырашылі арганізаваць суботнік да Форуму рэгіёнаў, на які ў кастрычніку абяцаўся прыехаць Уладзімір Пуцін. З першага погляду, здаецца, што ад слова «суботнік» да слова «космас» адлегласць у сотні светлавых гадоў. Але магілёўскім уладам удалося гэтую дыстанцыю істотна скараціць, паказаўшы небывалы маштаб касмічнага ... свінства.
З 20 жніўня па 19 верасня (цэлы месяц!) распараджэннем гарвыканкама кожныя выхадныя для жыхароў горада сталі бясплатнымі працоўнымі днямі. Звычайна людзі працуюць на сваім працоўным месцы і пералічваюць у бюджэт горада дзённы заробак. Зыходзячы з сярэдняй зарплаты па Магілёве дзесьці 20-30 рублёў кожны.
Пра тое, што рабская праца і прыгоннае права былі адмененыя яшчэ паўтара стагоддзя назад, магілёўскія ўлады, відавочна, не чулі. Як і тое, што суботнік — справа добраахвотная. Але гэта яшчэ паўбяды. Пералічаныя грошы ідуць на даволі дзіўныя пражэкты ў выглядзе трыўмфальных арак, падобныя тым, што ўзводзілі расійскія кіраўнікі пасля далучэння беларускіх зямель.
Але і гэтага мясцовым уладам падалося мала. Відавочна, каб канчаткова пацвердзіць статус дзяржавы, што імкнецца ў паднябессе, кіраўнік Магілёва вырашыў самастойна падняцца ў паветра на верталёце, каб адтуль паназіраць, як ідзе добраўпарадкаванне горада. Як падлічыў магілёўскі інфармацыйны партал 6tv.by, такая паездка абышлася гараджанам мінімум у 3000 рублёў. Ну а куды ж яшчэ было пусціць заробленыя імі грошы?
Разганяючы ветра лопасцямісамалёта, старшыня адзначыў, што «сур'ёзных нараканняў да прадпрыемстваў і арганізацый Магілёва не выявілі». Зрэшты, як заўважае партал, больш карысна было б, калі б магілёўскі кіраўнік горада праінспектаваў горад на сваім службовым аўто, з бюджэтам у 100 рублёў, дзе б ён убачыў тое, чаго не разглядзець з верталёта. «А менавіта: ён убачыў бы, як развальваюцца масты пасля капітальнага рамонту, што няма дарог у дварах дамоў і ў прыватным сектары, што халтурна праводзяцца рамонты па добраўпарадкаванні і многае іншае».
Але такія «дробязі», як і нейкія зямныя зарплаты і пенсіі, наўрад ці ў стане зацікавіць тых, у каго наперадзе глабальныя касмічныя планы ...