У асаджаным Астраўцы

Калі я з калегамі з незалежных мас-медыя 9 кастрычніка ехаў у Астравец, каб прысутнічаць на «Грамадскіх абмеркаваннях па матэрыялах папярэдняй рэдакцыі ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе дзейнасці па будаўніцтве і эксплуатацыі атамнай электрастанцыі ў Рэспубліцы Беларусь» (па-руску ОВОС), спадзяваўся на тое, што пытанне будзе абмяркоўвацца ў «гамлетаўскім» ключы — быць ці не быць АЭС у Беларусі. Хоць мы і не цешылі сябе ілюзіямі, убачанае пераўзышло ўсе нашы чаканні.



86e8f7ab32cfd12577bc2619bc635690.jpg

Калі я з калегамі з незалежных мас-медыя 9 кастрычніка ехаў у Астравец, каб прысутнічаць на «Грамадскіх абмеркаваннях па матэрыялах папярэдняй рэдакцыі ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе дзейнасці па будаўніцтве і эксплуатацыі атамнай электрастанцыі ў Рэспубліцы Беларусь» (па-руску ОВОС), спадзяваўся на тое, што пытанне будзе абмяркоўвацца ў «гамлетаўскім» ключы — быць ці не быць АЭС у Беларусі. Хоць мы і не цешылі сябе ілюзіямі, убачанае пераўзышло ўсе нашы чаканні.
Яшчэ за пэўную адлегласць да Астраўца на развілках дарог з’явіліся ўзмоцненыя пасты ДАІ. На ўездзе ў Астравец стварылася такое ўражанне, што тут маюць адбыцца не грамадскія абмеркаванні нейкіх звязаных з будаўніцтвам АЭС пытанняў, а сама мала саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД. Бо як інакш патлумачыць, што ўвесь цэнтр нагадваў асаджаную спецслужбамі зону спецпрыёмаў?
Я яшчэ падчас даезду пажартаваў, што не здзіўлюся, калі праз колькі хвілін убачу тут палкоўніка Аляксандра Барсукова (першага намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Беларусі), які ўжо шмат гадоў, незалежна ад займанай у МУС пасады, самаматэрыялізуецца там, дзе нават тэарэтычна могуць быць праявы іншадумства… І тут — прывітанне, таварыш Барсукоў, даўно не бачыліся! Праўда, гэта бязмоўная сустрэча адбылася крыху пазней, ля месца правядзення мерапрыемства. А да таго нам яшчэ выпала прайсці спецкантроль. Дарэчы, мы прыбылі ў Астравец нашмат раней за час пачатку рэгістрацыі, таму змаглі нармальна прыпаркавацца недалёка ад ужо створанага «Інфармацыйнага цэнтра АЭС».
Але калі «заўчасна» паспрабавалі прайсці да месца рэгістрацыі, тут жа атрымалі жорсткі адказ з боку экіпаваных спецназаўцаў: «Приходите вовремя, то есть в десять часов».
Каб не губляць дарэмна часу, мы скіраваліся ў бліжэйшую кавярню, якая, паводле інфармацыі, мусіла працаваць з дванаццаці нуль-нуль, але, відаць, па рэкамендацыі мясцовага кіраўніцтва адчыніла свае гасцінныя дзверы ўжо ў немаведамую рань. Там мы былі шчыра вітаныя мясцовымі афіцыянтамі (вельмі добрыя і выхаваныя людзі, дарэчы).
А дзесятай раніцы мы зноў скіраваліся да «кантрольна-прапускнога пункту», якіх па перыметры будынка было ажно некалькі. Там мы падпалі пад працэдуру дагляду, які звычайна ладзіцца ў аэрапортах, — з «абдымкамі», ператрусаваннямі ванзэлкаў, даследаваннем тэхнікі. Дарэчы, у мяне супрацоўнік праваахоўных органаў некалькі разоў спрабаваў высветліць, дзе ў маім дыктафоне фота- ці відэакамера, хоць я ўпарта тлумачыў, што «фота» і «аўдыё» — зусім розныя рэчы. Нарэшце, дайшло…
Калі патрапілі на месца правядзення «абмеркаванняў», высветлілася, што намі займацца пакуль што няма каму, таму што асноўная група (а мы, дарэчы, таксама былі афіцыйна акрэдытаваныя) прыедзе толькі блізу пачатку самога мерапрыемства. На ўсялякі выпадак, мы зарэгістраваліся як шараговыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія прыехалі ў Астравец «прадстаўляць саміх сябе» (так было запісана ў фармулёўцы).
Ужо да пачатку «акцыі» зала пасяджэнняў была амаль запоўнена тымі, каго там пажадалі бачыць арганізатары мерапрыемства — «прадстаўнікі шырокай грамадскасці» з розных рэгіёнаў Гродзеншчыны, а таксама «аматары ў цывільным». Некаторыя тамтэйшыя знаёмыя казалі мне, што вельмі шмат было ў зале апранутых у цывільнае супрацоўнікаў мясцовага РАУСа, а асобы, якія стаялі на ўваходзе ў зал з бэджамі «валанцёр» і «службовымі зоркамі» ў вачах, апроч смеху, выклікалі хіба што адчуванне нават не расчараванасці, але агіды, што ты кольвек зноў трапіў у савецкую эпоху (а ці выходзіў з яе?).
«Абмеркаванні» нагадвалі партыйную канферэнцыю канца 1970-х гадоў. Сфарміраваны з высокапастаўленых асоб абласнога і мясцовага ўзроўню прэзідыум, наяўнасць выступоўцаў, якія ў пераважнай большасці чыталі па паперцы ды ўхвалялі будаўніцтва АЭС і нават зайздросцілі астраўчанам, што яна будзе будавацца менавіта ў іх, а не, напрыклад, у іншых раёнах вобласці. А яшчэ — непрыхаваная знявага да паважаных людзей, якія не з’яўляюцца прыхільнікамі з’яўлення АЭС на тэрыторыі Беларусі. І ўсеагульны «адабрам-с».
Чыноўнікі былі задаволены ажно да бляску на тварах і ў вачах, бо правялі «для галачкі» мерапрыемства, каб паказаць МАГАТЭ і сусветнай супольнасці, што «пытанні будаўніцтва АЭС» абмяркоўваюцца ў Беларусі на самым шырокім грамадскім узроўні. А шараговыя грамадзяне, у чым мы ўпэўніліся падчас слуханняў і на наступны дзень, калі паехалі па Астравеччыне, не выказваюцца на тэму «будоўлі стагоддзя», баючыся за патэнцыйнае працаўладкаванне і нават за свой далейшы лёс.
Прыкра было назіраць, як нават маладыя людзі, якія прадстаўляліся дырэктарамі сельскіх школ ці каледжаў, энергетыкамі і гэтак далей, «дулі ў адну дуду» з высокапастаўленымі апалагетамі атамнай энергетыкі.
* * *
Карэспандэнт БелаПАН Васіль Сямашка падляцеў да мяне і паведаміў, што толькі што затрыманы і дастаўлены ў мясцовы РАУС вядомы расійскі эксперт, фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі, прадстаўнік арганізацыі «Экаабарона». Ён хацеў азнаёміць удзельнікаў «абмеркаванняў» з незалежнай экспертызай «Ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе». Вынік — сем сутак адміністратыўнага арышту «за дробнае хуліганства». З’ездзіў у Беларусь на «грамадскія абмеркаванні»…