У Беларусі амаль 45 % імігрантаў — з Украіны

За 6 месяцаў гэтага года ўкраінцы падалі 77 % ад усіх хадайніцтваў аб прытулку ў нашай краіне.



index35.jpg

На сённяшні дзень каля 60 тысяч мігрантаў чакаюць прытулку ў краінах ЕС. З іх каля 40 тысяч чалавек — тыя, хто пераплываў Міжземнае мора на  караблях, — ужо знаходзяцца ў Італіі і Грэцыі. Каб знізіць нагрузку на гэтыя краіны, Еўрапейская камісія прыняла рашэнне размеркаваць мігрантаў па ўсіх краінах ЕС.

Спачатку меркавалася, што дзяржавы Саюза будуць прымаць долю мігрантаў і бежанцаў у адпаведнасці з колькасцю свайго насельніцтва, памерам ВУП і ўзроўнем беспрацоўя. Але пагадзіліся на гэта не ўсе. Супраць абавязковых квот выступілі Іспанія, Партугалія, Чэхія, Польшча, Славакія, Венгрыя, Літва, Латвія і Эстонія, паведамляе Euronews.

Сітуацыя з колькасцю мігрантаў змяняецца не толькі ў краінах ЕС, але і па ўсёй Еўропе, у тым ліку і ў Беларусі.

Паводле дадзеных Белстата, у 2012 годзе з замежжа да нас пераехала 18 040 іншаземцаў, у 2013 годзе — на 1,5 тысячы больш, а ў 2014 годзе ўжо на 7 тысяч больш — 24 941. За першы квартал гэтага года — 7 177 чалавек.

У мінулым годзе большасць людзей прыбыла з Расіі (36,6 %), Украіны (25,3 %) і Туркменістана (6,8 %). У гэтым годзе большасць — з Украіны (44,4 %), Расіі — 28,9 % і Казахстана — 6,7 %.

У Белстаце адзначаюць, што ў гэтыя лікі трапляюць толькі тыя замежнікі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі больш за год.

Начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун яшчэ ў чэрвені заявіў, што ў апошнія два гады Беларусь упершыню сутыкнулася з такім масавым павелічэннем колькасці замежных грамадзян, якія шукаюць у нас прытулак.

У мінулым годзе з хадайніцтвамі аб прытулку звярнулася 867 замежнікаў. Гэта ў 4 разы больш, чым у 2013 годзе. Сярод іх грамадзяне Украіны склалі 76,5 %. Са студзеня па травень гэтага года такія хадайніцтвы былі атрыманыя ўжо ад 563 замежнікаў, з якіх 76,9 % склалі грамадзяне Украіны (большасць — з паўднёва-ўсходняга рэгіёну суседняй краіны), 11,2 % былі грамадзянамі Сірыі, 4,5 % — грамадзянамі Афганістана.

Аляксей Бягун таксама кажа, што ў мінулым годзе ўкраінцам было выдадзена 20 тысяч спецдазволаў на права працоўнай дзейнасці ў Беларусі. У бягучым годзе такія спецдазволы атрымалі ўжо 8 352 грамадзяніны Украіны, з іх больш за 3 тысячы — у льготным парадку (грамадзяне, які прыбылі з Данецкай і Луганскай абласцей). У Мінску грамадзянам Украіны выдадзена 2 790 спецдазволаў на права заняцця працоўнай дзейнасцю, з іх у льготным парадку — 800.

Але, на думку начальніка Дэпартамента, міграцыйная сітуацыя ў Еўропе і ў Беларусі адрозніваецца прынцыпова.

“Калі ў Еўропе гэта нелегальныя мігранты, дык у нас гэта легальныя, кіруемыя міграцыі. Усё ў межах заканадаўства: мэтавы пераезд на пастаяннае месца жыхарства, праграма рассялення, часовае пражыванне ў сувязі з працоўнай дзейнасцю, на навучанне і т.п. Перад намі стаяць розныя праблемы. Калі мы кіруем міграцыяй, Еўрасаюз спрабуе ёй кіраваць”, — распавядае Аляксей Бягун.

Ён таксама адзначае, што праблемаў з інтэграцыяй у беларускае грамадства у самай вялікай іміграцыйнай плыні — украінскай — няма. Жыллё ім прадастаўляецца ў асноўным там, дзе ёсць праца. Часцей за ўсё — у сельскай мясцовасці.

"Еўрарадыё"