Улады Мінску хочуць знесці царкву «Новае жыццё», каб пабудаваць школу з басейнам

Хрысціянская поўнаевангельская царква «Новае жыццё», што ў былой вёсцы Сухарава, зноў пад пагрозай зносу. На яе месцы збіраюцца пабудаваць сярэднюю школу больш як на тысячу вучняў і басейн, піша «Радыё Свабода».

Царква «Новае жыцьцё»,

Царква «Новае жыцьцё»,

16 студзеня ў 6-й школе па вуліцы Янкоўскага, 23 пройдзе грамадскае абмеркаванне плану забудовы.

Галоўная архітэктарка раёну: «Не будзем прыспешваць падзеі»

На сайце адміністрацыі Фрунзенскага раёну Мінску ўжо апублікавалі дэталёвы план забудовы гэтай тэрыторыі.

З яго вынікае, што царкву «Новае жыццё» знясуць, а замест яе будзе новая школа на 1241 вучня і басейн (аб’екты пазначаныя нумарамі 3 і 3.1). Побач — абʼект № 6 у форме крыжа, але ў расшыфроўцы да ПДП яго няма.

 

План забудовы Сухарава, на контуры царквы «Новае жыццё» паказвае стрэлка

План забудовы Сухарава, на контуры царквы «Новае жыццё» паказвае стрэлка


Паводле начальніцы ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Фрунзенскага раёну Наталлі Пілецкай, праект дэталёвага планавання вёскі Сухарава канчаткова яшчэ не адкарэктаваны і знаходзіцца на дапрацоўцы ў Мінскпраекце.

«У нас на руках няма ад Мінскпраекту канчаткова скарэктаванага ПДП вёскі Сухарава. Не будзем прыспешваць падзеі. Калі ён з’явіцца, мы яго вывесім на сайце і будзем разам вывучаць, абмяркоўваць і ўносіць прапановы», — сказала Наталля Пілецкая.

Паводле ж іншай працаўніцы гэтага ж упраўлення, у плане ўсё як мае быць.

«Там нічога не прапушчана. Усё, што трэба, пазначана. Дзеля таго мы і праводзім прэзентацыю 16 студзеня».

 

Царква «Новае жыццё», архіўнае фота «Радыё Свабода»

Царква «Новае жыццё», архіўнае фота «Радыё Свабода»

Яна адмовілася паведаміць, што за аб’ект пад нумарам 6 пабудуюць побач са школай і басейнам на месцы царквы «Новае жыццё».

«Будзе камісія, будзе праектавальнік — людзі, якія складалі гэты план, і яны адкажуць на ўсе пытанні зацікаўленых грамадзян», — сказала архітэктарка.

Яна толькі пацвердзіла, што на месцы царквы «Новае жыццё» сапраўды плануецца пабудаваць школу з басейнам.

 

Пастар Ганчарэнка: «Молімся, каб уладаносцы ўсё ж адумаліся»

 

Вячаслаў Ганчарэнка,  архіўнае фота «Радыё Свабода»

Вячаслаў Ганчарэнка, архіўнае фота «Радыё Свабода»

Старэйшы пастар царквы «Новае жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка чуў пра грамадскае абмеркаванне ПДП, але не ведае, што плануюць пабудаваць на месцы ягонага прыходу.

«Шчыра кажучы, мы самі пакуль дакладна не ведаем, што яны задумалі. Бо калі мы сустракаліся апошні раз у адміністрацыі Маскоўскага раёну ў лістападзе, чыноўнікі казалі, што ёсць канкрэтныя планы. Раней чулі пра школу, дзіцячы садок, а цяпер нібыта ўжо нейкая медычная ўстанова. 16 студзеня быццам бы будзе грамадскае абмеркаванне ў школе на Янкоўскага.

Мы збіраемся на гэтае абмеркаванне. Спадзяёмся на Божую дапамогу. Бо ў нас царква вялікая — 1600 прыхаджан, працуюць нядзельныя школы, праводзяцца адукацыйныя заняткі.

Молімся, каб адстаяць, каб уладаносцы ўсё ж такі адумаліся», — сказаў Вячаслаў Ганчарэнка.

 

Будынак царквы «Новае жыццё», гісторыя супрацьстаяння

У 2002 годзе царква «Новае жыццё» выкупіла занядбаны кароўнік на ўскрайку гораду, адрамантавала яго, і з 2004 году там адбываюцца набажэнствы.

 

764dc97d_6ec1_4e2f_a0bf_a7d11ed0ba0b_w650_r0_s.jpg

У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную абшчыну права карыстання зямельным участкам, які раней быў выдзелены царкве бестэрмінова.

 

5e9f53af_be02_49c6_acbb_732d0fb68e91_w650_r0_s.jpg

У 2006 годзе, каб прыцягнуць увагу да праблемаў царквы, вернікі правялі галадоўку-пост, якая доўжылася каля месяца. Сітуацыя вакол царквы набыла шырокі грамадскі розгалас і міжнародны рэзананс.

 

cea09770_294a_4889_9621_b4c3f28d4cb7_w650_r0_s.jpg

У 2009 годзе суд пазбавіў абшчыну права ўласнасці на будынак царквы па вуліцы Кавалёва, 72.

 

ce0c72cd_bc24_44f9_8f2a_cb283298a909_w650_r0_s.jpg

У ліпені 2010 года мінскі гаспадарчы суд аштрафаваў царкву больш як на 85 тысяч долараў (у пераліку) «за забруджванне навакольнага асяроддзя». Вернікі палічылі дзеянні ўлады незаконнымі і вырашылі штраф не плаціць.

 

934399c8_e474_4767_bd5b_366f7f1fab2f_w650_r0_s.jpg

Цяперашні ўласнік будынку, ЖРЭА Маскоўскага раёна Мінску, не раз звяртаўся ў эканамічны суд з патрабаваннем прымусіць царкву «Новае жыццё» вызваліць памяшканне. Аднак царква дзейнічае дагэтуль.

www.svaboda.org