Калядныя гулянні ля сцэны «Тэлевізар» (фота, відэа)
На калядным кірмашы мінскай плошчы Свабоды ўсталявана прышпільная сцэна «Тэлевізар». 2 студзеня з яе любанскія музыкі далі майстар-клас па традыцыйных танцах і прагучаў праект «Калядныя песні пад гуслі».
Ля сталічнага кафедральнага сабора сёлета амаль як у Еўропе: працуе калядны кірмаш і разнастайная забаўляльная праграма. Як ні дзіўна, выступы вельмі і не вельмі вядомых зорак праходзяць не на вялікай сцэне, а на камернай, усталяванай на адным узроўні з гледачамі. Да таго ж сцэна зроблена... у форме старога тэлевізара, з антэнай-«рожкамі» і круцёлкамі для гуку і змены каналаў. Забаўляльныя праграмы на сцэне «Тэлевізар» стартавалі 28 снежня калядным Спеўным сходам (ён, дарэчы, паўторыцца 3 студзеня а 19.00).
2 студзеня на плошчу Свабоды завіталі этнахарэограф Сяргей Выскварка, гарманіст Васіль Васільевіч Семашкевіч і бубнач Мікалай Міхайлавіч Юніцкі з Любані. Яны далі майстар-клас па беларускіх традыцыйных танцах, пераважна з Любанскага раёна, але не толькі. Можна было, напрыклад, вывучыць «Літвін» з Заходняй Беларусі і танцы нашых краін-суседак.
Пасля любанцаў выступілі музыкі Алесь Чумакоў з гурта «Стары Ольса» і Таццяна Ячная з гурта «Апошні шылінг». Яны падрыхтавалі супольную праграму з перакладам на беларускую мову вядомых еўрапейскіх калядных песень, што прагучалі пад акампанемент гуслей. Мінчукі пачулі, сярод іншага, «Ціхую ноч» у перакладзе Наталлі Арсенневай, «Звон звініць» у перакладзе Алега Хаменкі, «Вясёлых калядных святаў» у перакладзе пераможцы прэміі імя Ежы Гедройца 2016 года Макса Шчура, калядку на сярэднявечную мелодыю «Зялёныя рукавы».
Сцэна «Тэлевізар» працуе да 5 студзеня.
Фота і відэа Алены Ляшкевіч