У метале толькі дзяўчаты
Пачатак студзеня для фанаў метал-музыкі абяцае быць цікавым. Адразу два фэсты падобнай канцэпцыі – гурты з жаночым вакалам – пройдуць у Мінску.

Вакалістка гурта Yawar Анастасія Мацкевіч-Аляксандрава падчас выступу на «Купальскім коле-2018». Фота Алены Ляшкевіч.
Для слухачоў гэта добры шанец атрымаць адносна поўнае ўяўленне пра жаночую беларускую метал-сцэну ўсяго за два дні. Адносна – бо ў праграме ніводнага з фэстаў няма, напрыклад, досыць вядомага гурта Dymna Lotva з незабыўным жаночым гроўлінгам і менш вядомага праекта Zdań з вакалам у стылі шрайк, на які таксама складана забыцца, хоць раз пачуўшы.

Першы фэст, The Best Metal Girls, адбудзецца 5 студзеня ў клубе Re:public. Выступяць гурты Аlcyona, Loudscage, Awakening Our Memories, Among Your Gods, Exist m, Sameli, SemantiC SC, Incerto, Asymmetry, Fevilance, Yawar. Фота з выступа апошняга гурта на «Купальскім коле-2018» НЧ публікаваў тут.

А ўжо на наступны дзень, 6 студзеня, у клубе «Бруге» пройдзе фестываль Female Metal Force. Выступяць гурты Among Gods, Kliodna, Argos, Frozen Garden.
На пытанне, як так атрымалася, што два падобныя фэсты пройдуць з розніцай усяго ў адзін дзень, арганізатары абодвух мерапрыемстваў адказалі, што анансавалі свае канцэрты загадзя, яшчэ ўлетку 2018-га, і не ведаюць наконт канкурэнтаў.