Атака жанчын, бунт у тамбуры і канец парыжскага сексу

Беларускія рэжысёркі атакавалі міжнародныя кінапляцоўкі, фестываль «Лістапад» адбыўся з вялікім скандалам, а аўтар «Апошняга танга ў Парыжы» адышоў у вечнасць.

Кадр з фільма "Крышталь" Дар'і Жук 

Кадр з фільма "Крышталь" Дар'і Жук 


2018 год для беларускага кіно стаў адметным. Цяпер ужо можна гаварыць пра новую хвалю беларускага кіно, і на чале гэтай хвалі — жанчыны.

Дар’я Жук прадставіла публіцы і Оскараўскаму камітэту сваю карціну «Крышталь». Рэтрастужка пра дзяўчыну, якая марыць з’ехаць у Амерыку — і трапляе ў беларускую глыбінку, прыцягнула гледачоў у кінатэатры дый выклікала спрэчкі.

krysztal.jpg

На тле гэтай карціны, знятай міжнароднай групай, не згубілася ў пракаце сціплая стужка Юлі Шатун, пераможцы леташняга «Лістападу». Яе фільм «Заўтра», зняты за ўласныя грошы і з бацькамі ў галоўных ролях, дасюль збірае ўзнагароды на фестывалях. Міністр культуры Беларусі карцінаю абурыўся, але гэта не перашкодзіла «Заўтра» знайсці новых прыхільнікаў сярод сінефілаў.

Настасся Мірашнічэнка зняла дакументальную стужку «Дэбют» пра аматарскі тэатр у жаночай калоніі. Зняволеныя жанчыны рыхтуюцца да прэм’еры свайго спектакля, на які прыедуць іх сваякі. На дакументальным конкурсе Кракаўскага кінафэсту фільм заслужыў асобнай згадкі журы. Пад канец года стужку пабачылі беларускія гледачы. Гэта не першая карціна Мірашнічэнкі. Яе папярэдняя стужка «Скрыжаванне» — пра бяздомнага мастака — расчуліла гледачоў на Варшаўскім кінафэсце.

З Варшавы на сёлетні «Лістапад» прыехала Мара Тамковіч, каб прадставіць кароткаметражную карціну «Дачка». Фільм, які атрымаў узнагароду ў Нацыянальным кінаконкурсе, зняты за грошы Польскага кінаінстытута, з польскімі акцёрамі і на польскае мове, але гісторыя, расказаная ў карціне, перагукаецца не толькі са спрэчкамі, што точацца ў Польшчы, але і з тэмай жаночай годнасці, узнятай у фільме «Крышталь».

daczka.jpg


Калі бацька-ўдавец прыходзіць дадому павіншаваць дачку з днём нараджэння, то знаходзіць яе, акрываўленую і непрытомную, у лазенцы. Колькі месяцаў таму дачка была згвалтаваная на школьнай вечарыне — і цяпер носіць пад сэрцам дзіця.

Бацька звяртаецца да паліцыі, спрабуе знайсці і пакараць вінаватых, але яго не жадаюць і слухаць. Паліцыя адмаўляецца весці справу, а педагогаў цікавіць толькі, чаму дзяўчынка не ходзіць у школу (тыпажы такіх сацыяльных работніц ва ўсіх краінах аднолькавыя). Разгубленыя бацька і дачка застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі.

Дарэчы, у журы Нацыянальнага конкурсу ўвайшла рэжысёрка Дар’я Юркевіч, якая кінамастацтву таксама вучылася за мяжой, а менавіта — у Францыі. Яе ігравая стужка «Баба, Ваня і каза», што выглядае як дакументальная замалёўка з вясковага жыцця, паспяхова паўдзельнічала ў міжнародных фэстах, роўна, як і чорна-белая вытанчаная «Пасха». Цяпер Юркевіч здымае на «Беларусьфільме» дакументальную гісторыю пра падлеткаў, якія жывуць каля Чарнобыльскай зоны.

Але беларускае кінажыццё кіпіць, у асноўным, па-за межамі кінастудыі, дый па-за межамі самой краіны. 29-гадовы Аляксей Палуян, навучэнец нямецкай кінашколы, прадстаўляе на фестывалі кароткаметражных фільмаў у Клермон-Феране (дзе ўжо пабывала «Баба, Ваня і каза») сваю стужку «Возера радасці» паводле аднайменнай кнігі Віктара Марціновіча. Фестываль у Клермон-Феране — найпрэстыжнейшы агляд кароткага метру.

А вось рэжысёр Андрэй Куціла перамог у найгалоўнейшым кінафэсце дакументальнага кіно IDFA. Героі яго стужкі «Summa» — 90-гадовы польскі мастак Анджэй Струміла і яго беларуская сяброўка мастачка Марыя. Адначасова стужка Куцілы «Стрыптыз і вайна» — карціна пра ўнука-стрыптызёра і дзеда-ветэрана, знятая на «Белсаце» — была адхіленая ад конкурсу на сёлетнім «Лістападзе» з цэнзурных меркаванняў. 

Скандал вакол «Лістападу» — яшчэ адна сёлетняя кінападзея. Фільмы на конкурс заўжды адбірала фестывальная камісія, але цяпер у Нацыянальны конкурс былі ўнесеныя істотныя змены. Права дапускаць ці не дапускаць фільмы на конкурс атрымалі чыноўнікі на чале з намесніцай міністра культуры Ірынай Дрыга.

Такая змена правілаў выклікала гучнае абурэнне кінематаграфістаў.

perazimavac.jpg


У знак пратэсту супраць цэнзуры рэжысёрка Ева-Кацярына Махава зняла з конкурсу свой дакументальны фільм «Перазімаваць». Стужка расказвае пра вясковых старых, якія пражываюць зімовыя вечары ў інтэрнаце — і становіцца партрэтам усёй Беларусі, якая спынілася ў часе і ніяк не дачакаецца канца халадоў.

Да Кацярыны Махавай далучыліся Кірыл Галіцкі і Святлана Казлоўская, якія адазвалі з фестывалю сваю ігравую стужку «Пляж/Лес/Тамбур». Акрамя таго, яны распачалі серыю гутарак з кінематаграфістамі, каб тыя расказалі пра праблемы і будучыню беларускага кіно. Пасля доўгіх гадоў маўчання, беларускія кінамастакі пачалі гаварыць і аб’ядноўвацца.

pljaz_les_tambur.jpg


Гільдыя беларускіх кінапрадусараў напісала скаргу сваім калегам, а журы фестывалю са сцэны выказаліся супраць цэнзурнага ўмяшальніцтва ў кінапрацэс. Неўзабаве намесніца міністра Ірына Дрыга была знятая са сваёй пасады, што выклікала непрыхаваную радасць сярод беларускіх мастакоў.

Беларускі кінапрацэс стаў заўважным. Варта адзначыць яшчэ адну падзею, якая засталася ў нас недаацэненай. Беларускія экраны пабачыла стужка Сяргея Талыбава «Унутры сябе». Гэтую карціну крытыкавалі як легкадумную, камерцыйную і другасную. Але нават спроба зрабіць чысты жанравы фільм, беларускі трымценнік, а калі дакладней, беларускі «крывава-жоўты фільм», падобны на італьянскія стужкі, — заслугоўвае ўсялякага ўхвалення. У акне дома ў Ракаўскім прадмесці з’яўляецца забойца ў плашчы і пальчатках, герой сумняваецца ў доказах і губляе прытомнасць, нож тырчыць у сэрцы, а сямейныя таямніцы багатыя на псіхозы, падмены і кашмары.

unutry_sjabe.jpg


Што яшчэ важней — стужка зробленая па-за межамі грувасткай кінастудыі, а пракату — як у краіне, так і за мяжой — карціна дамагалася самастойна, без усялякіх датацый і прэферэнцый.

Сумная навіна прыйшла 26 лістапада 2018 года. Пакінуў свет італьянскі кінарэжысёр Бернарда Берталучы. Яго «Канфарміст», «Дваццатае стагоддзе», «Апошні імператар», «Апошняе танга ў Парыжы» засталіся абсалютнай класікай кіно.

Карціна «Апошняе танга ў Парыжы» ўвогуле, выклікала шок у савецкіх ахоўнікаў маралі. Яны не маглі дараваць, як герой Марлона Брандо выкарыстоўвае масла ў любоўных гульнях. «У нас, у Савецкім Саюзе, масла ядуць!» — крычалі яны, не ўдакладняючы, што масла ядуць не заўжды і не ўсе. Рэдкі на экране шэдэўр з экзістэнцыйнай трагедыяй, зняты з неверагоднай жарсцю, адчыніў шлюзы эратычнага кіно і легалізаваў сексуальную рэвалюцыю.

Берталучы, як чалавека з левымі поглядамі, у Савецкім Саюзе прывячалі. Аднойчы, калі Берталучы паказваў у Маскве сваё «Дваццатае стагоддзе» дый кляйміў буржуазію за выразанне з фільму чырвоных сцягоў, ён даведаўся, што ў СССР пракатвалі ягоную антыфашысцкую стужку «Канфарміст». Рэжысёр захацеў паглядзець яе. Чыноўнікі супраціўляліся: разумееце, у СССР няма лесбіянства. І гомасексуальнасці. Мы гэта выразалі. І крыху перамантажавалі, каб гледачы ўсё зразумелі. Нарэшце, шыкоўная каляровая стужка — у СССР сталася чорна-белай.

Рэжысёр Андрэй Кудзіненка дапускае, што адна беларуская чорна-белая стужка магла паўплываць на Берталучы, калі той здымаў «Стратэгію павука», дый нават справакаваць парыжскія бунты 1968 года. Гутарка ідзе пра фільм Валянціна Вінаградава «Усходні калідор». Гэтая стужка, аблаяная ў Савецкім Саюзе, магла быць паказаная ў парыжскай сінематэцы і выклікаць нечаканыя наступствы.

 Кадр з фільма «Усходні калідор»

 Кадр з фільма «Усходні калідор»

Але, як бы там ні было, час колішніх студэнцкіх і сексуальных бунтаў цяпер сышоў. Жанчыны і маладыя рэжысёры, якія прыходзяць у прафесію, гля­дзяць на свет інакш. Секс хутчэй небяспечны, прастора хутчэй халодная, жарсці крышталёвыя і заціснутыя. Беларускае кіно, перазімаваўшы, ціха прыходзіць у сябе.