Купальскае кола: дзень першы (шмат фота)
Працягваюцца купальскія фестывалі. Парк забаў Dreamland 22 – 23 чэрвеня
прымае «Купальскае кола». У першы дзень выступілі зоркі метал-сцэны:
беларускі GOD’S TOWER і расійскі МАСТЕР, а яшчэ – госці з Латвіі і
Чэхіі.

Трапіць на “Купальскае кола” прасцей, чым на “Свята сонца”, не трэба думаць пра трансфер. Кошт уваходу, калі набываць квіткі загадзя, амаль не адрозніваўся. Але чамусьці ў Дудуткі на свята прыехала некалькі тысяч наведвальнікаў, а ў Dreamland у першы дзень фестывалю — усяго каля 500. Магчыма, гэта тлумачыцца вышэйшым коштам квіткоў на ўваходзе, тым, што збольшага народ арыентуецца на другі фестывальны дзень, і што згаладаўшыся за зіму па open-air-ах ужо патрацілі грошы на “Свята сонца”.
З уласна купальскіх актыўнасцяў у першы дзень “Купальскага кола” — абрад ад спявачак са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, дармовы выраб вянкоў для ўсіх ахвочых, продаж гарбаты “Купальскай” ад Юліі Літвінавай і Дзям’яна Мурашкі ды тэматычная песня ў гурта DYMNA LOTVA. Магчыма, у другі дзень купальская музычная праграма будзе большая.



Каля 17.30 здавалася, што людзей у парку Dreamland амаль няма. Але а шостай зайгралі GOD’S TOWER – і адкульсьці слухачы ўзяліся! Гамельчукі выступалі, як заўсёды, з запалам, добра разгойдалі натоўп. Праграму на галоўнай сцэне завяршаў гурт МАСТЕР з барадатымі хітамі, што выклікалі ў публікі гоман замілавання. Троху псіхадэлічна над усім металёвым трэшам лунаў чырвона-зялёны сцяг, што ўсталяваны ля недалёкай прэзідэнцыі.
На мой сціплы погляд, праграма на малой сцэне была значна цікавейшай, чым на галоўнай, хаця GOD’S TOWER, канечне, па-за канкурэнцыяй. Спачатку – YAWAR з харызматычнай вакалісткай, фотагенічнымі музыкамі і беларускамоўным матэрыялам. Потым – латышы VARANG NORD з не менш фотагенічнымі музыкамі і дзікай акардэаністкай, што ўмудралася адначасова граць, скакаць па сцэне і трэсці хайрам. З нялёгкім, заўважу, інструментам у руках! За латышамі – чароўная і атмасферная DYMNA LOTVA з жаночым гроўлінгам, прадуманнымі сцэнічнымі вобразамі і раздачай публіцы вянкоў. А на закуску – чэскі гурт PANYCHIDA, што ўмудрыўся адцягнуць немалую частку публікі ў мэтра-МАСТЕР-а, які выступаў паралельна.
Ну, і на завяршэнне вечару – шэсце з паходнямі, распальванне вогнішча, гранне на дудзе і традыцыйныя спевы ад Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Фэст яшчэ працягваецца 23 чэрвеня, прыходзьце! На галоўнай сцэне выступяць гурты MASSENHINRICHTUNG, TROLLWALD, OMUT, ZNICH, КРАМБАМБУЛЯ і этнастудыя КЕТРЫ. Малая сцэна таксама абяцае шмат цікавостак! Чакайце рэпартаж з другога дня фестывалю!