«Усходняе партнёрства»: паміж эканамічным і палітычным вектарамі

10 кастрычніка ў гатэлі «Crownе Plaza» прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «ЕС—Беларусь: контуры партнёрства». Упершыню ў Беларусі экспертная супольнасць такога высокага ўзроўню абмяркоўвала перспектывы ўзаемаадносін нашай краіны з аб’яднанай Еўропай. (На здымку: З дакладам выступае Аудроніс Ажубаліс, старшыня Камітэта замежных спраў Сейма Літвы)



215a71a12769b056c3c32e7299f1c5ed.jpg

10 кастрычніка ў гатэлі «Crownе Plaza» прайшла міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «ЕС—Беларусь: контуры партнёрства». Упершыню ў Беларусі экспертная супольнасць такога высокага ўзроўню абмяркоўвала перспектывы ўзаемаадносін нашай краіны з аб’яднанай Еўропай.

(На здымку: З дакладам выступае Аудроніс Ажубаліс, старшыня Камітэта замежных спраў Сейма Літвы)


Арганізатарам канферэнцыі — Нацыянальнаму камітэту Аб’яднаных дэмакратычных сіл і Аналітычнаму цэнтру «Стратэгія» — спрыяў сам час. Па словах прафесара Алега Манаева, чарговае сацыялагічнае апытанне, праведзенае яго Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў у верасні, прынесла «сімвалічную сенсацыю». Упершыню колькасць тых, хто аддае перавагу магчымай інтэграцыі з ЕС перад аб’яднаннем з Расіяй, аказалася большай — 42,7% супраць 38,3%.
Чым праграма «Усходняе партнёрства» карысна краіне, якія інстытуцыянальныя пераўтварэнні яна прынясе, якія абяцае перспектывы ў галіне эканомікі і палітычнага жыцця, каго з еўрапейскіх краін дэмакратычная грамадскасць можа разглядаць у якасці сваіх бліжэйшых партнёраў — вось няпоўны пералік тэм, што дыскутаваліся цягам трох сесійных пасяджэнняў.
У зале прысутнічалі эксперты, палітолагі і эканамісты, прадстаўнікі дэмакратычных партый Беларусі, кіраўнікі і спецыялісты парламенцкіх камісій па еўраінтэграцыі і замежных справах Літвы, Украіны і Польшчы, амбасадары і супрацоўнікі замежных дыпламатычных місій. Запрошаныя на мерапрыемства міністр замежных спраў РБ Сяргей Мартынаў і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей заўважаны не былі: афіцыйная Беларусь дыстанцуецца ад сабраных недзяржаўнымі арганізацыямі форумаў, не зважаючы на ўзровень іх прадстаўнічасці.
Не выпадкова кожная з умоўных груп, уцягнутых у ажыццяўленне «Усходняга партнёрства» — а гэта ўлада, апазіцыя, грамадзянская супольнасць і звычайныя грамадзяне, — па словах палітолага Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніса Мельянцова, бачыць у ім свой інтарэс. І калі простага беларуса можа цікавіць істотнае зніжэнне візавых коштаў у краіны ЕС, то беларускае кіраўніцтва цешыць сябе магчымасцю нівеляваць статус апазіцыі як «перамоўшчыка» з Еўропай.
Здавалася, «Усходняе партнёрства» не абяцае грунтоўнай эканамічнай альтэрнатывы: з усяго бюджэту праграмы 2007–2010 гадоў у 600 мільёнаў еўра для беларускіх праектаў прапанавана толькі 20 мільёнаў. Але праграма павінна зрабіцца інстытуцыйнай рамкай, якая зробіць больш простымі прыцягванне рэальных інвестыцый і пашырэнне гандлю з Еўропай. Яна мусіць паступова падключыць Беларусь да славутых чатырох свабодаў — перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталаў і працоўнай сілы.
Ці не будзе зацікаўлены звычайны беларус прыкласці свае працоўныя навыкі ў краіне Еўрасаюза, атрымліваючы вартае ўзнагароджанне? Яшчэ важней тое, што ЕС — вялізны патэнцыйны рынак і інвестар, магчымасці якога — з прычыны сваіх неадпаведнай структуры эканомікі і заканадаўчай практыкі і базы — Беларусь не выкарыстоўвае.
Пра відавочныя плюсы збліжэння з ЕС з лічбамі ў руках казаў кіраўнік навукова-даследчага цэнтра Мізеса эканаміст Яраслаў Раманчук. ВУП Еўрасаюза складае 17 трлн. долараў, перавышаючы ВУП ЗША (14,44 трлн.). ЕС — буйнейшы ў свеце экспарцёр (у 2008 годзе — 5913 млрд.), імпарцёр (6268 млрд.) і інвестар. Экспарт і імпарт Беларусі ў параўнанні з 27 краінамі ЕС склаў у мінулым годзе толькі 0,56% і 0,63% адпаведна. Непасрэдныя інвестыцыі Еўрасаюза ў 2008 годзе дасягнулі 1 трлн. долараў, а аб’ём банкаўскіх актываў — 46,8 трлн. Беларуская банкаўская сістэма налічвае ад іх толькі 0,001%!
Яраслаў Раманчук бачыць поўнае раскрыццё патэнцыялу «Усходняга партнёрства» ў канцэнтрацыі рэсурсаў на буйных міжнародных эканамічных праектах, што яднаюць інтарэсы суседзяў і спрыяюць іх еўрапейскай інтэграцыі. Такіх, як «Аўтастрада «Еўропа» паміж Клайпедай, Вільнюсам, Мінскам і Кіевам. Або «Балта-Чарнаморская плынь» з далучэннем да трох краін Польшчы, каб забяспечыць транзіт электрычнасці паміж імі і ўваходжанне ў энергетычны рынак ЕС. Плюс сумесныя экалагічныя, лагістычныя, адукацыйныя ініцыятывы — еўрапеізацыя праз эканоміку, якая спакваля будзе рыхтаваць глебу для палітычнай мадэрнізацыі.
Эканоміка — не адзіны з аспектаў праграмы, якую госць канферэнцыі, старшыня камітэта замежных спраў сейма Літвы Аудроніс Ажубаліс назваў «не заменай інтэграцыі, а спробай стварыць прывадны рамень дэмакратыі». Меркаванні Ажубаліса, уплывовага аўтара і рэалізатара ідэі ўключэння Беларусі ў праграму «Усходняга партнёрства», асабліва істотныя: ад Беларусі ЕС чакае выканання прынятых на сябе палітычных прынцыпаў і абавязкаў, іх рэальнага ажыццяўлення, а не сімуляцыі. «Гэта спыненне палітычна матываванага крымінальнага пераследу, лібералізацыя дзейнасці СМІ, змена выбарчага заканадаўства, свабода дзейнасці недзяржаўных арганізацый і партый».
Паводле Ажубаліса, у стаўленні ЕС да Беларусі дамінуе не прагматычны прынцып real politik, а каштоўнастны падыход. Таму да лістапада Брусель спадзяецца ўбачыць рэальныя крокі нашай краіны да дэмакратызацыі. Праграма не можа мець дачыненні выключна з афіцыйным Мінскам — у партнёрстве мусіць быць прадстаўлена апазіцыя, роля і месца якой залежыць і ад яе ўласнай актыўнасці.
Падводзячы вынікі дыскусіі, лідэр Аб’яднай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прапанаваў меры, каб засцерагчы праграму «Усходняга партнёрства» ад прыватызацыі ў інтарэсах выключна беларускіх уладаў. Ён заклікаў ЕС заснаваць інстытут спецпрадстаўніка па Беларусі і прапанаваў правесці з падтрымкай ЕС спецыяльную канферэнцыю па Беларусі, прысвечаную арганізацыі свабодных выбараў, без якіх нельга разлічваць ні на палітычныя, ні на эканамічныя перамены ў краіне.
Даволі вострая дыскусія працягвалася ў кулуарах, паміж пасяджэннямі. Прычым свае меркаванні палітыкі і аналітыкі не хавалі ад журналістаў.