Вадзім Мажэйка пра пераслед святароў: Цэрквы перажывуць рэжым Лукашэнкі
Эксперт — пра затрыманні святароў. І хто дакладна перажыве беларускі рэжым.
У Беларусі пачасціліся выпадкі затрымання святароў. Да
прыкладу, 26 траўня былі затрыманыя адразу трое —ксёндз з вёскі Ідолта ў Мёрскім
раёне Вячаслаў Адамовіч, ксёндз Андрэй Кулік з Мёраў, а таксама святар з
Полацка Аляксандр Шаўцоў. 31 мая схапілі каталіцкага семінарыста Уладзіслава
Беладзеда.
Пра што кажа гэты хапун і якія могуць быць наступствы,
«Салідарнасць» спытала ў палітолага Вадзіма Мажэйкі.
— Калі казаць пра царкву з паліталагічнага пункту гледжання,
то гэта найбуйнейшая недзяржаўная арганізацыя не толькі ў Беларусі, але і ў
свеце, — кажа эксперт. — Мы бачым, што
дзесьці з вясны 2021 года ў Беларусі ідзе сістэмная зачыстка грамадскіх
арганізацый, дзяржава баіцца непадкантрольнага ёй да канца сектара і зачышчае
яго.
Пасля лета 2021 года ў Беларусі засталося тры тыпы
грамадскіх арганізацый, якія не былі знішчаныя — гэта незалежныя прафсаюзы,
рэлігійныя арганізацыі і палітычныя партыі, дадае эксперт.
— Потым мы ўбачылі «справу прафсаюзаў», так што
зачыстка рэлігійных арганізацый і палітычных партый у цяперашняй Беларусі —
гэта было пытанне часу, таму сам факт зачысткі здзіўлення не выклікае.
У рэлігійных арганізацыях, думаю, нельга будзе ліквідаваць
буйныя — такія як Беларуская праваслаўная царква, Касцёл, але больш дробныя
будуць ліквідаваныя. І падобнае будзе адбывацца і далей — вернікаў будуць пераследаваць.
Глабальна гэта адбываецца таму, што аўтарытарныя рэжымы
баяцца ўсяго некантралюемага, у гэтым сэнсе рэлігійныя арганізацыі даволі
жывучыя і моцныя, таму што людзей аб'ядноўвае не проста агульны інтарэс, але
агульныя каштоўнасці і вера, а гэта так проста не выкараніш.
Я думаю, што тых, каго можна — ліквідуюць, асобныя прыходы і
непажаданых святароў будуць выціскаць з Беларусі ці ж будуць ціснуць на царкву,
тлумачачы гэта тым, што пакуль у іх будуць служыць гэтыя людзі, у іх будуць
праблемы.
Наступствы такіх чыстак, па словах палітолага, негатыўныя.
Гэта перашкаджае свабоднаму волевыяўленню грамадзян, свабоднаму духоўнаму жыццю,
а рэлігійныя правы — гэта важна.
— У той жа час тут улады не змогуць дамагчыся нейкіх
глабальных поспехаў, таму што суполка вернікаў — не тое, што можна лёгка
разбурыць. Нейкую частку не моцна паглыбленых людзей можна спалохаць, але ў
цэлым цэрквы выжывалі і пад значна большымі рэпрэсіямі, існавалі падпольна ў
аўтарытарных рэжымах.
Таму цэрквы — гэта тыя грамадскія арганізацыі, якія ў
выніку будуць самымі жывучымі. Яны ўсіх перажывуць, уключаючы беларускі рэжым,— заключае Мажэйка.