«Вашыя драўляныя цэрквы мусяць быць у спісе ЮНЕСКА»

Першую беларускую ўніяцкую царкву за мяжой асвяцілі ў Лондане. Драўляны храм выглядае так, быццам яго перанеслі на поўнач брытанскай сталіцы проста з беларускай вёскі.

e7563fc0_eb21_4478_a830_3206cfb5ab44_w987_r1_s.jpg

Будынак царквы запраектаваў кітайскі архітэктар Цзыўай Рафаэль Со, які зацікавіўся беларускім драўляным дойлідзтвам, ездзіў у Беларусь і стаў уніятам.
Драўляных рэлігійных будынкаў у Лондане не было з 1666 году — калі вялікая частка гораду згарэла ў часе вялікага пажару. Да сёння, калі ў брытанскай сталіцы пачала дзейнічаць уніяцкая Царква Святога Кірылы Тураўскага і ўсіх святых заступнікаў беларускага народу. Унутры змясціліся каля сямідзесяці чалавек — большасць беларусаў, але не толькі. Таму набажэнства асвячэння царквы вялі на трох мовах: беларускай, украінскай і ангельскай.
Архітэктар Цзыўай Рафаэль Со яшчэ малым дзіцём разам з сям’ёй пераехаў у Ганконг. Пасля ўніверсітэту трапіў у Лондан, і цяпер мае архітэктурнае бюро Spheron Architects. Нядаўна атрымаў узнагароду Каралеўскага інстытуту брытанскіх архітэктараў за праект беларускай царквы.
«Я зацікавіўся беларускай архітэктурай, калі атрымаў замову на пабудову гэтай царквы. Дзеля гэтага нават ездзіў у Беларусь, каб вывучаць мясцовае дойлідзтва. Я лічу, што пра вашы драўляныя цэрквы мала ведаюць у свеце, а яны мусяць быць прынамсі ў спісе ЮНЭСКА», — кажа Цзыўай Рафаэль Со.

Цзыўай Рафаэль Со

Цзыўай Рафаэль Со


Як апавядае Цзыўай Рафаэль Со, для пабудовы царквы ўжылі самыя сучасныя тэхналогіі. Усё экалагічнае і прыязнае для асяроддзя. Ёсць і адмысловая дарожка для інвалідных вазкоў, а абаграванне зробленае з думкаю пра ашчаджанне энэргіі.
«Атрымалася вельмі проста. Цзыўай Со жыў побач з нашым Марыйным Домам. Як чалавек цікаўны, ён некалі зайшоў пазнаёміцца. У выніку прыняў у нас хрост, і мы вырашылі пабудаваць гэтую царкву», — кажа айцец Сяргей Стасевіч, які кіруе царквой у Лондане.
Як апавядае айцец Сяргей, з пачатку існавання Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане ў 1947 годзе беларусы маліліся ў Марыйным доме, бо сваёй асобнай царквы тут не было. Святар спадзяецца, што беларуская ўніяцкая царква здолее з'яднаць беларусаў у сталіцы Вялікай Брытаніі, якіх тут можа быць нават да пяці тысяч.
«Калі ёсьць будынак царквы, то ёсьць разуменне, што гэта не нешта часовае, не ў кагосьці ў гасцях, а што гэта сапраўды беларускі дом, у якім можна збірацца і маліцца, — лічыць Яраслаў Крывой, прыхаджанін царквы і прадстаўнік беларускай дыяспары ў Лондане. — Як і паўсюль за мяжой, беларусы тут не вельмі актыўныя, але спадзяемся, што з паўстаннем гэтай царквы да нас пачне хадзіць больш суайчыннікаў».
Збудаваную на трыццатыя ўгодкі чарнобыльскай катастрофы царкву прысвяцілі ахвярам трагедыі. Пасля літургіі ўнучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч расказала пра дзейнасць дабрачыннага фонду «Сакавік», які займаецца дапамогаю пацярпелым ад аварыі.
svaboda.org