Вінцук Вячорка: Як на прыкладзе слова «хадун» можна запускаць новыя словы

Наколькі беларускае слова моцнае? Не ў сэнсе лаянкі. Ці можа сваё перамагчы пазычанае, скажам, з ангельскай мовы? І ці можна даць жыццё прыдуманаму слова?



fedcb465_3ce8_4cca_85cf_855723509787_mw1024_s_n.jpg

У сетцы кіёскаў "Хутка-смачна" перакус пад беларускімі імёнамі — такая палітыка кампаніі. Гэта луста, якой называюць сапраўды лусту хлеба, на якой скрыль сала ці паляндвіцы, карацей, бутэрброд. І гэта хадун — адпаведнік хот-дога. Хадун у Менску збольшага ведаюць. 

Хаця слова хадун з цяперашнім значэннем уласнікі сеткі прыдумалі, яшчэ 9 гадоў таму яго не было. Яны тлумачаць: «Хадун, ці хот-дог, назвалі так, бо есці яго можна ідучы. З'еў — і хадзі цэлы дзень!» Тут няма прыхаванай рэкламы: усе іх і так ведаюць. Аднак усё ж не кожны мінчук ведае слова «хадун». А іншыя слова «хадун» ведаюць, але маюць сваё тлумачэнне.

Вось жа само слова ўжо было ў мове. З тымі значэннямі, якія назвалі людзі на вуліцы: пра чалавека, як у выразе «ні хадун ні сядун». Або ў множным ліку — са значэннем ’хадункі’. Хадуны рабілі, каб дзіця вучылася хадзіць. і акурат ’хадулі’. Любілі малыя на хадунах хадзіць.Аказваецца, ня ўсе гараджане забыліся на жывую дыялектную мову сваіх продкаў. 

Карацей, словатворцам або адраджэнцам слова можа стаць кожны. А калі наступае пара адраджэння мовы пасля ўціску, словатворчасць асабліва квітнее. У 80-я — 90-я наша мова пачала ачышчацца ад русіфікатарскай ды імкліва развівацца. Тэрміны "памежнік","мытня" сталі ўжывацца з 1991 года дзякуючы П. Садоўскаму, Л. Баршчэўскаму, іншым адукаваным беларускамоўным дэпутатам. Прычым мытня ў нас была спрадвеку, хоць гэта германізм. І, здаецца, на таможню яе ўжо не перавернуць. А слова памежнік хаця і новастворанае, але лагічнае, бо памежнік ахоўвае мяжу. І шкада, што пасля 1994 года вярнуліся да «пагранічніка».

Яшчэ адно слова ў 2-й палове 1980-х нам, тагачаснай беларускамоўнай моладзі, рэзала слых. Гэта слова «маладзёжны» — няма ж у нас «маладзёжы». Давялося запусціць ва ўжытак слова моладзевы, або маладзёвы. У абодвух варыянтах націску. 

Цяпер назіраю, каторы з іх у жывой практыцы пераважае, і дзіўлюся, як яны шырока пайшлі ды з'яўляюцца па ўсёй Беларусі.

Масавая аўтарская словатворчасць — заканамерны працэс для моваў, што ў нейкі момант імкліва пашыраюць функцыянальнасць. 

Носьбіты расейскае мовы часам пакепліваюць з беларускіх ці ўкраінскіх лексічных наватвораў. Але і іхныя сёння звычайныя словы нехта некалі стварыў: Ламаносаў — вещество і градусник, Карамзін — промышленность, влияние і трогательный, а вялікі моўны эксперыментатар Велімір Хлебнікаў прыдумаў слова лётчик. Таму нам не абавязкова жыўцом цягнуць апошняе слова — новы канструкт — у беларускую мову. Па-беларуску заканамерна лётнік

Зямляк Язэпа Драздовіча з Лужкоў на Глыбоччыне Эліэзер Бэн-Егуда, адраджаючы старажытны іўрыт, ствараў габрэям словы літаральна для ўсёй сучаснай цывілізацыі. Эстонцы не цураюцца ня толькі ствараць новыя словы з ужо наяўных у мове каранёў ды іншых складнікаў, а нават выдумляць новыя карані, як гэта зрабіў Манівальд Лубі, прыдумаўшы словакорань raal для кампутара. гэта я не гаварыў, але планаваў.

І нашыя С. Некрашэвіч з М, Байковым, і У. Дубоўка, і Ян Станкевіч стваралі словы тысячамі. Ня кажучы ўжо пра Вацлава Ластоўскага з ягонымі носьбітпамер, жыхар, дойлід, злавесны, спаборніцтва, святар — гэта тыя, што прызнала афіцыйная норма, а яшчэ ёсьць кудар (цудатворца або валхвец), старасхоў, хваласпеў, агмень (тое, што «очаг») і шапка-няўгледка.

Такое звычайнае слова навучэнец стварыў Глебка, а цемрашал — Крапіва. 

Слова заўзятар ня проста жыве, а трыумфальна крочыць па свеце разам з беларускімі носьбітамі гэтага тытула. Яго таксама прыдумалі — гэта зрабіў наш сучаснік паэт Алесь Разанаў. А слова сумоўе, якое ведаюць многія абітурыенты, стварыў паэт Генадзь Тумас — перш для сумоўя душаў, і толькі потым яно стала абазначаць «допыт» абітурыента падчас паступлення. Для любога моватворцы гонар, калі ягонае слова жыве.

Для абазначэння ўсясветнае сеткі інтэрнэту мовазнаўца, мастацкі перакладнік і журналіст Сяргей Шупа стварыў слова сеціва. Яно прымыкае да беларускае словаўтваральнае мадэлі сочыва (тое, што варэнне), марозіва, змесціва (хоць утворанае не ад дзеяслова). І сеціва — ад сеткі — сталася незваротным фактам мовы. Вось ужо і відэадапаможнікі для ВНУ яно апанавала.

Аднак не кожнае новапрыдуманае слова прыжываецца. У асартыменце «Хутка-Смачна» ёсць таксама златка — булка з сырам і вяндлінай. Прыблізна адпавядае сандвічу. Але корань злат — не наш, наша мова ад царкоўнаславянізмаў адмовілася яшчэ ў эпоху Вялікага Княства, у нас свае родныя поўнагалосныя формы. Параўнайма:

охладить — ахаладзіць

бранить — бараніць

младший — малодшы

злато — золата 

 

Таму наўрад ці слову златка наканаванае ў нашай мове доўгае жыццё. А хадун будзе хадзіць. Адраджайма сваё.

www.svaboda.org