Вінцук Вячорка: Нас прывучаюць да прысутнасці на вуліцах Менска расейскай тэхнікі
У парадзе Перамогі ў сталіцы Беларусі бярэ ўдзел рэкордная колькасць расейскай тэхнікі.
Пра гэта сайту charter97.org распавёў палітык і грамадскі дзеяч Вінцук Вячорка.
- У апошні час у Беларусі актывізаваліся прарасейскія арганізацыі. Людзям раздаюць «георгіеўскія стужкі», «казакі» праводзяць трэніроўкі і зборы для
школьнікаў. На вашу думку, гэта здольна перарасці ў нейкі фатальны для Беларусі сцэнар, накшталт крымскага або данецкага?
- Я думаю, ёсць падзеі, значна больш небяспечныя, чым «георгіеўскія стужкі»... Ёсць рэпетыцыі параду 9 траўня, якія адбываюцца кожны вечар і паралізуюць вялікую колькасць
адзінак вайсковай тэхнікі. Прычым характэрна, што практычна ўся яна ідзе пад расейскімі сцягамі, і толькі ў самым канцы калоны, я ўчора назіраў, быў невялікі лукашэнкаўскі сцяг. Уся астатняя тэхніка
- танкі, БТРы, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі - суправаджаліся УАЗікамі з расейскімі сцягамі. Гэтыя штодзённыя рэпетыцыі не прадыктаваныя нейкімі патрэбамі правядзення самага параду 9 траўня,
гэта нас прывучаюць да прысутнасці цяжкай расейскай тэхнікі на вуліцах нашай сталіцы.
Што тычыцца раздачы стужак і гэтак далей, то я нагадаю, што яшчэ ў 2005 годзе ў Расеі была ініцыяваная міжнародная кампанія «Георгіеўская стужка», задачай якой як раз была
гальванізацыя пачуцця прыналежнасці да так званага «рускага свету», вось тады гэта ўсё і пачалося . Толькі тады гэтага многія не заўважылі, не надалі належнай увагі. І сёння
адбываецца канцэнтрацыя ўсіх гэтых інфармацыйных, прапагандысцкіх, ідэалагічных, у рэшце рэшт, вайсковых намаганняў для таго, каб пераключыць свядомасць большасьці беларусаў на прыналежнасць да
«рускага свету». І наіўна меркаваць, што Аляксандр Лукашэнка здольны што-небудзь зрабіць тут, каб супрацьстаяць гэтаму. Толькі свабодны, свядомы народ можа гэтаму
супрацьстаяць.
- Як Вы думаеце, ці дастаткова ў беларускага грамадства сіл і сродкаў, каб супрацьстаяць «рускаму свету»?
- Я думаю, у неабходнасці супрацьстаяць гэтаму перакананыя ўсе людзі, здольныя самастойна і адэкватна ацэньваць сітуацыю і рабіць высновы з расейскай агрэсіі супраць Украіны, а раней - супраць
Грузіі і Малдовы. Тут праблема ў тым, што інфармацыйных рэсурсаў і напраўду мала, і абысціся без паўнавартаснай інфармацыйнай прасторы, у якой былі б і друкаваныя СМІ, і тэлебачанне, і радыё,
складана. Адзінае, што ёсць - гэта інтэрнэт-прастора і СМІ, якія працуюць па-за тэрыторыяй Беларусі. Я думаю, няма на сёння больш важнай задачы, чым эфектыўна выкарыстоўваць хоць бы гэтыя сціплыя
сродкі, каб ратаваць мозг нашых суграмадзян ад расейскай прапаганды.
- Якія канкрэтныя дзеянні, на Вашу думку, варта распачаць беларусам у гэтай сітуацыі: і шараговым грамадзянам, і прадстаўнікам дэмакратычных сіл, асабліва напярэдадні так званых
«прэзідэнцкіх выбараў»?
- Навучы сваіх бацькоў карыстацца Інтэрнетам і знаходзіць у ім праўдзівую інфармацыю. Калі кожны зробіць хаця б такія мінімальныя крокі ў сваім найбліжэйшым атачэнні, дзесяці-дваццаці чалавек,
то гэта ўжо добра. Але гэта трэба рабіць тэрмінова.
Што тычыцца так званых «выбараў», а дакладней, чарговага самапрызначэння Лукашэнка, то тут зразумела, што гэты сумніўны рытуал нагадвае псеўдавыбары сярэдзіны 1980 гадоў. Тады
ж нікому не прыходзіла ў галаву - дэмакратычнай грамадскасці, нацыянальным аб'яднанням - сур'ёзна да іх ставіцца, а тым больш у іх удзельнічаць. Ніякім чынам нельга легітымізаваць гэты
рэжым, на маю думку.
Вось што неабходна ўсяляк падтрымліваць у сферы грамадзянскай актыўнасці, дык гэта ўсе дзеянні накіраваныя на рост нацыянальнай свядомасці. А таксама ўсе дзеянні, накіраваныя на стварэнне
гарызантальных грамадзянскіх супольнасцяў, якія змогуць супрацьстаяць наступу ўладаў на правы розных груп людзей - прадпрымальнікаў, жылых таварыстваў, незаконны захоп земляў,які ў якіх стала
адбываецца. Таму што як паказвае ўкраінскі прыклад, Рэвалюцыя годнасці там пачалася без усялякай прывязкі да палітычнага календара, і яе рабілі не палітыкі, а менавіта адказная за сваю краіну
грамадзянская супольнасць.
- Вяртаючыся да аналізу ўкраінскага вопыту: якіх бы памылак трэба пазбягаць грамадскім дзеячам Беларусі, каб не дапусціць у нас агрэсіўных праяў «рускага
свету»?
- Праблема Беларусі ў тым, што ў нас Данбас «намазаны», так бы мовіць, пластом - не ведаю, наколькі тоўстым - па ўсёй тэрыторыі Беларусі. У нас, на шчасце, няма свайго Данецка,
але ў нас няма, на жаль, і свайго Львова. І ў гэтым сэнсе небяспека «рускага свету» тычыцца ўсёй Беларусі. Крэмль, у гэтым сэнсе, разглядае Беларусь, як гэтакі кавалак мяса, які
ляжыць у маразілцы, і які трэба адтуль дастаць, калі спатрэбіцца чарговая порцыя шавіністычнага чаду для свайго электарату. У гэтым сэнсе нам трэба эфектыўна выкарыстоўваць наяўны пакуль час для
росту нацыянальнай самасвядомасці.
І вельмі важна разумець: не можа быць Лукашэнка гарантам незалежнасці Беларусі. Гэта вельмі кепская ілюзія, што ён, кіруючыся сваёй прагай улады, зможа абараніць незалежную беларускую
дзяржаўнасць. Ні ў якім разе недапушчальная думка, што беларуская дзяржаўнасць можа з'яўляцца закладніцай волі, паваротаў лёсу аднаго чалавека. Прычым чалавека, палітыка якога метадычна вяла
да разбурэння нацыянальнай свядомасці беларусаў.
Нагадаем, для ўдзелу ў парадзе 9 траўня ў Беларусь прыбылі «Іскандэры», «С-400», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі «Ту-95», дальнія
ракетаносцы-бамбардзіроўшчыкі «Ту-22 М3». Масква ўжо другі год накіроўвае на парад у Менск сваю вайсковую тэхніку. «Гэта не толькі дэманстрацыя сілы, але і адпрацоўка
перакідання ў Беларусь расейскіх частак і падраздзяленняў, - паведаміў раней вайсковы эксперт Аляксандр Алесін. - Да ўкраінскіх падзей такога не было».
charter97.org