Аўтар Regnum.ru пра Лукашэнку: «Сёння ён рускі, заўтра — паляк, паслязаўтра — беларус, а яшчэ праз дзень – негр»

Чарнасоценскі расейскі сайт Regnum.ru адрэагаваў на зварот кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да народу і парламента. Аўтарам матэрыяла стаў Аляксандр Авер’янаў-Мінскі, той самы, які піша пра Беларусь на іншым шавіністычным сайце «Спутнік і пагром».



za_bielarus.jpg

Авер’янаў адзначае, што Лукашэнка, як «расійскі звышнацыяналіст» заявіў, што «беларусы і расейцы – рускія людзі». «Што ж здарылася з Лукашэнкам? Няўжо ён памяняў сваё меркаванне адносна беларускай ідэнтычнасці?», — цікавіцца аўтар.
«Выкажам меркаванне, што справа тут не ў змене ідэалагічнай парадыгмы, а ў тым, што афіцыйнаму Мінску вельмі патрэбныя грошы. Як вядома, самасційны гонар беларускага істэблішмента змяншаецца па меры таго, як пусцее дзяржаўная казна», — піша Авер’янаў-Мінскі.
«Так што ўспрымаць усур’ёз словы Лукашэнкі аб Рускім свеце не варта. Тым больш што ў пасланні народу і парламенту Аляксандр Рыгоравіч, як заўжды, зрабіў дзве ўзаемавыключальныя заявы: «Мы — Рускі свет» і «Рускі свет — гэта не пра нас». Другая заява, мабыць, значна бліжэйшая да ісціны: Рускі свет - гэта сапраўды не пра Лукашэнку. А вось што дакладна пра яго, дык гэта словы дыктатара польскай дзяржавы Юзафа Пілсудскага, сказаныя аб адным з куміраў беларускіх нацыяналістаў - Станіславе Булак-Балаховічу: «Гэта чалавек, які сёння рускі, заўтра — паляк, паслязаўтра — беларус, яшчэ праз дзень — негр», — робіць выснову выданне.
nn.by