«Вясна» заявіла пра атаку ўладаў на сваіх валанцёраў

Паводле арганізацыі, пачынаючы ад 1 снежня, больш як у двух дзясяткаў валанцёраў праваабарончага цэнтра «Вясна» адбыліся ператрусы. Многіх пасля гэтага затрымалі, дапыталі, прымусілі даць падпіскі аб неразгалошванні інфармацыі.

viasna_6.jpg


«Усё гэта — адвольная рэпрэсіўная рэакцыя ўладаў на мірную і адкрытую дзейнасць па абароне, прасоўванні і заахвочванні правоў чалавека, у прыватнасці — на валанцёрскую падтрымку праваабарончай дзейнасці і назіранне за выкананнем стандартаў справядлівага правасуддзя. У сувязі з гэтым праваабаронцы "Вясны" ўслед за ААН адзначаюць важную і прагрэсіўную ролю валанцёрства: добраахвотнікі ствараюць рух, арыентаваны на патрэбы людзей, з тым, каб дапамагчы будаваць лепшую будучыню для ўсіх нас», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Паводле праваабаронцаў, Крымінальна-працэсуальны кодэкс Беларусі абавязвае забяспечыць адкрыты судовы разгляд крымінальных спраў. Выключэнні магчымыя толькі ў строгіх межах юрыдычных норм. У астатніх выпадках прысутныя на адкрытым судовым пасяджэнні маюць права весці пісьмовы запіс і гукапіс. Любыя абмежаванні — адвольныя і незаконныя.
«Мы заяўляем пратэст у сувязі з ціскам на арганізацыю, асуджаем парушэнне правоў чалавека ў якасці інструментаў уздзеяння на ўсе сегменты грамадзянскай супольнасці і пацвярджаем гатоўнаць працягваць мірную легітымную дзейнасць па абароне і прасоўванні правоў чалавека. Ніякія рэпрэсіі не ў стане абмежаваць правамернае імкненне да атрымання праўдзівай інфармацыі аб усіх баках жыцця, ніякія праявы бессэнсоўнай жорсткасці і самаўпраўнасці не схаваюць рэакцыйныя метады барацьбы з мірнымі пратэстамі і іншадумствам», — падсумоўваецца ў заяве арганізацыі.
Кіраўніца валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова ўжо больш за 14 месяцаў за кратамі. За гэты час ёй некалькі разоў мянялі абвінавачанне. Старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі і яе актывісты Леанід Судаленка, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч таксама зняволеныя.