Вязні скардзяцца, чыноўнікі адмоўчваюцца
Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Платформа» ў сааўтарстве рыхтуе даклад у Камітэт супраць катаванняў ААН, які будзе разглядацца ў кастрычніку. Усе вядомыя факты катаванняў у адносінах да вязняў беларускіх турмаў абяцаюць адлюстраваць у дакуменце.
Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Платформа» ў сааўтарстве рыхтуе даклад у Камітэт супраць катаванняў ААН, які будзе разглядацца ў кастрычніку. Усе вядомыя факты
катаванняў у адносінах да вязняў беларускіх турмаў абяцаюць адлюстраваць у дакуменце.
Дырэктар інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» Андрэй Бандарэнка (сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, па абвінавачанні ў эканамічных злачынствах адбыў два гады
турмы, сёлета суд прызнаў адсутнасць складу злачынства, і Андрэй быў вызвалены з-пад варты) займаецца праблемамі ў пенітэнцыярных установах Беларусі. Ён ужо некалькі разоў агучваў інфармацыю пра
збіццё зняволеных.
Напрыканцы ліпеня сваякі вязняў і вязні, якія выйшлі на свабоду, расказвалі, што ў Глыбоцкай папраўчай калоніі былі факты збіцця зняволеных. І апошнія на знак пратэсту нават рэзалі сабе вены і
жываты. Цяпер з просьбай пра дапамогу ў інфармацыйна-асветніцкую ўстанову «Платформа» з аналагічнай нагоды звярнулася маці асуджанага Раміза Мамедава, які адбывае пакаранне ў
Івацэвіцкай калоніі.
Як і ў выпадку з калоніяй у Глыбокім, кіраўніцтва пенітэнцыярнай установы ў Івацэвічах гэтую інфармацыю абвергла. З патрабаваннем правесці праверку названых фактаў і прыцягнуць да адказнасці
вінаватых «Платформа» зноў звярнулася ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, Дэпартамент выканання пакаранняў і ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС.
Пашкоджанне ўласнага цела — выпадак не рэдкі ў турмах і калоніях краіны. Звычайна вязні ідуць на такі крок, каб прыцягнуць увагу да грубага парушэння сваіх правоў. «Пашкоджанне
свайго цела ў вязняў выклікана выключна адносінамі адміністрацыі, ціскам, катаваннямі і гэтак далей, — расказвае былая медсястра Рэспубліканскай турэмнай бальніцы Алёна
Красоўская-Каспяровіч, прадстаўніца «Платформы». — Гэта апошняя спроба звярнуць на сябе ўвагу, на сваю праблему. Калі пашкоджанні цела сур’ёзныя, то гэта дае
магчымасць выехаць з тэрыторыі калоніі ў вольную ці рэспубліканскую бальніцу, і там вырашаць свае праблемы з адміністрацыяй, бо па-іншаму гэта рабіць папросту немагчыма. Людзі, якія гэта робяць,
цалкам разумеюць, што іх могуць і не ўратаваць. Гэта моцныя людзі. Уявіце сабе, што вам трэба вывернуць вантробы на падлогу».
Павел Сапелка доўгі час працаваў адвакатам, у тым ліку займаўся «палітычнымі» справамі, цесна супрацоўнічае з праваабарончым рухам і цяпер. «Сістэма выканання пакаранняў
вельмі закрытая, і атрымаць нейкую праўдзівую інфармацыю, калі ты не з’яўляешся службовай асобай, практычна не магчыма. Дэпартамент выканання пакаранняў — закрытая ўстанова, у
адрозненні ад большасці органаў кіравання, якія хаця б ствараюць бачнасць адкрытасці. Дэпартамент не мае нават сайту, сваіх выданняў, таму нейкай аб’ектыўнай інфармацыі, нават
адфільтраванай, ад дэпартаменту атрымаць немагчыма. Што тычыцца рэальнага становішча вязняў — яно бядотнае. Нягледзячы на тое, што наша пенітэнцыярнае заканадаўства ў нейкай ступені стала
прадуктам уліку міжнародна-прававых нормаў, калі яно распрацоўвалася, тым не менш многія яго палажэнні супярэчаць гэтым прынцыпам, а тыя, што прадэклараваныя, не заўсёды выконваюцца. Усім добра
вядомая праблема перапоўненасці турмаў, я маю на ўвазе і турмы, і калоніі, і іншыя месцы прымусовага ўтрымання», — зазначае юрыст.