
Падавалася, што Аляксандр Лукашэнка хоча даведацца ад «ненабліжаных» пра тое, чым дыхае зараз грамадства. Таму напачатку сустрэчы ён прасіў: не трэба пытанняў, давайце проста паразмаўляем.
Але размовы не атрымалася. Журналісты, як заўсёды прынята, задавалі Лукашэнку надзённыя і вострыя пытанні, а Лукашэнка, па ягоных словах, «як самы разумны і прасунуты» на іх адказваў.
Што найперш уразіла ў гэтых пытаннях — адказах? Найперш, правадыр «сінявокай» вымушаны быў прызнаць правату незалежных беларускіх эканамістаў. Яны неаднаразова сцвярджалі яму, што ніякага росту ВУП у 8,5% (планаваны паказчык мінулага года) не будзе, што гэта нерэальна, а рэальна мы атрымаем ВУП на ўзроўні 1%. Так і адбылося, прызнаў Лукашэнка. Але ў той жа час ён папракнуў тых, хто пужаў народ дэвальвацыяй: маўляў «нагняталі абстаноўку», а дэвальвацыі не было і не будзе.
Аднак цікавая рэч. Першым сказам ішло пра тое, што «дэвальвацыі не будзе», а другім — «мы плаўна дэвальвавалі рубель адносна долара на 10% за год, а адносна кошыка валют — на 9%». Дык што? Была дэвальвацыя ці не?
Не абмінулі ўвагай і тэму новага падатку на аўто. «Невялікія грошы», — сказаў Лукашэнка, і паведаміў, што гэтыя грошы будуць накіроўвацца выключна на рамонт дарог. А калі не — дык тады і спускайце з урада і прэзідэнта скуру.
Праблема, між тым, не ў грошах, а ў той самой «сацыяльнай справядлівасці». Год пяць таму аналагічны «дарожны фонд» у Беларусі быў скасаваны — замест яго ўвялі акцызы на паліва, якія павінныя ісці на рамонт дарог. Маўляў, хто больш ездзіць, той больш і плаціць — і за само паліва, і за тыя дарогі. Такім чынам, зараз нам прапануецца за рамонт дарогаў плаціць двойчы — і новым падаткам, і акцызамі.
І з Еўропай у нас усё добра. Канешне, там, у сябе, яны называюць Беларусь «апошняй дыктатурай Еўропы» і гэтак далей. А калі трапляюць сюды, дык просяцца на прыём да Лукашэнкі, каб той «адкрыў ім вочы» на краіну. «Я з усімі размаўляю», — падкрэсліў Лукашэнка.
Дзіўна, што Аляксандр Рыгоравіч прызнаўся: некаторыя заходнія палітыкі, «хай і былыя», прыязджаюць сюды апрацоўваць нейкія свае непублічныя «цёмныя справы». Калі ў нас дыялог, дзе вынік гэтага дыялогу? Дзе малы памежны рух паміж Беларуссю і суседзямі? Чаму не зніжаецца кошт Шэнгенскай візы? Ну, Бог з ім, з Шэнгенам, гэта справа заходнікаў, але чаму беларуская віза для замежнікаў, у тым ліку для нашых суайчыннікаў за мяжой, каштуе 150 еўра?
Пра свой галаўны боль паведаміў Аляксандру Рыгоравічу Павел Якубовіч. Маўляў, друкаваныя выданні пачалі прайграваць інтэрнэту таму, што не выходзяць у панядзелак, і ўвогуле, у нас кепскі парадак распаўсюджвання друкаваных СМІ. Ці можна тут нешта змяніць?
Канешне, можна. І канешне, без кіраўніка дзяржавы тут не абысціся. Радыкальна можна зрабіць тое, што ўжо больш за дзесяць год без перапынку прапаноўвае Беларуская асацыяцыя журналістаў — урэшце скасаваць манаполію «Белпошты» і «Белсаюздруку» на распаўсюд СМІ. Калі манаполія будзе скасаваная, прыйдуць тыя, хто будуць распаўсюджваць газеты і ў панядзелак, і ў суботу, і ў нядзелю, і нават восьмы дзень тыдня выдумаюць, абы толькі грошы плацілі. А мінімальна — дык дайце вы працаваць тым, хто ёсць, навошта вам гэты панядзелак! Вярніце ў распаўсюд «Новы час», «Intex-press», «Віцебскі кур’ер», «Товарищ» і яшчэ з дзясятак выданняў, на якія «Белпоштай» не прымаецца падпіска і якія не бяруць у шапікі «Белсаюздруку». Здыміце гэтыя забароны — і тады ачуняюць «БДГ», «Салідарнасць», «Дзень» і шмат хто яшчэ.
Але самае непрыемнае і чаканае пытанне задаў кіраўнік інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай — зразумела ж, пра палітвязняў. Маўляў, усе адседзелі палову тэрміна, і могуць выйсці ўмоўна-датэрмінова альбо па амністыі, а Бяляцкі (як і іншыя, дарэчы) сплаціў шкоду, нанесеную дзяржаве.
І вось тут Аляксандру Лукашэнку давялося рабіць вялікія вочы: «Сплаціў? А я не ведаў!»
Ведаў, ведаў. Яшчэ на прэс-канферэнцыі для беларускіх журналістаў год таму, 15 студзеня 2013 года, Аляксандр Рыгоравіч праяўляў дзіўную абазнанасць у справе Бяляцкага. І тое, што справа звязаная з Літвой, і тое, што Літва выдала дадзеныя аб рахунках на імя Бяляцкага, і гэтак далей. Да таго ж, Бяляцкі як прыклад «нібыта палітвязня, які сядзіць за нясплату падаткаў», у Лукашэнкі праскользваў неаднаразова. А даручэнне намесніку Адміністрацыі прэзідэнта Радзькову праверыць гэтыя звесткі ўвогуле выглядае смешна. Як кажуць, Google у дапамогу, не кажучы ўжо пра матэрыялы справы Бяляцкага.
Увогуле, узнікае ўражанне, што справа Бяляцкага ў Лукашэнкі «на кантролі». Кожны год правадыр «сінявокай» адказвае на пытанні па гэтай справе, і прыводзіць Бяляцкага ў прыклад нават тады, калі пра апошняга ніхто не пытаецца. Як гэта было падчас прэс-канферэнцыі 15.01.2013 — пытанне задавалася пра падатковыя дэкларацыі чыноўнікаў.
Да таго ж, па словах намесніка Бяляцкага Валянціна Стэфановіча, Лукашэнка падчас размовы з кіраўнікамі СМІ праявіў надзвычайную юрыдычную абазнанасць. Прынамсі, ён ведае, што амністыя і памілаванне — гэта не адно і тое ж, і чым адно адрозніваецца ад другога. Таму Стэфановіч не вельмі спадзяецца на імгненнае вызваленне Бяляцкага. Бо ўсім «палітычным» у месцах зняволення навешваюць статус «злосных парушальнікаў рэжыму, што не ўсталі на шлях выканання», а на такіх амністыя, зазвычай, не распаўсюджваецца.
Карацей, «шчырага дыялогу» не адбылося, нягледзячы на тое, што размаўляў Аляксандр Рыгоравіч з кіраўнікамі СМІ пяць гадзін. Гэта былі зноў «старыя песні аб галоўным» — тое, што мы можам пачуць падчас кожнай прамовы Аляксандра Рыгоравіча. Проста цікава, навошта тады правадыр запрасіў да сябе журналістаў?
Падаецца, адказ просты. Аляксандр Рыгоравіч — вельмі самотны чалавек. Сяброў у яго няма, вакол адны паплечнікі. І часцяком яму проста няма з кім паразмаўляць. Вось і даводзіцца выклікаць да сябе разумных людзей, каб проста пацерці языком.