Выйшла дапоўненае выданне кнігі Яўгена Анішчанкі “Эвакуацыя апазіцыі”
Вядомы беларускі даследчык трох падзелаў Рэчы Паспалітай, кандыдат гістарычных навук Яўген Анішчанка выдаў у маскоўскім выдавецтве “Спадарожнік” чацвёртае, перапрацаванае выданне свайго ўнікальнага даследавання “Эвакуацыя апазіцыі”.
Гэтае 372-старонкавае навуковае выданне, што пабачыла свет ў серыі “Бібліятэка грамадскага трыбуналу” накладам усяго ў 30 паасобнікаў, адлюстроўвае падзеі 1995 году — апошняга году дзейнасці Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання ў друку і ўспамінах дэпутатаў.
Упершыню вытрымкі з гэтага даследавання апублікаваў часопіс “Архэ” у 2006 годзе, праз два гады яно пабачыла свет асобнай кніжкай, самвыдатна надрукаванай у Мінску. У гэтым жа 2008 годзе газета “Народная воля” таксама апублікавала асобныя ўрыўкі з даследавання. У 2010 годзе новыя версіі кнігі былі прадстаўлены ў папяровым і электронным варыянтах.
Выданне ўключае аўтарскую храналогію асноўных падзей 1995 году, артыкул палітолага і юрыста Міхася Пліскі пра прававы статус Вярхоўнага Савету Беларусі і форму праўлення ў краіне з 1990 па 1995 гады, а таксама 19 успамінаў, у асноўным — дэпутатаў БНФ на чале з Зянонам Пазьняком у Вярхоўным Савеце XII склікання, якія асвятляюць скон апошняй хвалі нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння і вяртанне на Беларусь рэжыму паліцэйскага сацыялізму.
Ва ўводзінах да зборніка Яўген Анішчанка паведамляе пра змены ў перавыданні. Гаворка ідзе пра нанова ўстаўленыя сповядзі Барыса Гюнтара, Лявона Дзейкі, Аляксандра Саснова і Зянона Пазьняка, а таксама выступы ў парламенце кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і начальніка галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай аховы Міністэрства ўнутраных справаў Міхаіла Цесаўца.
Складальнік і рэдактар зборніка ў агляд дзейнасці парламенту таксама ўставіў прававую ацэнку паводзінаў адказных дзяржаўных службоўцаў адносна факту збіцця дэпутатаў апазіцыі БНФ у ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году. Спробы перавыдаць падрыхтаваную ў такім выглядзе працу прадпрымаліся гісторыкам у 2010 годзе. “Аднак шмат асобаў бралі самвыдацкія экзэмпляры для прэзентацыі і хутка забываліся пра свае абяцанні.Такім чынам, чытач глядзіць працу, завершаную ў 2010 годзе, і можа бачыць, наколькі час збанкруціў ці наадварот пацвердзіў аўтарскія ацэнкі і высновы”, — гаворыцца ва ўводзінах.
Хацелася б звярнуць увагу чытачоў на адну цытату гісторыка ва ўводзінах: “На вялікі жаль мне не ўдалося прывесці да нейкай сістэмы некалькі размоў з нечакана сканаўшым Язэпам Бролішсам пра яго расследаванне падзей 1995 года. Аднак ён некалькі разоў казаў мне цвёрда, што адразу пасля змены “сучаснага ўладыкі ўсё імгненна стане вядома”, усе факты будуць абнародаваны, а злачынцы абавязкова будуць і павінны быць пакараны”.
Нагадаем, што следчы па асабліва важных справах Пракуратуры Рэспублікі Беларусі Язэп Бролішс засведчыў сябе сумленным і прынцыповым прафесіяналам яшчэ ў 1988 годзе, калі ўзначаліў следчую групу пракуратуры БССР ў сувязі з расследаваннем крымінальнай справы па факце адкрыцця ў Курапатах месца масавай згубы ахвяраў сталінізму.