«9 гранаў» у сэрцы: выйшла новая кніга Сяргея Украінкі
У выдавецтве «Кнігазбор» пабачыла свет кніга вершаў паэта з Магілёўшчыны Сяргея Украінкі «9 гранаў». Зборнік стаўся сямідзясятым «нумарам» Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка».
“9 гранаў” – другі паэтычны зборнік Сяргея Украінкі. Папярэдні, “Маё Купела”, выйшаў 15 гадоў таму – у 2001 годзе. За гэты час літаратар некалькі разоў друкаваўся ў часопісе “Дзеяслоў”, а таксама актыўна ўдзельнічаў у магілёўскім абласным альманаху СБП “Брама”: акрамя вершаў, Украінка друкуе і прозу, і крытычныя артыкулы.
Кнігу “9 гранаў” правамерна адносіць да “кнігі вершаў” як жанру, бо арганізуецца яна, як і знакамітыя зборнікі сімвалістаў, буйнымі паэтычнымі цыкламі, якім папярэднічае верш-эпіграф. Самая наяўнасць эпіграфа (далёка не абавязковага для традыцыйных беларускіх перайманняў “цыклічнай” кнігі) указвае на першакрыніцу – “Вянок” Максіма Багдановіча, сёлетняга 125-гадовага юбіляра.
Дзевяць цыклаў (ці “гранаў”, як у аўтара) раскрываюць розныя праявы ўнутранай біяграфіі Сяргея Украінкі, але пытанні і тэмы “рубам” не ставяцца – аўтар называе іх, у поўнай адпаведнасці з сімвалісцкай спадчынай, крыху няпэўна, туманна: “Замова”, “Тэарэма”, “Род”, “Повязь”, “Дзівасіл”, “Сон”, “Пачуццё”, “Ухмылка”, “Начаткі”.
Разам з тым, пэўную логіку ў менавіта такім структураванні можна адчуць. Чытаючы той ці іншы цыкл, мэтазгоднасць уключэння верша ў яго разумеецца, але не так пляската, як гэта маглі б падаць школьныя падручнікі: вершы пра мову, грамадзянская лірыка, гістарычная тэма і г.д. Класіфікацыя тут калі і верагодная, то гэткая ж туманна-сімвалічная, як і сама структура кнігі Украінкі.
Нягледзячы на ўсе культуралагічныя рэмінісцэнцыі ў структуры зборніка і на яўную абазнанасць аўтара ў сусветнай паэтычнай практыцы, самая лірыка магілёўскага літаратара хутчэй адпрэчвае эстэцтва і канструктывізм сваёю сутнасцю – на карысць жыццёвай прозы, трансфармаванай у паэзію.
Сяргей Сяргеевіч Украінка нарадзіўся 25 студзеня 1961 года ў вёсцы Ніканавічы Быхаўскага раёна. Скончыў БДУ, аспірантуру пры МДУ імя А.А. Куляшова. Працаваў настаўнікам і дырэктарам сярэдняй школы на Быхаўшчыне. З 1989 па 2009 год выкладаў на кафедрах беларускай літаратуры і журналістыкі МДУ імя А.А. Куляшова. У апошнія гады працаваў будаўніком. Цяпер – супрацоўнік ПВУП “Газасілікатбуд”.
Друкавацца пачаў з 1977 года. Творы змяшчаліся ў шматлікіх перыядычных і калектыўных выданнях, матэрыялах навуковых канферэнцый. Аўтар зборнікаў “Маё Купела” (2001, вершы), “Белый аист, черное перо” (пераклад на рускую мову Гнадзя Пастухова, 2014, вершы і проза).
Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Ужо сёння кнігу можна набыць тут:
Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72), кнігарня “логвінаЎ” (пр-т Незалежнасці, 37А), “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2), “Веды” (вул. К. Маркса, 36), “Светач” (пр-т Пераможцаў, 11), “Цэнтральны кніжны” (пр-т Незалежнасці, 19), “Кнігі & кніжачкі” (пр-т Незалежнасці, 14), "Кніжная шафа" (пр-т Дзяржынскага, 9), Кніжная выстава-кірмаш “Мир книг” (вул. Янкі Купалы, 27).
А таксама ў інтэрнэт-крамах knihi.by і imbryk.by!