Высновы Міністэрства інфармацыі — не аргумент для Віцебскага абласнога суда

Таццяну Сячко аштрафавалі за распаўсюд улётак пра “Народны рэферэндум”, абвінаваціўшы ў парушэнні заканадаўства аб СМІ. У лісце з Міністэрства інфармацыі патлумачылі, што ўлёткі — гэта ніяк не СМІ, але абласны суд не прыняў тлумачэння да ўвагі.  



sud5.jpg

У Віцебскім абласным судзе адбыўся разгляд скаргі Таццяны Сячко — жыхаркі Оршы, якую 12 жніўня затрымалі падчас распаўсюду ўлётак па паштовых скрынях. 11 верасня суддзя аршанскага суду Алеся Дранькова прысудзіла спадарыні Сячко штраф памерам 40 базавых велічынь за парушэнне заканадаўства аб СМІ паводле артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях.

Менавіта на падставе гэтага артыкулу пратакол на Таццяну Сячко склаў намеснік начальніка аддзелу аховы і прафілактыкі правапарадку аршанскай міліцыі Сяргей Бязлюдаў. Суддзю ў такой трактоўцы распаўсюду ўлётак нічога не збянтэжыла.

Не пагадзіліся з гэтым аршанскія актывісты, тым больш што і пакаранне было прысуджана даволі суровае. Паводле артыкула 22.9 прадугледжаны штраф ад 20 да 50 базавых велічынь, і ўпершыню затрыманай за падобнае Тацяне Сячко далі штраф “вышэй за сярэдні”, падкрэслівае аршанскі актывіст кампаніі “Гавары праўду” Алесь Шутаў:

“Мы вырашылі звярнуцца па тлумачэнні ў Міністэрства інфармацыі. Бо ўлёткі — гэта ніяк ні СМІ, і пакаранне, ды яшчэ такое жорсткае, выглядае беспадстаўным. Даслалі туды і ўзор улётак, а праз пэўны час атрымалі адказ — ліст, падпісаны намеснікам міністра Уладзімірам Матусевічам. Там сказана, што “згодна ГОСТу 7.60-2005 “Выданні. Асноўныя віды.Тэрміны і вызначэнні” і тэхнічных умоваў BY 100083317.002-2007 дасланая друкаваная прадукцыя з'яўляецца неперыядычным выданнем і, адпаведна, не з'яўляецца сродкам масавай інфармацыі”.

Ліст з Міністэрства інфармацыі Тацяна Сячко ўзяла з сабой на разгляд скаргі ў Віцебскім абласным судзе. Па яе хадайніцтве суддзя Святлана Іванова далучыла гэты ліст да судовай справы, аднак на вынік ён не паўплываў. Суддзя абласнога суда не адмяніла рашэння суда першай інстанцыі, нягледзячы на тлумачэнні намесніка міністра інфармацыі пра тое, што ўлёткі — гэта не СМІ, і адпаведна, распаўсюд ўлётак нельга лічыць парушэннем заканадаўства аб СМІ”.

Рашэнне суддзі абласнога суда неабходна аспрэчваць у скарзе на імя старшыні Віцебскага абласнога суда. Аршанскія і віцебскія сябры ГА “БАЖ” прапанавалі дапамогу ў складанні скаргі.

Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"