Антыфашыстаў вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі

Чатырох актывістаў антыфашысцкага руху, жорстка затрыманых амапаўцамі ў пятніцу, будуць судзіць сёння ў Мінску. Іх вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі.



antyfashysty_zatrymanne_mensk.gif

Затрыманне антыфашыстаў у Мінску 18 кастрычніка 2014 года. Фота БелаПАН

Як паведамляе сайт abc-belarus, у другой палове дня 18 кастрычніка на праспекце Незалежнасці каля Кастрычніцкай плошчы амапаўскі мікрааўтобус падрэзаў чырвоны ВАЗ 2109 з дзяржнумарам Віцебскай вобласці. Байцы АМАПу разбілі левае бакавое шкло і вывалаклі з машыны кіроўцу і трох пасажыраў, паклаўшы ўсіх тварам у асфальт.

Неўзабаве пад'ехаў мікрааўтобус з афіцэрамі міліцыі і Следчага камітэта, пасьля чаго затрыманых пагрузілі ў мікрааўтобус АМАПа.

Патлумачыць прычыны затрымання, а таксама ад іншых каментароў прадстаўнікі сілавых структур адмовіліся.

Затрыманых апазналі па фатаграфіях іх сябры. Па іх словах, чацвёра маладых людзей з'яўляюцца удзельнікамі антыфашысцкага руху, што магло паслужыць прычынай іх затрымання. Трое затрыманых — з Мінска, яшчэ адзін — з Брэста. Яго завуць Аляксандр Багданаў.

«Мінскія хлопцы пасля рэпетыцыі (яны выконваюць стрыт-панк) везлі аднаго з Брэста, які прыязджаў да іх у госці, на вакзал, але не даехалі. Зараз яны знаходзяцца ў Цэнтральным РУУС горада Мінска. Бацькам мінскіх хлопчыкаў і дзяўчынак сказалі, што затрымалі іх за правапарушэнне. За якое, не ўдакладнілі», — паведаміў адзін з сяброў затрыманых антыфашыстаў. 


spring96.org