Следства па-ранейшаму прыпынена…

20 кастрычніка спаўняецца роўна 10 гадоў з дня жорсткага забойства беларускай журналісткі Веранікі Чаркасавай. Следчыя органы заяўляюць, што расследаванне справы па-ранейшаму прыпынена.



cherk.jpg

Расследаванне справы прыпынена «ў сувязі з невысвятленнем асобы, падлягаючай прыцягненню да крымінальнай адказнасці». Пра гэта прэс-службе ГА «БАЖ» заявіў 16 кастрычніка галоўны інспектар па інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэта па г. Мінску Аляксандр Герасімаў. «Версіі следства не абавязана вам казаць. У расследаванні мы не адкрываем звестак пра следчых, якія вядуць справу», — дадаў сп. Герасімаў.

Першапачаткова, пачынаючы з 2004 года, справу расследавала пракуратура г. Мінска. З моманту стварэння Следчага камітэта ў 2012 годзе яе перадалі гэтай установе.

Журналістка недзяржаўнай газеты «Салідарнасць» Вераніка Чаркасава была жорстка забітая 20 кастрычніка 2004 г. у сваёй кватэры ў Мінску.

Яе цела са шматлікімі нажавымі раненнямі знайшлі 15-гадовы сын журналісткі Антон Філімонаў і яе айчым Уладзімір Мялешка.

На допыце 19 лістапада ім паведамілі, што са сведкаў яны сталі падазраванымі. У пастанове пракуратуры было пазначана, што апэратыўным шляхам атрыманая інфармацыя, якая сведчыць пра дачыненне Філімонава і Мялешкі да забойства журналісткі. Асноўнай версіяй было вызначана забойства на бытавой глебе.

Між тым, у выніку журналісцкага расследавання журналіста Сяргея Сацука была здабытая інфармацыя, якая дае падставы меркаваць, што забойства В. Чаркасавай здзейсніў прафесійны кілер, які інсцэніраваў забойства на бытавой глебе.

18 красавіка 2005 года начальнік следчага аддзела пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў вырашыў спыніць крымінальны пераслед Антона Філімонава і Уладзіміра Мялешкі «за адсутнасцю ў іх дзеяннях складу злачынства». Пастанова прынятая на падставе таго, што падчас папярэдняга расследавання па справе «не здабыта дастатковых доказаў» спрычыненасці Мялешкі і Філімонава да злачынства, а «ўсе магчымасці для збору дадатковых доказаў вычарпаныя».

У канцы снежня 2005 года папярэдняе расследаванне справы аб забойстве Веранікі Чаркасавай было прыпынена «ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню да адказнасці ў якасці абвінавачанага». Як патлумачыў кіраўнік следчага аддзелу па асабліва важных справах пракуратуры г. Мінска Сяргей Іваноў. па справе працуюць спецыялісты крымінальнага вышуку (які падпарадкоўваецца Міністэрству ўнутраных спраў), аднак пракуратура трымае іх працу на кантролі. Па словах следчага, крымінальны вышук перыядычна дакладае пракуратуры пра вынікі сваёй працы, аднак ён быў "не гатовы" адказаць, як часта гэта адбываецца. Пры неабходнасці пракуратура ў любы момант можа аднавіць следства, — зазначыў С. Іваноў. Паводле яго словаў, у следства па-ранейшаму некалькі версій гэтага забойства, і пракуратура не можа разглядаць ніводную з іх у якасці асноўнай.

10 красавіка 2006 года на сайце «Беларускі партызан» з’явіўся артыкул пад назвай «Цана жыцця (новая версія прычын забойства Веранікі Чаркасавай)», аўтарства якога належыць Творчай майстэрні «Агенцтва журналісцкіх расследаванняў». «У адрозненні ад следчых, за мінулы год журналісты... змаглі здабыць новыя факты, якія ўказваюць на тое, што забойства Веранікі магло быць звязана з яе прафесійнай дзейнасцю», — гаварылася ва ўступнай частцы публікацыі.

Па меркаванні аўтараў артыкула, Вераніка, сама таго не ўсведамляючы, магла трапіць на самы «гарачы край» барацьбы паміж дзвюма кланавымі групаўкамі краіны. Яны лічаць, што Вераніка магла валодаць інфармацыяй, апублікаванне якой пагражала аднаму з канфліктуючых бакоў стратай вялікіх грошай.

Тым не менш, следства не аднаўлялася і прыпынена да гэтага часу.

Да жалобнай даты з дапамогай беларускіх праваабарончых арганізацый быў перавыдадзены зборнік найлепшых публікацый Веранікі «Красным по белому», які ўпершыню пабачыў свет у 2005 годзе.

21 кастрычніка ўвечары ў Мінску адбудзецца вечарына і канцэрт памяці журналісткі з удзелам беларускіх музыкаў.