Генеральная пракуратура — БАЖу: няхай скардзяцца тыя, каго судзілі

Следам за Палатай прадстаўнікоў і МУС на зварот ГА “БАЖ” адказала Генеральная пракуратура.



palec_lid_5.jpg

«Калі названыя ў Вашым звароце асобы лічаць, што ў выніку прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці парушаны іх правы і законныя інтарэсы, яны маюць права самастойна звярнуцца з адпаведнымі скаргамі ў органы пракуратуры ці ў суд у парадку, устаноўленым Працэсуальна-выканаўчым кодэксам ад адміністрацыйных правапарушэннях (ПВКаАП)”, – гаворыцца ў лісце за подпісам начальніцы аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян Паповай М.В.

Сцверджанне пра неадпаведнасці асобных норм нацыянальнага заканадаўства артыкулу 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах з’яўляецца неабгрунтаваным, – лічаць у Генпракуратуры. 

М. Папова нагадвае, што беларускі закон “Аб СМІ” не толькі гарантуе грамадзянам свабоду поглядаў і іх выяўлення, але і ўтрымлівае шэраг абмежаванняў – у тым ліку датычна дзейнасці прадстаўнікоў замежных СМІ без акрэдытацыі.

“Пры гэтым замацаваныя ў названым Законе абмежавальныя меры не супярэчаць нормам Міжнароднага пакта, згодна з арт. 19 якога права на свабодную перадачу сваіх поглядаў накладае асаблівыя абавязкі і адказнасць, у сувязі з чым яно можа спалучацца з некаторымі абмежаваннямі, якія павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб, а таксама аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маральнасці”. 

Нагадаем, што 26 верасня ГА “БАЖ” выступіла з заявай пратэсту з нагоду пераследу журналістаў, якія размяшчаюць свае матэрыялы ў замежных медыя. Арганізацыя патрабавала, каб супрацоўнікі органаў унутраных спраў і іншых дзяржаўных органаў спынілі адміністрацыйны пераслед журналістаў-фрылансераў, каб судовыя рашэнні, вынесеныя ў дачыненні да журналістаў па ч.2 арт. 22.9 КаАП, былі апратэставаныя ўпаўнаважанымі службовымі асобамі, а таксама каб суб'екты нарматворчасці прывялі акты заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы свабоды выказвання меркавання ў адпаведнасць з Канстытуцыяй і Міжнародым пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Тэкст заявы быў накіраваны Генеральнаму пракурору, міністру ўнутраных спраў, старшыню Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, а таксама старшыню Вярхоўнага суда.

baj.by