За здзек з дзяржсцяга асудзілі афганца-палітвязня
У Салігорску вынеслі прысуд палітзняволенаму афганцу — паўтара года «хатняй хіміі» за кроплі маторнай алівы на дзяржсцягу.
22 снежня суд Салігорскага раёна прызнаў Уладзіміра Далматовіча вінаватым у знявазе дзяржаўнага сцяга. Судовае пасяджэнне ўзначаліў суддзя Валерый Рабы, паведамляюць праваабаронцы.
53-гадоваму Уладзіміру Далматовічу інкрымінавалі артыкул 370 Крымінальнага кодэкса Беларусі — "Здзек з дзяржаўных сімвалаў". Пра абвінавачанага вядома, што ён ветэран-афганец, уваходзіць у ветэранскую арганізацыю, мае ўрадавыя ўзнагароды і ўзнагароды за заслугі, актыўна ўдзельнічае ў патрыятычным выхаванні моладзі, разам з ветэранскай арганізацыяй дапамагае маці загінулых салдатаў, займаецца са школьнікамі. Пражывае з жонкай і дапамагае выхоўваць унука.
Уладзіміра Далматовіча абвінавачвалі ў тым, што ўвечары 8 лістапада 2021 года ў Салігорску ён, "наўмысна выказваючы відавочную непавагу да дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь і дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, са шпрыца распыліў на дзяржаўны сцяг маторную аліву, чым пашкодзіў яго". Дзеянні Уладзіміра Далматовіча абвінавачванне расцаніла як здзек з дзяржаўнага сцяга.
Сам абвінавачаны пра падзеі 8 лістапада 2021 года распавядаў так: "У раёне 10-й гадзіны вечара я вяртаўся дадому ад дачкі. Прыглядаў за ўнукам. Спыніў машыну насупраць дома. Калі выходзіў, узяў з машыны шпрыц з адпрацаванай маторнай алівай усярэдзіне. Аліву ў яго набраў, каб змазаць ім дома дзвярныя завесы".
Паводле мужчыны, шпрыц з запраўленай алівай у ягонай машыне ляжаў ужо прыкладна тыдзень. Калі ён ішоў з ім дадому і параўняўся з дзяржаўным сцягам, які вісеў на калоне СДЮШАР № 1, мужчына дастаў шпрыц і пырснуў ягонае змесціва на сцяг. Але потым зразумеў, што зрабіў дрэнна, таму сышоў адтуль і выкінуў шпрыц у сметніцу.
Як растлумачыў абвінавачаны, у той момант ён дзейнічаў на эмоцыях. Незадоўга да гэтага ў доме, у якім ён пражывае, размерзліся батарэі, дом затапіла, а рамонт, які мужчына рабіў у тым ліку сваімі рукамі, быў сапсаваны. Каб вырашыць праблему, абвінавачаны звяртаўся да мясцовых чыноўнікаў, дэпутатаў. Спрабаваў абараніць інтарэсы жыхароў свайго дома, але вырашыць праблему так і не атрымалася.
Мужчына адзначыў, тыя дзеянні ў дачыненні да сцяга ён здзейсніў з крыўды на працу дзяржустановаў. На наступны дзень пасля здзяйснення злачынства дадому да яго прыйшлі з міліцыі. Уладзімір Далматовіч прызнаўся ў тым, што аліву на дзяржаўны сцяг Беларусі распыліў менавіта ён. Яго затрымалі і змясцілі пад варту. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
У якасці сведкі на судовым разглядзе выступіла супрацоўніца СДЮШАР №1:
"Раніцай 9 лістапада я прыехала на працу. Спачатку на сцяг не звярнула ўвагі — было яшчэ цёмна. А потым выйшла на вуліцу, каб даць заданні рабочым. Тады я і пабачыла, што сцяг абліты нейкай чорнай вадкасцю, а на калоне і тратуарнай плітцы відаць нейкія чорныя плямы".
Як кажа сведка, пасля гэтага яна выклікала міліцыю, а ўжо потым разам з супрацоўнікамі МУС жанчына прагледзела запісы відэакамер, на якіх відаць, як мужчына (меркавана, абвінавачаны) падышоў да калоны, падняў правую руку, пырснуў чымсьці на сцяг, развярнуўся і сышоў.
"Падобныя дзеянні здзяйснялі і раней, — паведаміла суду сведка. — Пасля выбараў прэзідэнта на парапеце нашага будынка намалявалі "3%".
Другі сведка па справе, які знаёмы з абвінавачаным па працы ў ветэранскай арганізацыі, сказаў, што ведае Уладзіміра Далматовіча з 1988 года. Ён распавёў, што абвінавачаны браў актыўны ўдзел у дзейнасці ветэранскага руху, і ахарактарызаваў яго як добрага адказнага чалавека з высокімі маральнымі якасцямі, прыклад з якога бяруць не толькі ягоныя аднагодкі, але і маладое пакаленне.
Сам жа Уладзімір Далматовіч цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся ў зробленым. Жонка абвінавачанага набыла для СДЮШАР №1 новы дзяржаўны сцяг і фарбу для рамонту калон.
На думку пракурора, віна абвінавачанага цалкам даказаная з дапамогай паказанняў, атрыманых ад сведак і самога Уладзіміра Далматовіча яшчэ на дасудовай стадыі, а ў ягоным тэлефоне як ускосны доказ таго, што мужчына адмоўна ставіцца да дзяржаўнага сцяга, знойдзеныя выявы бел-чырвона-белага сцяга і надпісу "Жыве Беларусь".
У якасці пакарання пракурор запатрабаваў для абвінавачанага год пазбаўлення волі cа знаходжаннем у папраўчай установе адкрытага тыпу. Адвакат — штраф ці "хатнюю хімію".
22 снежня суд Салігорскага раёна прызнаў Уладзіміра Далматовіча вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса Беларусі "Здзек з дзяржаўных сімвалаў" і асудзіў на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.