«Падлічым птушак усёй краінай!» 15-16 студзеня пройдзе акцыя «Птушкі ля кармушкі»

«Народны маніторынг» «Птушкі ля кармушкі» ладзіць грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).

bolszaja_sinica_na_okonnoj_kormuszke._foto_inny_szkurko.jpg

«Штогадовыя ўлікі на кармушках праводзяцца ў многіх краінах, — адзначаюць арганізатары маніторынгу ў адмысловым прэс-рэлізе. — Чым больш людзей паўдзельнічае ва ўліках, тым лепш атрымаецца адсачыць змены ў папуляцыях вераб’іных птушак і своечасова зрэагаваць на іх пры патрэбе. А такая патрэба можа быць рэальнай нават для звычайных відаў: дзякуючы народнаму маніторынгу ў Вялікабрытаніі заўважылі скарачэнне папуляцыі шпакоў на 81% за паўстагоддзя такіх назіранняў.

Такі падыход называецца «народная навука», бо дазваляе сабраць вялікі масіў дадзеных для аналізу. Калі тысячы людзей па ўсёй краіне з году ў год лічаць птушак па адной методыцы, то дробныя памылкі робяцца статыстычна неістотныя, а сур’ёзныя змены ў папуляцыях — заўважнымі.

Для большай дакладнасці ўсе назіранні з кармушак праходзяць ацэнку экспертаў. Непраўдападобныя дадзеныя адсейваюцца, сумнеўныя — удакладняюцца арнітолагамі, якія звязваюцца з аўтарамі такіх назіранняў».

Як лічыць птушак на кармушцы?

Гэта нескладана і нават весела, таму ў акцыі «Птушкі ля кармушкі» можна ўдзельнічаць усёй сям’ёй разам з дзеткамі, кажуць прадстаўнікі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

«Каб паўдзельнічаць у маніторынгу, 15 і (або) 16 студзеня падлічыце віды і колькасць птушак кожнага віду на сваёй кармушцы на працягу адной гадзіны і перадайце дадзеныя арганізатарам. Для гэтага можна запоўніць простую форму (яна будзе працаваць з 15 студзеня да 18.00 16 студзеня) ці напісаць паведамленне ў FB.

Птушак можна лічыць і 3-4 гадзіны, але тады павінна быць 3-4 справаздачы пра розныя чародкі птушак, па адной для кожнай гадзіны. Вазьміце нататнік, і як толькі прыляцяць першыя птушкі, запішыце час і пачніце адлік гадзіны.

Вызначыць від птушкі вам дапаможа міні-вызначальнік. На кармушцы няцяжка і сфатаграфаваць незнаёмую птушку, каб потым яе вызначыць. Фота можна выкласці ў Telegram-чат «Ціў-ціў», дзе падкажуць, які гэта від.

Для кожнага віду ў фінальнай форме запішыце максімальную колькасць асобін, пабачаную на кармушцы цягам гадзіны. Напрыклад, калі вы бачылі, як на кармушцы карміліся 4 зелянушкі, а потым прыляцелі яшчэ і іх стала 10, то гэтую колькасць зелянушак і заносьце ў форму.

Каб не дубляваць пры падліках адных і тых жа сінічак, а падлічыць усю чародку, трэба заўважыць якую-небудзь асаблівую сініцу (часам птушкі аднаго віду адрозніваюцца між сабой) або прыкмеціць сінюю сініцу ў чародцы вялікіх сініц – і лічыць птушак паміж прылётамі гэтай канкрэтнай птушкі. Напрыклад, прыляцела сіняя сініца, узяла семку, зляцела яе есці. У гэты час вы лічыце іншых сініц і працягваеце да прылёту сіняй сініцы па новую семку.

Больш дакладна птушак у чарадзе можна палічыць, калі агледзець дрэвы і кусты вакол кармушкі і палічыць, колькі птушак вакол ядуць семкі.

Гракоў, галубоў і варон, калі яны цікавяцца кармушкай, лічыце таксама.

Звычайна на кармушкі ў гарадах завітваюць вялікія сініцы, палявыя і дамавыя вераб’і. Усе гады акцыі яны ў топ-3 відаў, якія наведваюць кармушкі ў Беларусі. Прылятаюць і сініцы іншых відаў, зелянушкі, таўстадзюбы, дзятлы, часам здараюцца назіранні пералётных птушак».

cziz_na_kormuszke_kletke_s_salnymi_szarikami._foto_valerija_peseckoho.jpg

Птушка года на кармушцы

Птушка 2022 года — белая сініца — жыве ў Беларусі толькі на Палессі, таму ў палешукоў ёсць шанец пабачыць яе на сваіх кармушках. Вешайце пабольш птушыных сталовак, каб гэты шанец быў большы.

Як падрыхтавацца да маніторынгу?

— Каб у дні маніторынгу да вас завітала больш птушак, павесьце кармушку загадзя і папаўняйце яе нясмажанымі несалёнымі семкамі сланечніка, — кажа спецыяліст АПБ па акцыях і кампаніях Сяргей Рэзаў. — Гэта ўніверсальная падкормка для птушак. Можна прычапіць да галінкі кавалачак несалёнага нясмажанага сала для сініц і дзятлаў. Але ні ў якім разе не кладзіце ў кармушку хлеб, батон і іншую ежу з чалавечага стала!

На сайце АПБ ёсць рэйтынг кармушак, якія можна зрабіць сваімі рукамі, а таксама агляд розных тыпаў кармушак, якія можна набыць і ў крамах.

Удзельнікі могуць атрымаць птушыныя сувеніры!

Сярод усіх, хто дашле вынікі сваіх падлікаў праз форму, АПБ разыграе птушыныя сувеніры. Шанец выйграць падаруначкі маюць і тыя, хто загрузіць свае фота і відэа з кармушак у спецыяльны альбом у VKontakte.

Натхніцца для ўдзелу ў акцыі і патрэніравацца ў падліку птушак дапаможа анлайн-кармушка ў Белавежскай пушчы, адкуль ідзе жывая трансляцыя.

Варта адзначыць, што грамадская арганізацыя «Ахова птушак бацькаўшчыны» ў ліку іншых летась патрапіла пад каток рэпрэсій. Балазе, да ліквідацыі справа не дайшла, але былы кіраўнік АПБ Віктар Фенчук напрыканцы лета быў затрыманы і цяпер праходзіць па крымінальнай справе аб «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх». Праваабаронцамі ён быў прызнаны палітвязнем.