За якасць жыцця па-слуцку
Індывідуальныя і калектыўныя звароты грамадзян па праблеме адстойвання сацыяльна-эканамічных правоў у Слуцку практыкуюцца даўно. Удзельнічаць у іншых актыўных формах пратэсту случчане пакуль што пабойваюцца, а подпісы ставяць даволі ахвотна.
Індывідуальныя і калектыўныя звароты грамадзян па праблеме адстойвання сацыяльна-эканамічных правоў у Слуцку практыкуюцца даўно. Удзельнічаць у іншых актыўных формах пратэсту случчане
пакуль што пабойваюцца, а подпісы ставяць даволі ахвотна.
Два гады таму ў летні час горад быў пазбаўлены гарачай вады. Выканкам такім чынам эканоміў грошы. Супраць такога рашэння гарадской улады случчане сабралі больш за тысячу подпісаў, у выніку горад
атрымаў гарачую ваду. Восенню мінулага года было сабрана больш за 3 тысячы подпісаў пад патрабаваннем да ўладаў устанавіць кантроль за становішчам сельскіх і гарадскіх могілак.
Пакуль цэны трымаліся, жыхары Слуцка больш за ўсё абураліся нізкай якасцю жыллёва-камунальных паслуг. З дапамогай актывістаў грамадзянскай кампаніі «Наш дом» і мясцовага таварыства
абароны правоў спажыўцоў адбылося шмат судовых працэсаў па адстойванню якасці камунальных паслуг. Дарэчы, дабіцца судовага рашэння па рамонту пад’езда на карысць жыльцоў — гэта
толькі пачатак змагання.
У гэтым зараз упэўнены жыхары Слуцка, якія пражываюць на вуліцы 8-га Сакавіка ў доме №22. У снежні 2010 года суд абавязаў КУП «Слуцкая ЖКГ» выканаць якасны рамонт пад’езда
№3 да жніўня 2011 года. У чэрвені 2011-га рамонт быў зроблены, але настолькі дрэнна, што людзі палічылі яго здзекам і з суда, і з іх патрабаванняў. Так, напрыклад, няроўныя сцены ўнутры
пад’езда пафарбаваны фасаднай фарбай бруднага зялёнага колеру, такія сцены нельга будзе памыць. Карнізы і паштовыя скрынкі маюць амаль што чорны колер, вокны зачынены назаўсёды пры дапамозе
вялізных цвікоў.
Зараз жанчыны збіраюць подпісы пад калектыўным зваротам у ЖКГ і маюць намер адстойваць свае інтарэсы ў судзе. Калі яны выйграюць справу ў судовым працэсе, то камунальная гаспадарка будзе вымушана
дадаткова патраціцца і на якасны рамонт, і на выплату маральнай кампенсацыі.
Цікавы накірунак у дзейнасці грамадскіх актывістаў — калектыўны збор подпісаў на імя дэпутатаў раённага савета з патрабаваннем справаздачы аб іх дзейнасці за год працы.
У канцы мая гэтага года было сабрана 323 подпісаў на імя дэпутата раённага савета Жылко А. Г., які займае пасаду дырэктара лясгаса. Выбаршчыкі з вуліцы Чэхава вельмі хацелі сустрэцца са сваім
дэпутатам, каб пазнаёміцца з ім і задаць шмат набалелых пытанняў. Ды не давялося. Як толькі наверсе даведаліся пра памкненні грамадзян, сход з выбаршчыкамі быў праведзены настолькі імгненна і
патаемна, што людзі дазналіся пра яго праз тыдзень пасля мерапрыемства.
Некалькі зацікаўленых жанчын усё ж такі наведалі дэпутата. Высветлілася, што народны выбраннік вядзе прыём у час працоўнага дня на сваім рабочым месцы. Зразумела, што чарга наведвальнікаў складалася
з супрацоўнікаў лясгаса з рабочымі пытаннямі. Калі выбаршчыкі ўсё-такі трапілі ў кабінет дэпутата, той доўга не мог зразумець, якой справаздачы яны ад яго хочуць, і адаслаў з усімі пытаннямі да
старшыні раённага савета дэпутатаў В. А. Ражанца. Той адказаў нават пісьмова: папера не пачырванела ад сораму, бо на ёй усё выглядала вельмі хораша.
Дзейнасць случчан — парасткі грамадзянскага грамадства.
Зінаіда Цімошак