«Жывая Бібліятэка» руйнуе стэрэатыпы

Інтэрактыўны праект жывых камунікацый, які з’явіўся ў Беларусі тры гады таму, адзначыў дзень народзінаў. Святочная імпрэза «Жывой Бібліятэкі» адбылася ў мінскай прасторы «Сталоўка XYZ».

img_5529_logo.jpg


Аднак нават у свой дзень народзінаў імяніннікі вырашылі не расслабляцца. І сумясціць карыснае з прыемным. Вечарына пачалася са звыклага дзелавога фармату — сустрэчы наведнікаў з «жывымі кнігамі».

img_5325_logo.jpg


Так называюць людзей, з якімі размаўляюць чытачы. «Кніга» ў такой бібліятэцы — чалавек з нязвыклым досведам, ладам жыцця альбо светапоглядам. У адносінах да якога ў грамадства сфармаваўся стэрэатып, перадузятае стаўленне. І ён гатовы адказаць на пытанні «чытачоў», каб пазбавіць іх ад забабонаў.

img_5153_logo.jpg


«Усе гэтыя людзі аб’яднаныя тым, што яны рэальна ў жыцці сутыкаюцца са стэрэатыпамі, — адзначыла каардынатарка «Жывых Бібліятэк» у Беларусі Марына Штрахава. — З тым, што іх абсалютна няправільна бачыць грамадства. Не такімі яны ёсць насамрэч. І яны хочуць прыйсці і распавесці іншым людзям, напрыклад, што ВІЧ — гэта не прысуд на ўсё жыццё. З ім можна нараджаць дзяцей і жыць у шчаслівым шлюбе. Што твая сексуальная арыентацыя ніяк не ўплывае на колькасць людзей, якія з табой размаўляюць, пакуль ты не кажаш пра гэта. І ім сапраўды вельмі важна выказацца. Таму што яны хочуць жыць у свеце, дзе іх прымаюць такімі, якія яны ёсць, не вешаюць на іх ярлыкі. Ім вельмі важна проста нарэшце быць пачутымі. І штосьці змяніць у стаўленні тых людзей, якія іх пачуюць».

Марына Штрахава (справа)

Марына Штрахава (справа)

На гэты раз у сустрэчы ўдзельнічалі 22 «жывыя кнігі». Сярод іх Вадзім, які 16 гадоў жыве з ВІЧ. Кацярына — маці, у якой дачка з сіндромам Дауна. Аміна — мусульманка. Наста, якая перажыла сексуальны гвалт. Вольга — хатні гвалт. Аляксандр — анкалагічны пацыент ў рэмісіі. Віка — зрабіла выбар на карысць хатніх родаў, нарадзіла дзіця дома. Наталля праходзіла лячэнне ў псіханеўралагічным дыспансеры.  

img_5118_logo.jpg


«Адзін з прынцыпаў «Жывых Бібліятэк» — гэта разнастайнасць. Кожны раз у нас розныя людзі. Тэмы заўжды вельмі розныя», — кажа Марына Штрахава.

img_5137_logo.jpg


Упершыню праект з такой назвай з’явіўся ў Даніі ў 2001 годзе. Марына Штрахава пазнаёмілася з гэтым фарматам у Польшчы: «Ён мне спадабаўся з першага разу. Гэта вельмі складаная тэма — стэрэатыпы, дыскрымінацыя, стыгматызацыя. І ў той жа час гэта так лёгка — вы проста размаўляеце. Вы проста задаяце пытанні, проста адбываецца камунікацыя. Мяне гэта вельмі захапіла. Такая відавочная прастата з аднаго боку. Але з іншага боку, зразумела, што гэта вельмі складаныя, глыбокія, высокія праблемы».

img_5304_logo.jpg


Летам беларускія ініцыятары прайшлі афіцыйную рэгістрацыю. Так у Беларусі з’явілася сацыяльна-творчая ўстанова Цэнтр развіцця эфектыўнай камунікацыі «Жывая Бібліятэка». Акрамя сталіцы, «Жывыя Бібліятэкі» ўжо ёсць у Гродне, Віцебску, Брэсце, Бабруйску, Маладзечне.

img_5308_logo.jpg


«Мы разумеем, што гэта доўгатэрміновы праект, — зазначыла Марына Штрахава. — Стэрэатыпы фармуюцца вельмі доўгі час. І яны гэтаксама вельмі доўгі час разбураюцца. Але мы бачым, што людзі, якія прыходзяць да нас, прыводзяць новых людзей. І інфармацыя распаўсюджваецца натуральна як у нейкай сеткавай пірамідзе. То бок людзі гавораць адно аднаму пра нас, прыходзяць, размаўляюць з нашымі гасцямі. Зразумела, што гэта не мільённыя ахопы. Але ў канкрэтных людзей, якія прыходзяць, штосьці ў галаве мяняецца. Мяняецца стаўленне, яны больш думаюць, становяцца больш крытычнымі».

img_5366_1_logo.jpg


Пасля сур’ёзных размоваў, якія доўжыліся тры гадзіны, нарэшце надышоў час свята. З віншаваннямі, торцікам і музыкай «Жывая Бібліятэка» разам з гасцямі і чытачамі адзначыла сваё трохгоддзе.


«У нас ёсць розныя планы, — сказала Марына Штрахава. — Але адна з нашых мараў — гэта каб «Жывых бібліятэк» усё больш ставала ў рэгіёнах. Каб яны там умацоўваліся, каб з’яўляліся новыя каманды, жылі ва ўсё большай і большай колькасці гарадоў. Таму што ў Мінску нас ужо ведаюць. Мы вельмі часта ўпісаныя ў фестывалі, кудысьці нас клічуць, запрашаюць на вельмі розныя мерапрыемствы. І мы хочам, каб так было па ўсёй краіне».

Фота Марсал Хамнава