Адчынілася «Зямля пад белымі крыламі»
3 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі пад гукі нрацыянальных мелодый у выкананні ансамбля «Харошкі» і ў прысутнасці вялікай колькасці гасцей адбылося адкрыццё маштабнага праекту «Зямля пад белымі крыламі»
3 верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі пад гукі нрацыянальных мелодый у выкананні ансамбля «Харошкі» і ў прысутнасці вялікай колькасці гасцей адбылося адкрыццё
маштабнага праекту «Зямля пад белымі крыламі»
«Адбываецца вельмі значная культурная падзея», – заўважыў на адкрыцці экспазіцыі дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў. З яго словамі нельга не пагадзіцца: з перыяду 20
апошніх гадоў, часу адноўленай незалежнасці Беларусі, арганізатары адабралі 243 творы 148 мастакоў, якія працуюць у галіне жывапісу, скульптуры, графікі і ўжытковага мастацтва.
Экспануюцца працы як тытулаваных майстроў, так і таленавітай і ўжо па-майстэрску спелай моладзі. Найлепшыя творы з калекцыі музея і прыватных збораў занялі галерэю і залы першага паверха, часова
выцесніўшы жывапісныя работы Івана Хруцкага, якія гэтымі днямі накіраваліся ў Полацк.
Падобнай падзеі музейнае жыццё Беларусі, адзначылі знаўцы, не ведала з 1925 г., ад
1-й Усебеларускай мастацкай выставы, падрыхтаванай Інбелкультам з удзелам знакамітага Міколы Шчакаціхіна. Выстаўленыя тады творы Філіповіча, Кудрэвіча, Пэна, Станюты сёння складаюць гонар калекцый
вядучых музеяў краіны. Успамін пра пераемнасць ад часоў нацыянальнага ўздыму 1920-х гадоў падкрэсліў значнасць духоўных імпульсаў, якія мусіць абуджаць сённяшняя выстава. Як і яе назва, запазычаная
ва Ўладзіміра Караткевіча, на чым не не забыўся акцэнтаваць увагу прысутны на ўрачыстасці міністр культуры Павел Латушка. Прыгажосць бусліных крылаў і свабоду іх палёту як сімвал нашай краіны
ўвасобіў у сваіх працах старэйшына нацыянальнага мастацкага цэху Гаўрыіл Вашчанка, захапіўшы гэтым вобразам вялікага пісьменніка. Так нарадзіўся сімвал.
Да адкрыцця, што не зусім звыкла ў нашай практыцы, але лічыцца добрым тонам у сусветнай, выпушчаны каталог экспазіцыі, які прадставіў публіцы міністр.
Традыцыя павагі да нацыянальнай культуры аднаўляецца, – гэтыя словы прагучалі ў Нацыянальным мастацкім 3 верасня неаднаразова, выклікаючы спадзяванне на грунтоўнасць тэндэнцыі. «Мы
ўсё болей становімся цывілізаванымі людзьмі, бо шанаванне нацыянальных каштоўнасцяў, а мастацтва – адна з іх, як і гісторыя, мова, культура, – з'яўляецца прыкметай цывілізацыйнага
сталення нацыі», – заўважыў з гэтай нагоды намеснік старшыні Саюза мастакоў Рыгор Сітніца.
На працягу бліжэйшых чатырох месяцаў дадатковыя выставы ў рамках праекту пройдуць у абласных цэнтрах і на іншых выставачных пляцоўках сталіцы. Пра гэтыя падзеі і асноўную выставу падрабязней чытайце
на старонках “НЧ.