«Беларуская дыяспара ў Вялікабрытаніі — з’ява унікальная»
Як фарміравалася, чым была і чым ёсць сёння беларуская эміграцыя, у чым асаблівасці беларускага жыцця ў Вялікабрытаніі. Пра гэта і іншае распавядае напярэдадні прэзентацыі ў Лондане аўтар кнігі «Беларусы ў Вялікабрытаніі», гісторык Наталля Гардзіенка.
Як фарміравалася, чым была і чым ёсць сёння беларуская эміграцыя, у чым асаблівасці беларускага жыцця ў Вялікабрытаніі. Пра гэта і іншае распавядае напярэдадні прэзентацыі ў Лондане аўтар
кнігі «Беларусы ў Вялікабрытаніі», гісторык Наталля Гардзіенка.
— Ідэя напісання кнігі нарадзілася ў саміх брытанскіх беларусаў, і недзе ў 2003 годзе яны звярнуліся да ЗБС «Бацькаўшчына» з просьбай дапамагчы з пошукам аўтара. У той час
я працавала над кнігай пра беларускае жыццё ў Аўстраліі і, фактычна, толькі пачала цікавіцца гісторыяй беларускай эміграцыі. З 2005 года распачалася вялікая праца па вывучэнні архіву Згуртавання
беларусаў у Вялікабрытаніі (ЗБВБ), дакументаў Бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане і іншых матэрыялаў. І вось праз пяць гадоў нарэшце пабачыла свет кніга.
Працаваць над ёй было цікава і складана. З аднаго боку, матэрыялаў было даволі шмат, аднак, як аказалася, яны асвятлялі далёка не ўсе моманты беларускага жыцця ў Вялікабрытаніі. Давялося адмыслова
шукаць матэрыялы пра некаторыя арганізацыі, што не мелі непасрэднай сувязі з ЗБВБ, як, прыкладам, Беларускі Вызвольны Рух, Беларускі Вызвольны Фронт. Вельмі цікавілі мяне беларускія могілкі,
інфармацыю пра якія даводзілася шукаць спецыяльна. Не ўсё, што задумвалася ад пачатку, удалося рэалізаваць, бо насамрэч немагчыма аказалася ў адной кнізе распавесці пра ўсё. Па-за даследаваннем
засталіся некаторыя аспекты беларускага жыцця, якія яшчэ чакаюць вывучэння, і найперш уласна жыццё звычайных беларусаў у Брытаніі, іх досвед сацыяльнай адаптацыі, іх штодзённасць. Гэта вялікая і
сур’ёная тэма, вартая адмысловай увагі.
Мяне ўразіла колькасць і разнастайнасць беларуска-брытанскіх кантактаў да ХХ стагоддзя. Захаваліся сведчанні вандроўнікаў і дыпламатаў, адмысловыя беларускія выданні, што пабачылі свет у Лондане ў
ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Цікава было даведацца пра складанасці жыцця вялікай хвалі эканамічнай эміграцыі з беларускіх земляў на мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў, прадстаўнікі якой,
прыкладам, у Лондане сяліліся ў раёне порта.
Шмат цікавага звязана з паваеннай эміграцыяй: як з дзейнасцю ЗБВБ, яго рэгіянальных структураў, Беларускіх дамоў у Лондане, Манчэстэры і Брэдфардзе, гэтак і з працай іншых арганізацый.
Варта адзначыць Англа-Беларускае таварыства, заснаванае ў 1954 годзе супольна беларусамі і брытанцамі-арыстакратамі, з ініцыятывы якога святкаванні ўгодкаў абвяшчэння незалежнасці БНР рэгулярна
адбываліся ў Брытаніі на самым высокім узроўні, у тым ліку і ў Парламенце.
Унікальным праектам, які быў рэалізаваны ў Лондане, стала дзейнасць школы-інтэрната для хлопцаў імя Кірылы Тураўскага. Тут пад апекай Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў
1960–1970-х гадах жылі і навучаліся дзеці беларусаў. Хлопчыкі прыкладна ад 8 гадоў не толькі атрымоўвалі ўласна брытанскую адукацыю ў звычайных лонданскіх школах, але і вывучалі беларускую
літаратуру, гісторыю і мову, каб здаваць адмысловыя іспыты па беларускай мове на атэстат сталасці ў Лонданскім універсітэце.
Цікава было даведацца і пра дзейнасць спецыяльнай беларускай паштовай службы на пачатку 1970-х у часе паштовага страйку ў Вялікабрытаніі. Яна нават выпусціла серыю беларускіх марак.
Беларуская дыяспара ў Вялікабрытаніі — з’ява унікальная на Захадзе. Яна арганізацыйна стала афармляцца бадай што раней за іншыя пасляваенныя беларускія асяродкі ў свеце. Асноўнымі
рухавікамі грамадскага жыцця тут сталі не перамешчаныя асобы (Ды-Пі), а былыя вайскоўцы, жаўнеры Арміі Андэрса, і гэтая акалічнасць шмат у чым паўплывала на характар тых арганізацый, што ствараліся ў
Брытаніі беларусамі.
Цікавай асаблівасцю беларускага жыцця ў Брытаніі стала тое, што тут у пэўны час было даволі шмат будынкаў ва ўласнасці беларускіх арганізацый. Толькі ЗБВБ мела тры грамадскія дамы (у Лондане,
Манчэстэры і Брэдфардзе), свой дом у Лондане таксама некаторы час мела Хрысціянскае аб’яднанне беларускіх работнікаў, чатыры будынкі ў Паўночным Фінчлі складалі беларускі культурна-грамадскі
цэнтр пад апекай Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду. Тут размяшчаўся не толькі святарскі дом з капліцай, але і будынкі згаданага вышэй інтэрнату імя Кірылы Тураўскага, а таксама Беларускай
Бібліятэкі імя Ф. Скарыны. І гэта ўсё была менавіта грамадская беларуская ўласнасць у Вялікабрытаніі, якая выкарыстоўвалася на патрэбы арганізацый.
Важнай адметнасцю беларускага жыцця ў Брытаніі, мне здаецца, было тое, што нашы суайчыннікі здолелі тут не проста завязаць шчыльныя кантакты з брытанцамі, у тым ліку прадстаўнікамі арыстакратыі, але
і зацікавіць у вывучэнні беларускай літаратуры і гісторыі навукоўцаў. Вялікую ролю ў гэтым адыграла Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны, што стала цэнтрам прыцягнення беларусістаў з розных краінаў
свету.
Кнігу «Беларусы ў Вялікабрытаніі» можна набыць у наступных крамах:
- «Кнігарня пісьменніка», вул. Казлова, 2, тэл.: 2849061, www.pism.belkniga.by
- «Акадэмкніга», пр. Незалежнасці, 72, тэл.: 2920052
- «Кнігарня «Эўрыка», вул. Куйбышава, 75, тэл./факс: 2920067, www.evrica.belkniga.by«
- Сядзіба ТБМ, вул. Румянцава, 13, тэл.: 2848511, www.tbm.org
- Управа БНФ, вул. Варвашэні, 8, тэл.: 2133008, 2845012, www.pbnf.org
- «Дом книги «Знание», вул. К. Маркса, 36, тэл./факс: 2261090, www.znanie.belkniga.by
- КнігарняЎгалерэі, пр. Незалежнасці, 37А, тэл. 2906306, www.ygallery.by
- Крама «Подземка», пр. Незалежнасці, 43
Паводле прэс-службы ЗБС “Бацькаўшчына