Бураўкін, Гілевіч і Някляеў па-кітайску

Сёння — дзень памяці Генадзя Бураўкіна. Яго творы можна выкінуць са школьнай праграмы, але выкрасліць імя паэта з літаратуры немагчыма

33898813_995785597255512_103370529850785792_n.jpg


30 мая — дзень памяці Генадзя Бураўкіна. Напярэдадні жонка Генадзя Мікалаевіча Юлія Якаўлеўна паказала мне «Зборнік беларускіх песень», што летась выйшаў у Кітаі і які яна сёлета атрымала. Зборнік з нотамі і тэкстамі песень па-беларуску і ў перакладзе на кітайскую мову. Сярод аўтараў — М. Багдановіч, Я. Купала, Я. Колас, П. Броўка, К. Буйло, А. Дзеружынскі, А. Куляшоў, П. Панчанка, А. Русак, А. Ставер. Але дзіўна, вядома, не гэта, хоць гэта першае падобнае выданне за гісторыю беларуска-кітайскіх стасункаў. Дзіўна тое, што сярод больш як дваццаці аўтараў тут таксама прадстаўлены Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч і Уладзімір Някляеў.

33964661_995785840588821_3188240191886196736_n.jpg


Увогуле, у зборніку памерам у паўтары сотні старонак сабрана шмат добрага з таго, што створана беларускімі паэтамі і кампазітарамі: «Алеся», «Вераніка», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць» на музыку І. Лучанка, «Беларусачка» Ю. Семянякі, «Бывайце здаровы» І. Любана, «Слуцкія ткачыхі» У. Мулявіна, «Зорка Венера» на музыку З. Вайцюшкевіча, а таксама каля трох дзясяткаў народных песень, у тым ліку «Купалінка», «Ой, сівы конь бяжыць», «Перапёлачка», «Туман ярам», «Ой, рэчанька». І тут жа — Бураўкін з яго славутымі «Завірухай» і «Зачарованая мая», Гілевічавы «Вы шуміце, бярозы», «У бацькоўскім кутку», «Не пытайся, маці», Някляеў з «Замовай», «Світанкам» і «Гуляць — дык гуляць».
Зрэшты, калі па справядлівасці, то як жа іначай, калі гэтыя песні ведае Беларусь? Вядома, творы можна выкінуць са школьнай праграмы, але выкрасліць імя паэта з літаратуры немагчыма. Невыпадкова Барыс Святлоў, на той час міністр культуры, у вітальным слове, што адкрывае зборнік, згадаў вядомае: «Песня — душа народа». Народ даўно абраў у сваю песенную скарбонку песні ў тым ліку трох названых паэтаў. І гэта ніяк ужо не адмяніць. Беларуска-кітайскі зборнік, да яго гонару, толькі пацвярджае гэта.