Ці будзе ў беларускай музыцы свая Тэйлар Свіфт? Інтэрв'ю з культуролагам Максімам Жбанковым
Які рэцэпт поспеху Тэйлар Свіфт і ці ёсць магчымасць яго паўтарыць у артыстак з Беларусі? Як развіваецца музычная творчасць жанчын-беларусак? Распавядае культуролаг і журналіст Максім Жбанкоў.
Нядаўна я пачала вывучаць феномен самай яркай амерыканскай поп-выканаўцы. Надзвычайны музычны поспех, уплыў на рост амерыканскага ВУП і нават палітычная сіла — ёсць верагоднасць, што палітычныя меркаванні Тэйлар Свіфт пра Трампа і Байдэна могуць стаць вельмі важнымі для зыходу выбараў у ЗША. І так, вядома, я задумалася: а ці ёсць у нашай музычнай індустрыі выканаўцы, хто можа хаця б наблізіцца да поспеху Свіфт? Пра тое, як цяпер развіваецца музычная творчасць жанчын у Беларусі, Таццяна Ашуркевіч пагаварыла з вядомым беларускім культуролагам Максімам Жбанковым для «Цэнтра новых ідэй».
Максім Жбанкоў — журналіст, культуролаг, кінааналітык.
— У мяне як у чалавека, які разбіраецца ў беларускай музыцы на ўзроўні абывацеля, ёсць адчуванне, што цяпер яна знаходзіцца ў застоі. Давайце растлумачым, у якім яна стане?
— Тут трэба пачаць з таго, што гэтай размовы не можа быць без ацэнкі агульнага стану беларускай культуры. Цяпер мы кажам, што яна фактычна расколатая, рэпрэсаваная і жыве на два адрасы. А таму абмяркоўваць суцэльны сюжэт існавання беларускай музыкі не даводзіцца: яна хварэе разам з усёй культурай. І калі вы не чуеце аб новых выканаўцах або іх новай творчасці, то гэта значыць, што механізмы яе ўзнікнення сталі няпростымі і неадназначнымі. З творчасцю мы ў асноўным знаёмімся наўгад, выпадкова і слаба прадказальна. І гэта перашкаджае стварэнню і развіццю выразных аўтарскіх брэндаў, публічнай рэпутацыі, гісторый поспеху. Пра апошнія цяпер наогул казаць не даводзіцца.
— Гэта тое, што адбываецца з культурай пры цяперашняй сітуацыі, і наступствы гэтага зразумелыя. Але калі казаць пра развіццё індустрыі да падзей 2020 года, мне здаецца, у музыцы ў нас і тады не было гучных беларускіх імёнаў. Жанчын — у тым ліку. З чым гэта звязана?
— Жаночы сектар у музыцы існуе ўсюды, а вось буйныя поп-зоркі – далёка не ўсюды. Лакальныя культурныя аўтарытэты ў нас, безумоўна, ёсць, гэтым мы нічым не адрозніваемся ад глабальнай сістэмы поп-індустрыі. Але пры гэтым мы існуем у баку ад глабальных працэсаў: у нашай краіне практычна не адбылося культурнай рэвалюцыі пасля атрымання незалежнасці. Культурная прастора працягвае існаваць па прынцыпе савецкага аўтарытарнага ладу.
Артыстам, тым больш жанчынам, дасягнуць кар'еры, на якую яны маглі б разлічваць, у такіх умовах вельмі складана. Да таго ж пры аўтарытарным палітычным ладзе пануе брутальнасць і маскуліннасць: такія ўмовы проста не разлічаны на прадастаўленне роўных магчымасцяў актыўным, творчым і яркім жанчынам.
— Я разумею, што праблемы з жаночым самавыяўленнем сапраўды вялікія ў стэрэатыпна «мужчынскіх» сферах. Але я меркавала, што ў творчай індустрыі ўсё ідзе інакш…
— Не, і насамрэч гэта маркер стану ўсёй культуры: стаўленне да жанчыны — гэта адзін з паказчыкаў цывілізаванасці грамадства. І ў гэтым плане нам, вядома, трэба яшчэ доўга і пакутліва прарастаць скрозь асфальт і мачо-стайл. Вось менавіта таму, напрыклад, сваёй Тэйлар Свіфт сваёй у нас няма і быць не можа. Яна не проста ўнікальна таленавіты аўтар. Яна яшчэ і асоба, якая можа развівацца, таму што трапіла ў вельмі добра адбудаваную, складана ўладкованую сістэму прасоўвання. У выпадку Беларусі такое пакуль немагчыма.
— Атрымліваецца, калі мы гаворым пра змены ў музыцы, нам усё роўна прыйдзецца пачынаць з глабальнай перабудовы грамадства.
— Безумоўна. Нам патрэбна здаровая культура, з нармальнай ратацыяй аўтарытэтаў, з прасоўваннем новых талентаў, з адсутнасцю сэксізму. І ўсе гэтыя задачы, вядома, цяпер не стаяць на парадку дня. Варта памятаць, што цяпер мы існуем у сітуацыі міграцыйных уцёкаў крэатыўнага класа. Наша культурнае поле расколатае на лакальныя, індывідуальныя праекты. Ні пра якія нармальныя гісторыі поспеху казаць проста не прыходзіцца. Каб усё гэта неяк пачало працаваць, нам трэба сабраць сябе па аскепках у адзін вялікі культурны патэрн.
— Давайце ўявім, што заўтра ў нас усё рэзка мяняецца, у Беларусі надыходзіць дэмакратыя, і ў любой яркай жанчыны з'яўляецца магчымасць заявіць пра сябе. Хто ў нас можа стаць той самай Тэйлар Свіфт?
— Трэба разумець, што гэта размова не толькі пра палітычны лад, але яшчэ і пра набор базавых культурных архетыпаў, які робіць магчымасць стварыць рэзананснае супадзенне канкрэтных магчымасцяў выканаўцы і культурнага поля, якое гатова адгукнуцца на яе з'яўленне. Тэйлар Свіфт дазваляе быць ёю заходняе культурнае поле, у якім характар моцнай, энергічнай, яркай жанчыны не проста магчымы, а чаканы і захоплена прымаецца. Давайце з вамі зараз пагуляем: калі мы гаворым пра яркіх беларускіх поп-выканаўцаў, хто прыходзіць вам у галаву?
— Напэўна, Святлана Бень, Palina, Iva Sativa. Але яны, хутчэй, выключэнне, іх музыка нагадвае нейкі КУЛЬТУРНЫ актывізм.
— Жанчыны, якіх вы назвалі, — гэта тры нішавых персанажа. Пры ўсёй павазе да гэтых яркіх спявачак, іх нельга назваць народнымі гераінямі, яны — артысткі для такога «прасунутага» культурнага класа. Ці здольныя такія выканаўцы збіраць стадыёны? Я думаю, што не: цяпер у нас адсутнічаюць умовы для гэтага, а ў полі прафаннай увагі застаюцца кардонныя выканаўцы накшталт Ірыны Дарафеевай. Гэта значыць вельмі недалёкія, тупаватыя і найграна актыўныя тыпажы. Гэта культурны сэрвіс, які абслугоўвае ўладу.
І таму з аднаго боку, як вы заўважылі, у нас існуе нішавы КУЛЬТУРНЫ актывізм. А з іншага боку, ёсць вось гэты шумавы дзяржаўны мэйнстрым: ён па вызначэнні не тое што Тэйлар Свіфт, а нават новую Дарафееву спарадзіць не здольны. Гэты культурны псеўдапарадак і выштурхвае ў эміграцыю ўсе спробы самаабнаўлення.
Пры гэтым, што тычыцца жанчын, сапраўдная яркая суперзорка становіцца такой таму, што грамадства ёй гэта дазваляе. Я цяпер падумаў, што прыкладам нашай рэзананснай папулярнасці можа быць выпадак Маргарыты Ляўчук, калі вельмі адораная нішавая артыстка пераходзіць у жанр музычнага фельетона, свядома выходзіць на вельмі дзіўныя, на мой погляд, відэапраекты. І аказваецца, што так, пакуль мы гатовыя да вось да такога трэшу, нам трэба кабарэ. На гэтай мове мы яшчэ можам пагаварыць. А далей, дзе пачынаецца святла Бень, ужо ўзнікаюць праблемы – «а што яна сказаць хацела?», «а чаго яна такая змрочная?». Пакуль нам трэба, каб было весела. Творчасць вясёлай Марго — гэта такі смехавы адказ на катастрафічнасць нашай агульнай гісторыі апошніх гадоў. Калі нічога няма, застаецца проста іржаць.
— Наколькі наогул вялікі шанец таго, што пасля наступлення дэмакратычнай Беларусі ў нас адбудуцца і змены ў культуры, звязаныя з успрыманнем жанчын?
— Складанае пытанне. Самае бесталковае, што можа быць, асабліва ў нашай беларускай сітуацыі, гэта займацца прагнозамі. Я магу казаць толькі пра тое, што ў нас з'явяцца новыя выканаўцы, калі будзе трансфармавацца ўся сістэма архетыпаў, калі будуць мяняцца чаканні грамадства. Гэта працяглы працэс, ён займае не год і не два. За поспехам Тэйлар Свіфт стаіць уся гісторыя заходняга свету, уся культура папярэдніх эпох. І пакуль гэты культурны пласт, з якога можа вырасці новая суперзорка, суразмерная па маштабе, у нас вельмі тонкі. Яго трэба запасіць і назапашваць. І можа быць з часам у нас нешта атрымаецца.